Ці плануюцца падобныя выданні? Выдатна, што Беларускі фонд культуры ажыццявіў выданне «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча на чатырох мовах. Значыць, ёсць магчымасць, ёсць досвед і ёсць патэнцыял у гэтым накірунку. Варта толькі пашырыць усё гэта, развіць, надаць болей сур’ёзную ўвагу. А мо ў тых ці іншых клопатах, ініцыятывах і аб’яднацца розным грамадскім, дзяржаўным і навуковым інстытутам?.. Важна, безумоўна, каб у стасунках з тымі ці іншымі літаратурамі былі генератары, свайго роду актывісты. Як, дарэчы, у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Выразны прыклад – руплівасць доктара філалагічных навук, прафесара БДУ Івана Аляксеевіча Чароты. Ён не толькі на беларускую перакладае паэзію і прозу літаратур народаў былой Югаславіі, але і робіць адваротныя пераклады – з беларускай на сербскую. Між іншым, і выхаванец беларускага літаратурнага асяроддзя – перакладчык беларускай прозы на нямецкую мову Уладзімір Чапега. Нядаўна, на вялікі жаль, ён пайшоў з жыцця. Такіх энтузіястаў знайсці няпроста. Яны самі прыходзяць у свет мастацтва.
Але варта шукаць апірышча ў асяродку іншамоўных літаратур. Хіба не змаглі б гэтаму паспрыяць нашы дыпламатычныя місіі ў іншых краінах? Няўжо культура, літаратура не павінна быць гэткім жа стратэгічным накірункам у іх рабоце, як і знешнеэканамічныя, гандлёвыя адносіны?.. Возьмем, напрыклад, такія вялікія краіны, як Бразілія (болей 202 мільёнаў жыхароў, мова – партугальская), В’етнам (насельніцтва – больш за 90 мільёнаў чалавек, некалі ў Беларусі актыўна перакладалі в’етнамскіх пісьменнікаў; асобным выданнем выйшаў «Турэмны дзённік» Хо Шы Міна, у В’етнаме ведаюць адну з вершаваных казак У. Караткевіча), Таіланд (67 мільёнаў жыхароў. Чаму б не параіць камусьці з тайскіх пісьменнікаў прачытаць, з разлікам на пераклад, Купалу і Багдановіча?), Бангладэш (на бенгальскай мове размаўляюць болей 142 мільёнаў чалавек), Мьянма (болей 60 мільёнаў чалавек гавораць на бірманскай мове)… Нашу літаратуру амаль не ведаюць у Афрыцы. Навошта, магчыма, спытаецеся вы, каб нас ведалі яшчэ і ў Афрыцы… А хаця б дзеля таго, каб нагадаць свету, што мы ёсць, што мы нечага вартыя, што наша мастацкае слова можа быць роўным у стасунках з іншымі нацыянальнымі літаратурамі.
Так, складана прыйсці ў краіны Азіі, Афрыкі, не ведаючы бірманскай, тайскай, в’етнамскай, малагасійскай, лаоскай, інданезійскай (у Інданезіі жыве больш за 237 мільёнаў чалавек, і там працуе беларуская амбасада!), бенгальскай, пушту, дары… Але і ў далёкіх краінах ведаюць калі не знаёмую нам рускую, то хаця б англійскую, французскую, партугальскую, іспанскую мовы. Масты братэрства з суседзямі – гэта добра. І іх варта ўсталёўваць і ўмацоўваць. Масты для паразумення з усім светам, уваходжання ў прастору іншых цывілізацый – відавочна, не меншая патрэба часу. І ніякімі адгаворкамі кшталту «а ці цікавая наша літаратура народу самой Беларусі» тут, пэўна, мы не апраўдаемся. Дарогі варта выбудоўваць у розных накірунках. Адзін з іх – засваенне сусветнай мастацкай прасторы. Усе магчымасці ў беларускага слова дзеля гэтага ёсць.
Да месца, дзе нарадзіліся…
2017 год будзе пазначаны як год вялікага юбілею беларускага кнігадрукавання. 1517 – пачатак, вытокі, звязаныя з імем першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, 1517 – дата выхаду ў свет першай друкаванай скарынаўскай кнігі. Так, Псалтыр выйшла ў свет 6 жніўня 1517 г. За апошнія дзесяцігоддзі скарыназнаўства набыло самыя шырокія абсягі. Шырока адзначаліся юбілеі беларускага кнігадрукавання, юбілей самога Ф. Скарыны. Шмат зроблена дзеля мемарыялізацыі памяці слаўнага сына зямлі беларускай. У нашай дзяржаве існуюць узнагароды – медаль Ф. Скарыны і ордэн Ф. Скарыны. Несумненна, на высокім дзяржаўным узроўні, з шырокім удзелам грамадскасці будзе адзначана і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў 2017-м… Відавочна, сваё новае слова пра першадрукара і легендарнага асветніка скажуць паэты, празаікі, жывапісцы, графікі… Мо будуць перавыдадзены мастацкія і мастацка-публіцыстычныя даследаванні ранейшых дзесяцігоддзяў.
Але ж самога Францыска Скарыну шырэй павінен ведаць і ўвесь свет. Чаму б не выдаць на мовах народаў свету адзін з невялікіх тэкстаў асветніка?.. Дарэчы, такую ідэю ўжо агучвалі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт Алесь Разанаў (яшчэ ў яго кнізе «Адраджэнне» (Мінск, 1970) змешчаны скарынаўскі верш «Радзіме»), паэт, публіцыст і перакладчык Сяргей Панізнік (яго паэтычная далучанасць да вобраза
Читать дальше