2
адзінае магчымае імя было на “а”
і заканьчэньне ў яго было на “а”
а пасярод - слупы з перагародкай
такая арфаграфія мне не знаёма
і каб я лепш запомніла яе
ты прыкладаў мой голаў да слупа
каб слухала я ейнае імя
што стала для цябе сынонімам “каханьня”
я ж націскалася на “о”
таму зрабілася сынонімам “было”
на досьвідку прыйдзе бінтаваць маё сэрца
рудаю стужкай
сатканай з кудзерак анёлаў
што часамі сьпяць у трамваях
і сасьніўшы яблык раздора
хутчэй выбягаюць і нясуцца насустрач
самі ня ведаючы каму і навошта
у полі за ветрам гнацца
вось мая справа
бегчы і падаць
У птушак нянавісьці
Твой позірк
Яны крыламі хвастаюць па твары
Іхні шлях пралягае праз маё сэрца
Na pounač і ù advarotnym kirunku
I tak pry kožnym abdymku
I pry kožnym drugim pacalunku
і так бывае
што сьнег на носе ня тае
і хоць я тая
што цябе на стужку здымае
мы засынаем
ня з тымі
каго абдымем
у марах
і мне падасца што ўсё ня тое
а твае вусны прашэпчуць
у мой рот:
- наадварот
пішы пішы сваю прозу
пра тое што ружа на лапу азора
упала
пішы і не забывайся
сьмяецца той
хто ўмее сьмяяцца.
мне ня выкінуць жыцьця са слова сьмерць
як дзяўчыну з цела ўласнага мне ня выкінуць
запяклася на грудзёх маіх крывя
запяклася ды асыпалася
застыне лета кропляй мёду
над той радзімкаю што справа
каля яе нібы аправа
складуся зморшчынкаю я
каштану цьвёрдаму зямля
раскрые вусны як дзіцяці
каб у сябе глыбей схаваці
да трэцяга сакавіка
павяртаючыся да ўласнага спаталеньня
маю намер парушыць правіла
і напісаць словы нашыя разам
штотыкажашнічога
яксалатацудоўна
дзе адказ і дзе запыт
мне не істотна
у слоўнік жыцьцёвых цяжкасьцей
варта занесьці:
“Надзвычайная крохкасьць каханка,
і як яго песьціць”
недапабудаваны дом
дрэвы
досыць халодныя думкі
дзервянеюць толькі аднойчы
ўночы
калі моцы няма плакаць
ні каханьня ў мяне ані кар’еры
толькі завушніца ў вусе правым
ды адна ў левым
ні дачкі ня маю ані сына
крумкачоў у полі я чытаць вучыла
я бяз крыўды крыўда без мяне
кагосьці падзялілі
а мяне - не
3
калі ты дрэва
а вецер сышоў ад цябе
стаяць нерухома можна стагодзьдзямі
і што табе птушкі зь іх звонкімі песьнямі лета
калі ты
дрэва
ад якога сышоў вецер
то на лузе тваёй сукенкі
быць атручаным перасьпелым голасам
крыўды
расшпіліць да апошняга гузіка
чэрствасьць
і напоўніць сьпевамі рэха
грудзі
языком баваўняным
прадзетым праз тонкае вушка вуснаў
ты вышываеш на жываце маім
манаграму
куды мне спрачацца з жоўтымі сьлівамі
што растуць на тваёй радзіме
колер мой іншы
шукала белую радзімку ў стозе сена
а знайшла голку
Ісьці па асфальце ў ботах
і думаць пра мора
кратаючы вейкамі
ужо цёплую скуру ветра
спыніцца
і доўга выбіраць кветку
пад колер вачэй тваіх
ірыс
я бяздомныя рухі цела свайго
я бяздомныя рухі цела свайго напаткаю
у завані між караблёў п’яных
дзе павуціньнем разьвесілі кашаль
на дрэвах
аглохлых ад вачэй безьлічы
дзе шкарлупіньне на шкло налепла
мне - не адшкрэбсьці
і белая вусьцішнасьць
матыльком сядае на сьпіну
вольную ад крылаў ад крыкаў ад пацалункаў
мая свабода навыварат
пляце сабе кокан
і кожны з нас вусьцішнасьць
і кожны з нас паасобку
учора бачыў цябе ў небе
ты плыла нібы воблака
і я падумаў
шкада што я не вецер
каб заўважыць прыгажосьць тваіх вачэй
хопіць імгненьня
каб зразумець
- і вечнасьці мала
каб адчуць смак тваіх вуснаў
і пацалунку хопіць
а каб навучыцца чытаць па іх
- і мільярду замала
але кожны дзень
набліжае мяне да патаемнага.
Читать дальше