вусны звяжу на вузел
на самай мяжы твараў
каб той хто мяне чакае
шанец меў
не дачакацца
мужнасьць - гэта тварам
да пасажыраў
сесьці
у поўным тралейбусе
у 22.30
і не забыцца
што невызначальным
можа быць
ня толькі артыкль
Там, дзе пранізьліва грукае вецер у грудзі
І прымушае забыцца на цёплыя дотыкі жыта
Пакідаючы на рукох адзінае выйсьце -
Абдымаюць бясконцасьць за плечы
І
Вызваляюць словы ад інтанацыі
І
Дафніс больш не шукае Хлоі
Бо
Пенялопа даўно ўжо выйшла замуж
І
не істотна што на сьняданак выбраць
ты памятаеш толькі смак хлеба
якім
заядалі масьліны бяз костак
(хоць з косткамі мне падабаліся болей)
ты праглынаеш сьліну - нешта заклала вушы
гэта спачатку вусьціш
а потым яе так мала
і вуснамі сказ за сказам
па вуснах
ты счытваеш прагна
нішто не дарма
вычытаць гэты сьнег
да канца
каб ніводнай памылкі не засталося
калі будзе ён паміраць
наталяючы смагу эмансыпацыйнай зімы
вынесьці на палі птушак чырвоных
каб дзяўблі яны глебу што камянём застрае ў горле
і глытай не глытай
сінія вусны да жыцьця не вярнуць мне
або ня вернуць,
я - нескладовая перад націскам
а дакладней - назоўнік жаночага роду з асновай
на " г ”
і таму калі мяне праскланяць...
-дык Вы будзеце што-небудзь браць?
-..цукеркі...
множны лік мае свае перавагі
аднак ёсьць словы якія нельга пісаць разам
таму ў скрайніх выпадках я пішу сябе праз злучок
трымаючы пад паліто
букеты ружовых і жоўтых
мяккіх знакаў
каб паслабіць тваю цьвёрдасьць
але
ты не выключэньне
а я ня правіла
Не, мне ня цяжка
уявіць
цябе і статыстыку
цябе і тваіх суседзяў: жанчыну ў міні-спадніцы і
ейнага мужа - кіроўцу фуры
цябе і напаўсляпога сабаку
цябе і дзяўчыну што займаецца ёгай
цябе і мой ровар
цябе і басэйн
які ты так ня любіш
бо зусім ня ўмееш плаваць
а я ўмею
і таму крочу па мосьце
я баюся што ніякія вусны ня змогуць вярнуць мне
жаданьня
прачынацца з раніцы ў ложку ад таго
што анямела рука
бо яе пераціснула цяжарам іншага цела
а ты кажаш, безадказны мінэт.
паспрабуй мяне ўявіць
з мужчынам што крочыць па мосьце
у яго вочы майго дзядулі
мяне і цёплы абсэнт
мяне і зімовае мора
мяне і мае пакусаныя пальцы
мяне без цябе
ўся ў панядзелкавых абдымках
званю аўторку
ён моўчкі слухае і плача
яшчэ ня ведаю, што неба
хварэе на боткіна
і нам зь ім у палатах розных
ляжаць
і позіркам блукаць па столі
ня спаць
ў знак салідарнасьці
на волі
той чыё дыханьне казытала левае плячо
гуляе у маджонг да трэцяй ночы
паштовы голуб быў падстрэлены яшчэ ўвосень
на паляваньні дзікім дзікім ім
яна ж, якой ніколі не было, праіснавала амаль з
паўгода
на здымках, зробленых адчаем і маной,
там хтосьці ў доўгім паліто
мне дзьверы адамкнуў і разьвітаўся
“прабач” было не дастаткова
як і кахаць
патрэбны былі словы або сказы якіх я не пасьпела
нарадзіць
цяпер не нараджу ўжо ніколі
бо я
у больніцы
а ты
на волі
Дзяўчына
давайце рыхтавацца да выхаду
Навошта нам
наступныя станцыі
Нашыя грахі
пачынаюцца з гэтай
Чытайце Біблію
радок дванаццаты
Як, Вы Афелія, што чакае Гамлета?
Дайце зірнуць
у Вашыя вочы
У мяне таксама жыцьця рэзервацыя
З якой так
вырвацца хочацца
з такім каханьнем
каму яна трэба?
нейкаму Богу?
каб гадоў праз семдзесят
атрымаць павышэньне і анёлам лётаць
над горадам
душаў і целаў
грэшных?
у гэтай гульні козырам крыўда
толькі ў мяне
іншыя карты
хто на раздачы?
п’яны мача
тады
нясіце паболей ваты
якая будзе крычаць ад болю
замест мяне
фарбавацца ў колер
якому нават
макі на полі
схіляць
свае і чужыя
галовы
як неразношаны абутак
мне цісьне сэрца
і калі не ў памеры справа
тады ў чым
віно гарбата піва
часам кава
такая сынанімія дачканімія бяздзетнасьць і дзеці
па-за шлюбам не мае
я не магу казаць (як зручна што “х” і “з” так
блізка на клявіятуры)
і так ня блізка мы
і шыбеніцы будаўнічых кранаў
на іх штодня я адзіноту
вешаю сваю
(ты са сваёй спраўляйся залпам)
ў бязлюдным парку
буду гвалціць сум
падчас абедзенага перапынку
і
нават згубленая завушніца
не давядзе
што
злодзей гэта я
Читать дальше