…Хадзілі мужыкі па свеце ў пошуках шчасця і прыйшлі ў чароўны край азёр і лясоў. Стаміліся, прылеглі адпачыць і прачнуліся ад нейкай дзівоснай музыкі, што лілася немаведама адкуль. Кінуцца ў адзін бок — нідзе нікога, у другі — таксама ні душы.
Адзін кажа: «Можа, гэта здань?»
Другі кажа: «Мо трава спявае?»
Толькі трэці, прылажыўшы вуха,
Кажа: «Браткі! Тут зямля такая!»
Сапраўдным гімнам роднаму краю, яго красе і багаццям, галоўнае з якіх — таленты, з'яўляецца пафасны верш П. Панчанкі «Край паэтаў». I сама назва, і ўвесь гэты вялікі памерам верш уяўляюць сабой перыфразы. Гэта верш-загадка, мастацкае, вобразнае, узнёслае і пафаснае апісанне Беларусі, хоць аўтар і ні разу не ўжыў слова «Беларусь». Што ні радок — то метафара. Выключная рытмічнасць, мажорнасць верша дасягаецца анафарай «там» і анафарычнай будовай сказаў.
Парадаксальна тое, што ў такім пафасным, экспрэсіўным вершы выкарыстоўваюцца фразеалагізмы, эўфемізмы, выразы тыпу: «сто разоў цалуюць там і яшчэ трошкі»; «бо красуня перад ім не задаецца»; «там зубрыная гарэлка прадаецца»; «выдаўцы там не бяруць у рот ні кроплі». Усё пералічанае надае твору адначасова і гумарыстычнае гучанне. Валадарства гумару вялікае, і ў тым пераконваешся, чытаючы таленавіты верш П. Панчанкі. Спалучыўшы, на першы погляд, неспалучальнае, паэт дасягае найбольшага эстэтычнага і эмацыянальнага ўздзеяння на чытача.
Беларуская зямля — краіна талентаў. Гістарычна так склалася, што беларусу даводзілі, быццам ён ні на што высокае не здатны і можа толькі быць «панам сахі і касы». Сцвярджэнню таленавітасці беларускага народа прысвячаецца многа дасканалых у мастацкіх адносінах твораў: паэмы Янкі Купалы «Курган», Якуба Коласа «Сымон-музыка», аповесць Змітрака Бядулі «Салавей». У шэрагу лепшых твораў пра ролю і прызначэнне мастака і мастацтва — паэма Максіма Танка «Люцыян Таполя». Галоўны герой паэмы — моцная, выключная асоба, надзеленая такім незвычайным дарам, што пад яго рукамі «ажывала нават нежывое, немагчымае рабілася магчымым: гнуўся камень, а з звычайнай цэглы, быццам з бронзы, паўставалі здані». Герой уступае ў канфлікт з абставінамі і не гіне, як гэтага вымагаюць законы жанру паэмы, а выйграе бітву са злом.
Такое наватарскае вырашэнне канфлікту выяўляе філасофскую думку пра бяссмерце народа, пра сілу мастацтва ў барацьбе за разняволенне.
Легендарным сюжэтам паэмы пра далёкае мінулае, калі царква мела неабмежаваную ўладу над чалавекам, а ад творцы патрабавала выканання сацыяльнага заказу, вобразам Люцыяна Таполі Танк сцвярджае думку пра бяссмерце таленту народа. Паэт даводзіць, што народнае мастацтва — сіла, якой можна не толькі змагацца з крыўдзіцелямі, але і перамагаць іх.
Лёс быў і літасцівы да нашай Маці Беларусі, калі ў 1882 г. паслаў невымоўнаму народу адразу двух прарокаў, двух песняроў — рамантыка і рэаліста. Такія розныя, але аднолькава вартыя свайго народа, яны з'явіліся «сярод цемры і мук», каб беларусы маглі іх голасам «на свет цэлы» сказаць пра сваё жаданне і права «людзьмі звацца».
Міншчына — край паэтаў. Вязынка, як і Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне, — таксама «куточак запаветны», дарагі сэрцу кожнага беларуса. Вязынка — калыска Купалавай паэзіі, месца, дзе ў ноч на Івана Купалу з'явіўся на свет чалавек, што стаў уладаром беларускай песні. Быццам знак зямлі і неба, каб беларусы не гнулі плеч, каб узнялі галовы, каб усталі і пайшлі шукаць папараць-кветку.
Многія творы Янкі Купалы на тэму паэта і паэзіі напісаны ў форме звароту да калег-песняроў. Яны — наказ і запавет творцам.
Верш «Песняру-беларусу» і пачынаецца з праблемнага пытання: Пытаеш ты, якім быць трэба Зямлі забытай песняру?
Адказ на пытанне — у многіх вершах паэта. I ўсё ж вызначальным у гэтым плане з'яўляецца верш «Прарок». У самой назве — адказ. Прарокам для свайго народа павінен быць пясняр. Дар, якім ён валодае, адкрывае яму такія далягляды, што іншым не бачацца, ён разумее тое, чаго іншыя не разумеюць. I, як сцвярджае У. Някляеў паэмай «Прошча», ён павінен папярэдзіць усіх, «дзе патоп, дзе пажар, дзе вораг на межах». Біблейскія рэмінісцэнцыі ў вершы «Прарок» відавочныя: і на ўзроўні вобраза, і на ўзроўні філасофскай думкі. Верш эпічны, у аснове сюжэта яго — вандроўка прарока:
Ішоў прарок пясчанай сцежкай
З навукай новаю к людзям.
Многіх на сваім шляху ён навучыў, многіх папярэдзіў, многім дапамог і дасяг зямлі, дзе «царства цемры панавала»:
Читать дальше