М. Багдановіч параўноўвае творцаў са стаўкамі. Адзін ставок перапаўняецца вадой, і калі «з яго выбежыць лішак, дык далей вада не бяжыць». Калі ж вада прарве плаціну — «сохне няшчасны ставок», бо з яго выбеглі «апошнія хвалі».
З паэтамі так жа бывае:
Адзін дае людзям ізлішкі,
Другі ўсё, што мае.
Прыгадаем біблейскую прытчу пра ахвяраванні на Храм багацеем і няшчаснай удавой. Павучаючы сваіх вучняў, Ісус Хрыстос даводзіў, што намнога большым было ахвяраванне ўдавы, бо яна адцала апошняе, што мела, а багацей — лішняе з таго, што меў…
Без астатку ўсяго сябе і «апошні свой скарб» прысвяціў Багдановіч «краіне-браначцы» і свайму народу. Яго жыццё — адказ на Купалава пытанне, «якім быць трэба зямлі забытай песняру?». Філасофская думка У. Караткевіча, што, «як ёсць у народа такія, — не загіне давеку народ!» — глыбокая і аптымістычная.
«Колькі талентаў звялося…» (ЯКУБ КОЛАС)
Гора вам, што будуеце грабніцы прарокам, якіх пабілі бацькі вашыя;
Гэтым вы сведчыце пра справы бацькоў вашых і згаджаецеся з імі; бо яны пабівалі прарокаў, а вы будуеце ім грабніцы.
З Евангелля ад Лукі.
Выключна ўсе вершы М. Багдановіча глыбока філасофскія па сіле абагульнення і мастацкасці выяўлення думак. Аднак адзін з апошніх яго твораў — «Страцім-лебедзь» асабліва ўражвае глыбінёй філасофскай думкі і трывожным паэтавым усведамленнем. Усведамленнем таго, што ў часы катаклізмаў, войн, эпідэмій, стыхійных бедстваў гінуць (і ў тым найпершая трагедыя народаў) самыя лепшыя, самыя гордыя, самыя таленавітыя, самыя любімыя — вынішчаецца генафонд нацыі. Вынішчаецца яшчэ і таму, што самыя дужыя першымі прымаюць на сябе ўдар, устаюць, як вобразна сказаў У. Караткевіч у вершы «Багдановічу», «на лютую сечу, бітву вечную сонца і хмар, узваліўшы на юныя плечы Святагораў народны цяжар». Выяўленню філасофскай думкі верша спрыяе зноў жа біблейская рэмінісцэнцыя на ўзроўні сюжэта пра сусветны патоп і Ноеў каўчэг, а таксама кампазіцыйна выдзеленая паэтам выснова:
Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных — Страцімавых.
Геапалітычнае становішча нашай краіны такое, што «тут схадзіліся плямёны спрэчкі сілаю канчаць». Да прыкладу, жахі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у другой палове XVII ст. апісаў Г. Сянкевіч у рамане «Патоп» у адпаведнасці з гістарычнай праўдай. Гады той вайны вобразна параўноўвалі з патопам: і вайна, і выкліканыя ёю голад і эпідэміі звялі на той свет палову (!) беларускага насельніцтва. I колькі знішчана людзей, столькі звялося талентаў, бо кожнае чалавечае жыццё непаўторнае, бо кожнаму ад прыроды дадзены пэўны талент. А пасляваеннае ліхалецце! Набірала пыхі і моды непазбежнае пасля шматгадовых войнаў невуцтва, разлютаваліся норавы, уступіла ў сілу, у свае «законный» правы помслівасць. Нішто так не разбэшчвае людзей, як злачынная ўлада і войны. Дзве вайны дваццатага стагоддзя таксама вынішчалі асноўнае наша багацце — таленты. Колькі іх, таленавітых, што, як і Страцім-лебедзь, не пакінулі пасля сябе патомкаў!
Але то — войны. Беларускі народ, як вядома, напакутаваўся ў іх больш за ўсе народы. I ўсё ж мала якой людской супольнасці пашчасціла зусім не зведаць жахаў вайны. Аднак у гісторыі нашага народа ёсць такі перыяд і такая трагедыя, аналагаў якой няма ў гісторыі чалавецтва, — сталінскі генацыд. Беларусы ў ліку тых народаў, па якіх сякера гэтай навалы прайшлася асабліва бязлітасна. Больш за два дзесяткі гадоў насілася па нашай краіне дзікае паляванне на ўвесь народ, але найперш на самых таленавітых — на нашых Багацькаў. Машына таталітарнай сістэмы паступова набірала абароты і кацілася да мілітарызацыі і гулагізацыі ўсяго жыцця.
Ужо ў 1930 г. было арыштавана 86 нашых пісьменнікаў і вучоных, у тым ліку В. Ластоўскі, С. Некрашэвіч… Адна за адной фабрыкаваліся справы. На чале міфічнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» шчырым служакам таталітарнай сістэмы трэба было «паставіць» самага ўплывовага, самага аўтарытэтнага чалавека, каб справа атрымалася гучнай, эфектнай і адначасова сваімі маштабамі наводзіла жах на ўсіх астатніх. Выбар паў на Янку Купалу, які, паводле даносу тагачаснага сакратара ЦК КП(б) Б. Гея, «з'яўляўся ідэйным цэнтрам нацдэмаўскай контррэвалюцыі, што знайшло адлюстраванне і ў яго творчасці». Вярнуўшыся дадому пасля чарговага допыту, не даўшы магчымасці органам ДПУ справакаваць сябе, Янка Купала ў лістападзе 1930 г. зрабіў спробу самагубства.
Читать дальше