У адрозненне ад большасці маракоў, што, як і ён сам, доўга хадзілі ў падначаленых, ён не меў таго глыбокага страху да новых завядзёнак і тае руціннае свядомасці, якую яны занадта часта захоўваюць і на вышэйшых пасадах. Наадварот, капітан Леду першы параіў судаўладальніку выкарыстоўваць жалезныя скрыні на захаванне вады; на ягоным караблі кайданы і ланцугі, якіх на нявольніцкіх судзінах заўжды мноства, былі зроблены паводле найноўшае сістэмы і заўсёды шчодра змазаны ад ржавення. Але найбольшую славу сярод гандляроў рабамі прынесла яму пабудова карабля, якою ён кіраваў асабіста. Гэта была лёгкая судзіна пад ветразямі, вузкая і доўгая, як ваенны карабель, але здольная змясціць вялізную колькасць неграў. Ён назваў яе «Надзея». Прастору паміж палубамі, вузкую і з увагнутымі бакамі, ён загадаў зрабіць усяго на тры футы чатыры цалі вышыні, бо лічыў, што такія памеры дазволяць неграм сярэдняга росту ўтульна сядзець, а ўставаць, дык нашто ім? «Прыедуць у калоніі, там настаяцца аж занадта»,— казаў Леду. Негры сядзелі двума радамі спінаю да бартоў, між імі заставаўся пусты прамежак, па якім на іншых нявольніцкіх караблях яны маглі хадзіць. Леду прыдумаў размясціць у гэтым прамежку іншых неграў, якія ляжалі перпендыкулярна да першых. Такім чынам ягоны карабель змяшчаў на дзесятак неграў болей, чым любы іншы такога самага танажу. Пры патрэбе можна было б размясціць і болей, але трэба ж быць чалавечным і пакінуць на аднаго нявольніка, прынамсі, пяць футаў даўжыні і два шырыні, каб ён мог варушыцца падчас тых шасці ці нават болей тыдняў падарожжа. «Бо, зрэшты,— казаў Леду гаспадару судзіны, каб апраўдаць гэтую ліберальную меру,— негры, апрача ўсяго, такія самыя людзі, як і белыя».
«Надзея» выйшла з Нанта ў пятніцу, як заўважылі забабонныя людзі. Інспектары, што правяралі карабель, не знайшлі шасці вялікіх скрыняў, поўных ланцугоў і кайданоў, гэтых жалязякаў, якія невядома чаму завуцца «бярвеннямі справядлівасці». Іх не здзівіў і вялізны запас вады, хоць, згодна з дакументамі, «Надзея» ішла толькі ў Сенегал, каб закупіць там дрэва і слановую косць. Шлях, праўда, недалёкі, але, зрэшты, лішнія перасцярогі нікому не шкодзяць. А калі карабель захопіць бязветра, што рабіць без вады?
Такім чынам, «Надзея» выйшла ў пятніцу, маючы добры запас усяго неабходнага. Леду хацеў бы, каб мачты былі больш трывалыя, але пакуль ён камандаваў караблём, яму не выпадала нагоды на іх скардзіцца. «Надзея» шчасліва і хутка дасягнула ўзбярэжжа Афрыкі. Карабель стаў на якар на рацэ Жааль (калі я не блытаю) у той час, калі англійскія крэйсеры не сачылі за гэтаю часткаю ўзбярэжжа. На карабель адразу ж заявіліся пасярэднікі. Момант быў неверагодна спрыяльны: Таманго, славуты ваяўнік і гандляр людзьмі, нядаўна прыгнаў на бераг безліч рабоў і аддаваў іх танна, упэўнены, што знойдзе сілы і сродкі зноў хутка забяспечыць гандаль, пасля таго як прадасць прыгнаных рабоў.
Капітан Леду пераправіўся на бераг ракі і наведаў Таманго. Той сядзеў у саламяным будане, спешліва для яго збудаваным, разам з дзвюма сваімі жонкамі, памочнікамі і паганятымі рабоў. Да прыезду белага капітана Таманго раскошна апрануўся. На ім быў стары сіні вайсковы фрэнч, на якім яшчэ трымаліся капральскія нашыўкі, а з кожнага плечука звісала па два залатыя эпалеты, прышпіленыя на адзін гузік, адзін спераду, другі ззаду.
Кашулі ён не меў, фрэнч быў закароткі для чалавека ягонага росту, і паміж белым краем вопраткі і порткамі з гвінейскага палатна відаць была паласа чорнае скуры, што нагадвала шырокі пояс. Доўгая кавалерыйская шабля вісела пры баку на вяроўцы, а ў руцэ ён трымаў доўгую дубальтоўку англійскага вырабу. Убраны такім чынам, афрыканскі ваяўнік лічыў сябе элегантнейшым за самага дасканалага модніка з Парыжа ці Лондана.
Капітан Леду пэўны час моўчкі пазіраў на яго, а Таманго, выпрастаўшыся, нібы грэнадзёр, які праходзіць агляд перад замежным генералам, цешыўся з уражання, што, як яму здавалася, ён зрабіў на белага. Спрактыкаваным вокам агледзеўшы яго, Леду павярнуўся да свайго намесніка і сказаў: «Калі б вось гэтага дзецюка давезці цэлага і здаровага на Марцініку, я б узяў за яго там, прынамсі, тысячу экю».
Усе селі, і адзін матрос, што трохі ведаў ялофскую мову [11] Ялофская мова — мова народа, што жыве ў Сенегале. С. 28. «Сіцылійская вячэра» — трагедыя Казіміра Дэлавіня (1793—1843), прэм’ера якой адбылася ў 1819 годзе.
, узяўся перакладаць. Пасля першых ветлівых прывітанняў юнга ўнёс скрыню гарэлкі. Усе выпілі, і капітан, каб залагодзіць Таманго, паднёс яму прыгожую медную парахаўніцу, аздобленую разьблёным партрэтам Напалеона. Дарунак быў прыняты з належнаю ўдзячнасцю, потым усе выйшлі з будана, селі ў цяні, прыхапіўшы пляшкі гарэлкі, і Таманго даў знак прывесці рабоў, якіх ён меўся прадаваць.
Читать дальше