На хутары Верасовачка
У Чысты Чэцвер
Мама мяне будзіла
Памыцца бягучай вадой з крыніцы,
Што шчабятала ў валуна за спіной.
Памыцца, каб змыць
Пыл яшчэ негусты наіўных грахоў.
А за пагоркамі згорбленымі
У Ваўчэнскім возеры,
З якога ўцякала
З уначэлай вадою рэчка Крывуха,
Дзяцей сваіх купаў пан груган,
Каб іхная чарната блішчэла.
На Святое Вялічка да ўсходу сонца
Твар абмыць і прасырыць вочы
Стаяла з вадою міса,
А ў вадзе ляжала яечка чырвонае,
Каб, як сонейка, аблічча свяцілася.
Да ўсходу сонца памыцца,
Каб з сонцам разам
Клапаціцца ўвесь белы дзень
Не толькі з чыстай душою…
На Сёмуху мама на свет прыйшла,
На ўгодную Богу Тройцу.
Свет даў у пасаг
Маме локаць святла,
І лёс падшукаў закройцу.
Закройца глянуў:
Дый на хвартух
Пасагу ўсяго не хапае.
З-пад шустрых нажніцаў
Ластавак-шчабятух
Хусцінка выйшла скупая.
Хусцінка, выкраеная са святла,
І грэла, й свяціла ў змроку.
Да Сёмухі з ёй гаспадыня пайшла,
Каб выцерці вочы Прароку…
Уранні мама кажа мне:
– Сынок падласенькі ў Лысоні
Знайшоўся…
Бачыцца спрасоння
Цень круталобы на сцяне.
Было, здаецца, гэта сёння –
Снег і малодзіва,
На дне
Мядзянай конаўкі ільдзінкі,
І смех каляднае сцяжынкі,
Што заблукала ў снежыне…...
– Божанька! –
Мама на вуснах сваіх
Кунежыла ймя святое.
Божанька бачыўся мне
То шчодрым сяўцом
З лазовай сявенькай,
То хадаком сівенькім
У белай даўгой кашулі,
Падперазанай нетутэйшай пашанай
Паясом з кутасамі.
Ні гарачай жарствы,
Ні травы разучай
Не баяліся ногі босыя.
У руцэ хадака наўяў
Як не спяваў відушчы посах,
Вядома, з вушацкай ляшчыніны.
І перад посахам і хадаком
Свет увесь быў расчынены.
А змрок
Дрыжэў пад нябачным замком,
Як зарок…
– Відаць, я з лёдам разам пайду, –
Адчула мама адлегу.
І праганяла песняй бяду,
І сум, як малога, пялегавала.
Яшчэ далёка было да дня,
І лёду было багата.
І песня была
Пра зару й каня,
Пра свата была,
Пра свята.
Завея згубіла ў полі ймя,
Падкова здрадзіла полазу.
…Гарыць зара без полымя,
І плача конь без голасу…
Абнывае нябесная столь,
Зношваецца падлога зямная.
Ды ні ў спякоту,
Ні ў золь
Ніколі не затухае боль,
Які
Маркоту маміну ўспамінае.
Доля гарнулася да святла,
Не задзімаючы зорку-ўсхліпку.
Мама
Боль на душу ўзяла,
Сподзеў тужэй у тугу спавіла,
Маркотай завесіла зыбку.
Мяне калыхала ды ўпотай
Усміхалася
Разам з маркотай.
Дні без Мамы –
Яны не твае,
Іх табе напавер дае
Шчодры Бог,
Каб ты перад Мамай
Малітваю шчыраю самай
Пакаяцца мог
За ўсе грахі ды правіны,
Што цягнуць душу на дно.
Ды адно
Ты зразумець павінны –
Чым болей тваіх
Грахоў і правінаў,
Тым даўжэй цябе на зямлі
Бог пакінуў.
Не заікайся і кайся.
Не кажы, што няма калі.
Колькі трывання,
Прасі даравання.
Малі…
Схілілася нада мной святое,
Святам свянцонае
Маміна слова.
Недзе над Вечаллем,
Над Палатою
Сонца ўзыходзіла светлагалова.
Потым
Душу агарнула журбою
Ды варажбою
Купалава слова,
І наказала застацца сабою,
Каб беларусам –
Абавязкова!
Каб не пакінула
Наская сіла,
Іскры красала
Старанна падкова.
Маміна слова
Мяне пераксціла,
Багаславіла
Купалава слова.
Вада з балота можа стаць святой.
Растуць спакойна дрэвы на іконы.
I пацалунак безграхоўны той,
Якім цалуем маці й хлеб надзённы.
Гасподняй рукой
З невычэрпнай сяўні
Пасеянае ў бясконцасць зярняце
Прарастае,
Каб ясніць святло дабрыні,
Суперніца смерці —
Маці.
Вушацкае паданне
Яны сядзелі каля агню,
Кармілі галодны агонь ламаччам.
I сын раптоўна схапіў галаўню
I торкнуў, гарачую,
Ў вочы матчыны.
Агонь ні на што не зважаў,
Балюючы,
Ды стала светла аслеплай начы
Ад крыку матчынага балючага:
— Сыночак, рукі не абпячы!..
Читать дальше