За тое, што усё ж вясной крутой
Мы не папухлі,
дзякуй табе, шчаўе!
Уратавала нас
ты з «пышкай» той,
Што ў полі мы знаходзілі,
як шчасце!
I вось
(якраз у шчаўі мы былі)
Данёс «ура!»
нам вецер да балотца.
О як мы беглі —
па раллі, галлі —
Да зорачкі,
што ззяла на пілотцы!
Мы аж не верылі,
што ўжо i след
Прастыў той немчуры
i што шырока
Перад вачамі расхінула свет
Маленечкая зорачка
навокал.
А скрозь яшчэ гарэнілі дымы,
На печышчах садзіліся вароны.
І доўга выздараўлівалі мы
Ад той вайны —
жахлівейшай хваробы.
Хоць зарабляла маці працадні,
Хоць на жніве да вечара пацела.
Ды толькі замест хлеба
дзень пры дні
Нам палачкі насіла
Мы тыя палачкі
і так, і сяк
Круцілі
i, хоць ад бясхлеб'я млелі,
Ды што не прыдумлялі,
аніяк
Ix, выбачайце,
есці ўсё ж не ўмелі.
Шукалі мы па ржышчы каласка,
Альбо,
сабраўшы малачаю горку,
Зноў — кожны дзень — чакалі малака
Ад цёлкі,
што падбрыквала ў падворку.
Зноў суцяшала маці нас дарма
I ўсё, што здабывала дзе знячэўку,
Заўжды нам аддавала,
а сама
Хадзіла так —
аж высахла ўся ў шчэпку.
I вось у хмарах заяснела сінь,
Ад дум не спала маці:
ёй у горы
Нарэшце помач будзе —
большы сын
Сягоння едзе па навуку ў горад.
З пафарбаванай торбай за спіной,
У новых зрэбных портках пакачаных
Ішоў я нашай вулкай травяной
Ад гэтых нізкіх хат
у свет нязнаны.
Глядзелі ўслед мне стрэхі i платы,
Глядзелі моўчкі
нашай хаты вокны
(Як сёння, бачу там я збан пусты),
Глядзелі,
як самой надзеі вочы.
Шаптаў я клятву шчырую сабе
Надзею маткі спраўдзіць
i прывезці
Ёй са стыпендыі які рубель —
Хоць раз як след сястрычкам бы пад'есці.
Я кляўся й вам аддзячыць, землякі,
За вашу — хай зусім скупую — помач,
За тое,
што заўсёды ў час цяжкі
Былі вы —
ca сваёй спагадай —
побач.
Асіраціла многіх нас вайна.
Я помню твар суседскае дзяўчынкі,
Што нават быў блядней ад палатна,
I ручкі яе —
нібы чарацінкі...
Прамчала ў зоры чарада гадоў,
Знайшоў я хлеб, займеў імя паэта,
Ды толькі мой, з маленства ўзяты, доўг
Застаўся неаплочаным
дагэтуль.
Ён сёння нават большы, як калі.
Усім, што ёсць,
i ўсім, што яшчэ будзе,
Я абавязан маці i зямлі
I вам, вяскоўцы,—
вечнай працы людзі.
Нібы з зямлі, вы ў гэты свет ішлі,
I — у сваёй глушэчы —
толькі й зналі,
Што рвалі пні,
уходжвалі палі,
Аралі,
сеялі,
палолі,
жалі.
Не бачылі вы й свету прад сабой:
Еў пот вам вочы,
пёк сляпень ахвоча,
Ды ў поле зноў ішлі —
з кляцьбой, з мальбой —
Ад веку ў век,
ад ночы i да ночы.
Вас, ціхіх, вас, даверлівых, сляпых,
Заўсёды толькі ёрмы i чакалі,
Шмат ездзіў хто па вас — цярпі, цярпі! —
I ўсюды пасвіў вас бізун
вякамі.
Вы моўчкі неслі сваю скаргу ў дол —
Мой край,
ты быў, як камень, безгалосы.
Скрыпелі толькі сохі навакол,
Званілі толькі ў балацінах косы.
Ступіў цяпер век іншы да сяла —
Даўно струхнелі сохі,
i прасторы
Ад краю i да краю заняла
Сягоння песня новая —
маторы.
Ёсць хлеб у вас — яго вам даў не бог!
Ды жывяце вы ўжо
не толькі хлебам.
Вам трэба песня,
шырыня дарог
Ды вольнае, без бамбавозаў неба...
Да вас, ледзь хвіля вольная,
бягуць
Мае сцяжыны —
жытам, верасамі.
Як хораша ізноў тут сэрцам чуць
Мне вашу мову —
простую, як самі.
Прысяду каля цётак i дзядзькоў —
Пальецца рэчкай вольнаю гаворка.
Усё, што на душы ў землякоў,
Вазьму да сэрца —
горка ці не горка.
I тое, што ў Падзерах паплавы
Ўзараны «Сельгастэхнікай» не ўзорна,
I што ад хіміі,
замест травы,
Пчол гіне цьма —
«унь ля вуллёў аж чорна»,
Я слова кожнае злавіць спяшу,
Каб знаць, вяскоўцы, клопат ваш i жыцце.
Той клопат — ён i мой,
i я прашу:
Кажыце мне пра ўсё, як ёсць,
кажыце.
Запомню ўсё, нічога не міну:
Праслаўлю дзень наш — сонечную
птушку,
A раўнадушша, подласць i ману
Вазьму я на пяро,
нібы на мушку.
Для праўды чыстай, што без пазалот,
Я адчыню ў радках шырока дзверы.
Адно мне трэба:
думак вашых лёт
Адбіць, як ёсць, вяскоўцы,
на паперы.
Любое мае слова, кожны зык —
Усё ад вас
i ў вашу абарону.
Я — гэта ваша мова, ваш язык,
Нягучны хай,
ды верны вам
да скону.
Читать дальше