Народ змарнеўшы таго краю
Свайго нат імені не знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на свеце і канаў.
Прарок — пасол святла — «прарочым голасам сваім» паклікаў людзей за сабой:
Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон…
…За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
I знаю, што было, што будзе,
I вас у крыўду не аддам.
Найбольшага напружання сюжэт дасягае ў самым канцы. Апошнія радкі, што ўяўляюць сабой адказ, якога прарок чакаў «з трывогаю вялікай», — адначасова і развязка:
Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
Біблейская думка, што «няма прарокаў у сваёй Айчыне», узмацняецца Купалавай трывогай за свой народ, яго будучыню.
I ўсё-такі прарок, як даводзіць паэт ва ўсіх сваіх вершах, не павінен адчайвадца, нават калі пачуе такі адказ народа. Уся паэзія Купалы быццам доказ закону вечнасці, што жыццё чалавека (і прарока таксама) — гэта бясконцы ланцуг спроб. I перамога вызначаецца выніковасцю хаця б адной з мноства няўдалых спроб. Калі ўдалай акажацца хаця б адна з іх — ёсць шанс здзяйсняць іх зноў і зноў. Зноў і зноў прарок Купала робіць спробу і стукаецца ў сэрцы беларусаў, у якіх верыць («у народ і край свой толькі веру і веру ў самаго сябе»), што прачнуцца: «До спаць! Паўстаньцеграмадою…»
У творчасці Купалы ёсць нямала вершаў, у якіх ён дае адказ і на пытанне, якой жа павінна быць паэзія, якім павінна быць слова прарока, каб унесці «болей прасвету» ў душы людскія, каб у адказ на заклік прарока не спыталіся, колькі чырвонцаў ён дасць, калі пойдуць за ім.
«Песню стварыці ясну, як неба», на думку паэта, можна толькі тады, калі пясняр здолее «з цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця!». Гэтыя Купалавы словы сталі крылатымі, сталі дэвізам кожнага творцы, які марыць дасягнуць вяршыні — быць не па званні, а па сутнасці сваёй народным. Праз выяўленне самага жаданага, запаветнага («гэткай шукаю цэлы век чэсці, гэта адно мне падпорай жыцця») паэт сказаў пра агульначалавечае і вызначальнае ў творчасці кожнага паэта.
Верш «Мая навука» — навука для ўсіх, хто марыць «з цэлым народам гутарку весці» — быць народным. Гэта «школа» сакрэтаў, пісьменніцкая «майстэрня». У гэтым вершы Купала шчодра дзеліцца з усімі сваёй мудрасцю і адказвае на пытанне, што яшчэ акрамя дару (дар, як вядома, ніякаму вытлумачэнню не падцаецца) неабходна песняру, каб яго слова «болей прасвету ў душу» ўнясло. Сіла песняра ў любові да народа, у веданні яго жыцця і найперш — яго мовы, матчынай мовы: «наўчыўся я слоў беларускіх ад маці». А «дум беларускіх» спасцігнуць ні ў якой школе і ні ў якой «мудрасці кніжнай» немагчыма — «настаўнікам быў беларускі абшар», «душу акрылялі прыгожасці свету…». Што ні радок, што ні слова, то вобраз! Валадаром беларускай песні, на думку Купалы, можа стаць толькі той творца, які ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе. Крыніцай творчасці і натхнення для народнага паэта з'яўляюцца створаныя народам духоўныя каштоўнасці, жыццё народа, неруш матчынай мовы, прырода.
I М. Багдановіч ускладаў вялікую надзею на творцаў і песняроў, адводзіў ім галоўную ролю ў фарміраванні духоўнасці народа. Нават сімвалічна, што самы першы яго твор «Музыка» пра ролю музыкі і сілу яго дару. Верш «Песняру» напісаны ў форме звароту і шчырай даверлівай размовы з таварышамі па пяру. Гэта своеасаблівы наказ і напамін пра тое, што матывам дзейнасці творцы павінна быць не прага славы, не спадзеў на тое, што «напісанае застанецца» і зробіць яго неўміручым, а імкненне ўздзейнічаць на сэрцы людзей, высекчы «іскры з халодных каменняў»:
Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цвёрдыя, быццам з камення.
Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Не збудзіўшы святога сумлення.
Збудзіць святое сумленне, дапамагчы свайму народу парваць «духа путы», каб «ясны дзень да нас» наблізіўся, зможа той пясняр, даводзіць Багдановіч, які не толькі клапоціцца пра тэхніку свайго «гібкага верша», але ўсяго сябе без астатку прысвяціў народу. Верш «Бывае, вада перапоўніць…» кранае нас не толыгі лірызмам і адлюстраванай у ім асабістай трагедыяй паэта: «Я гэткі: пяю я з надтрэснутым сэрцам, апошні свой скарб аддаю». Верш здзіўляе і захапляе як факт мастацтва. У ім выявілася адметнасць стылю паэта М. Багдановіча: асацыятыўнасць, схільнасць да філасофскіх абагульненняў праз вобразы і біблейскія рэмінісцэнцыі.
Читать дальше