У крылаў забыцця хапае прагі.
У крылаў памяці слабее ўзмах.
Сябе ахвотна паўтараюць сагі.
Віною прысягае грэх нявінны.
Старэюць, гледзячы на новы гмах,
За вечнасць маладзейшыя руіны.
Не ад самоты пасівеў палын,
Яго сівое полымя спаліла.
Гаркоты неразведзеная сіла
Настоіць сум завоблачных далін.
Вяртае палыновы пах з чужын
На сцежку, што сляды хадзіць вучыла,
Дзе вербіна нагнулася пахіла,
Каб цень паслаць знямозе на спачын.
Сівеюць валуны і завірухі.
Сівеюць Млечны і нявечны шлях.
Сівыя крушні крушацца ад скрухі.
Міжволі далячынь гарчыць пакорай.
Абнашчаны ўсяго зямнога прах
Галінкай палыноваю бадзёрай.
Вярнуць у незабытае сябе,
Забыцца на трымценне, на пакуты.
Пазнаць нанова кожны гук пачуты.
І быць абдзеленым на той дзяльбе,
Дзе доля дзеліць зерне на сяўбе.
Глынуць саманадзеянай атруты.
Так захмялець, каб траўнем здаўся люты,
І недавер даверыць варажбе.
Але вяртанне кпіць з сябе самога.
Чаканне зачакалася дарма.
Сустрэць блуканца выбегла дарога,
Ды заблудзіла ў сне за небасхілам.
І ты адчуеш, што цябе няма
Там, дзе туман астыў салодкім пылам.
Як гэты свет, як і сябе, хутчэй
Прыдумаў кожны сам сваё каханне.
Адчуўшы шэпту цёмнае дыханне,
Бяссонніцу спакушаных вачэй.
Страх замятаецца завеяй вей.
Грахі замольвае замілаванне,
Бяжыць, сябе не помнячы, спатканне,
I нецярпенне цвеліць салавей.
У пагасціны запрашаюць высі.
I кожны жарсць, як у далонях жар,
Нясе, не баючыся анячыся,
Сябе растрачваючы без астатку.
Урэшце тужыць сцюжа, чахне сквар.
I можна зноў ашуквацца. Спачатку.
І на зямлю, і ў сціхлую душу
Прыходзяць халады гаспадарамі
Пацешыцца халоднымі дарамі,
Перахапіць дыханне скавышу.
Плач завірухі ў цішыні ўвушшу
Не моўкне роспачнымі вечарамі.
Азябшы, рэха крадзецца дварамі
Пакрыўдзіцца сабе, як спарышу.
Цяплей спяшацца думкам на радзіму.
Смялей на белы свет глядзець імгле.
Падперці неба не цярпіцца дыму.
І святы йдуць марознаю хадою.
І трызніць лугам сена на стале.
І пахне снег багатай Калядою.
Ікона ў хаце мела кут святы,
Была заступніцай і гаспадыняй.
Як выступаў зімой на сценах іней,
Кунежыла дыханнем мілаты.
Ад першай да апошняе вярсты
Вяла душу далінай і пустыняй.
Над дамавінай – ненажэрнай скрыняй –
Нябачна зводзіла малітве ксты.
І давялося адхіснуцца ценю.
Імгненне, што дазволена было
Убачыцца нясквапнаму натхненню,
Адбілася, нібы на плашчаніцы.
І глянула нястомнае святло,
Каб летуценне выбавіць з пляніцы.
Сказаць мне слоў апошніх не змагла.
Я не пачуў, што гаварылі вочы.
А ў мамы позірк быў такі сірочы.
І шыбы сталі з матавага шкла.
І хату ўсю завалакла імгла.
І толькі чуўся ў садзе гвалт сарочы.
Прыйшлі, як і суседкі, тыя ночы,
З якімі доўга гутарку вяла.
Была хвароба прыжывалкай ціхай,
А не было каму падаць вады.
Быў вецер злы, агонь у печы з пыхай.
Смялела немач, немата панела.
Як некалі сустрэнемся, тады
Перапытаю, што сказаць хацела.
Прыходзіла Вялічка на сяло
З чырвоным яйкам, з белатварым сырам.
І сцежку, паднядзеленую жвірам,
Світанне лугам за руку вяло.
Іграла сонца, ажывала тло.
Свянцонка пахла злагадаю, змірам.
І ўсім малечым вачанятам шчырым
Прысмакаў досыць на стале было.
Расло святло, надзея ўваскрасала.
З душы ўцякалі недавер і змрок.
І песняў валачобнікам хапала.
І сніўся падарожжу сон далёкі.
І адвячорак позніўся знарок.
Ішлі па небе продкі, як аблокі.
Стаў весялейшы і святлейшы хлеў –
Лысоня ацялілася. Як свята,
Падзею гэту святкавала хата.
Малодзіва гарачы снег бялеў.
Мароз і той змяніў на літасць гнеў.
Спяшала хлеб у печ садзіць лапата.
Бычок на свет глядзеў дзівакавата,
Ці з радасці, ці з роспачы мычэў.
І доўга ўсмешкі ўсцешныя не гаслі.
Чакала кошка Найда малака.
Вячэралі смачнейшым сенам яслі.
Цыбуля плакала асірацела.
Турботаў гаманкая талака
З гаспадарамі разам маладзела.
Читать дальше