Але Фартуната ўвесь час усміхаўся.
— Мой бацька - Матэа Фальконэ, - сказаў ён напышліва.
— А ведаеш ты, круцель малы, што я магу завезці цябе ў Корту альбо і ў Бастыю. Будзеш там спаць у астрозе на саломе з жалезамі на нагах, а я ўжо пастараюся, каб табе адсеклі галаву, калі не скажаш, дзе Джанэта Санп'ера.
Хлопец зарагатаў з гэтае смеху вартае пагрозы і паўтарыў:
— Мой бацька - Матэа Фальконэ!
— Сяржант, - ціхенька сказаў адзін вальтыжор, - давайце не будзем сварыцца з Матэа.
Гамба быў відавочна заклапочаны. Ён ціха гутарыў з салдатам, што ўжо агледзелі хату Матэа. Гэта была нядоўгая справа, бо карсіканская халупа складаецца з аднаго квадратнага пакоя. З мэблі ў ёй ёсць стол, лавы, скрыні, паляўнічыя прылады і кухонны посуд. Тым часам Фартуната гладзіў кошку і, здавалася, хітра цешыўся з канфузіі вальтыжораў і свайго дзядзькі.
Адзін салдат падышоў да стога. Ён убачыў кошку, абы-як пырнуў штыхом сена і паціснуў плячыма, нібы адчуваючы, што гэтая перасцярога выглядае смешна. Нічога не зварухнулася, а ў хлопчыка на твары не выявілася аніякага пачуцця.
Сяржанту і ягонаму атраду пачала надакучваць гэтая справа, яны ўжо сур'ёзна пазіралі ў бок даліны, нібы намерваючыся вярнуцца туды, адкуль прыйшлі. І тут сяржант, пераканаўшыся, што пагрозамі сына Фальконэ не напалохаеш, вырашыў зрабіць апошняе намаганне і паспытаць сілу ўгавораў і дарункаў.
— Пляменнічак, ты, відаць, спрытны малец. Ты далёка пойдзеш. Але ты выкінуў са мною кепскую штучку, каб я не баяўся засмуціць майго кузэна Матэа, дальбог, я забраў бы цябе.
— Ого!
— Але, калі ён вернецца, я яму ўсё раскажу, і ён табе добра ўваліць за хлусню.
— Тады й пабачым!
— Пабачыш... але слухай... ты ж добры хлопец, а я табе нешта дам.
— А я, дзядзечка, дам вам параду: калі вы яшчэ тут забавіцеся, Джанэта ўцячэ ў макі, і спатрэбіцца нямала такіх малойцаў, як вы, каб яго там знайсці.
Сяржант выцягнуў з кішэні срэбны гадзіннік, што каштаваў добрых дзесяць экю, і, убачыўшы, як заззялі Фартунатавы вочы, сказаў, трымаючы гадзіннік за канец сталёвага ланцужка:
— О, бэйбус, ты б хацеў пачапіць такі гадзіннік на камізэльку, ты б гуляў па вуліцах Порта-Век'я ганарліва, бы паўлін, а людзі б пыталіся: «Каторая гадзіна?». А ты б адказваў: «Паглядзіце на маім гадзінніку».
— Калі я вырасту, мой дзядзька капрал падаруе мне гадзіннік.
— Так, але сын твайго дзядзькі ўжо мае гадзіннік... праўда, не такі прыгожы... А ён жа малодшы за цябе.
Хлопчык уздыхнуў.
— Ну што, пляменнічак, хочаш мець гэты гадзіннік?
Фартуната, які крадком зірнуў на гадзіннік, нагадваў ката, якому прапануюць цэлую куру. Адчуваючы, што з яго насміхаюцца, ён не наважваецца варухнуць лапаю і раз-пораз адводзіць вочы, каб не паддацца спакусе, штохвіліны аблізваецца і ўсім сваім выглядам нібы кажа гаспадару: «Які ж ваш жарт жорсткі!»
Але, здавалася, сяржант Гамба шчыра прапаноўваў гадзіннік. Фартуната не варухнуўся, але сказаў, горка ўсміхаючыся:
— Чаму вы насміхаецеся з мяне?
— Дальбог, не насміхаюся. Скажы мне, дзе Джанэта, - і гэты гадзіннік твой.
Фартуната не ўтрымаў недаверлівае ўсмешкі і, пільна гледзячы сваімі чорнымі вачыма ў вочы сяржанту, намагаўся расчытаць у іх, ці варта верыць ягоным словам.
— Каб з мяне пагоны сарвалі, - закрычаў сяржант, - калі гадзіннік не будзе твой! Сябры засведчаць, я ад сваіх словаў не адступлюся.
Гаворачы гэта, ён падносіў гадзіннік так, што нарэшце ён амаль крануўся збялелае шчакі Фартуната. На хлопчыкавым твары выразна вымалёўвалася барацьба паміж прагаю і законамі гасціннасці, што ішла ў ягонай душы. Аголеныя грудзі яго рэзка ўздымаліся, здавалася, ён ледзь не задыхаецца. А гадзіннік пагойдваўся, круціўся, часам дакранаючыся да кончыка ягонага носа. Нарэшце правая Фартунатава рука паволі пацягнулася да гадзінніка, датыкнулася да яго; ён ужо адчуў цяжар гадзінніка ў руцэ, але сяржант не адпускаў ланцужка... Колца было блакітнае... вечка нядаўна вычышчанае... на сонцы яно ззяла агнём... Спакуса была занадта моцная.
Фартуната падняў левую руку і вялікім пальцам паказаў цераз плячук на стог, да якога ён прытуліўся. Сяржант зразумеў адразу. Ён пусціў ланцужок, і Фартуната адчуў сябе адзіным уладаром гадзінніка. Спрытна, як лань, ён адскочыў крокаў на дзесяць ад стога, які вальтыжоры адразу ж узяліся раскідваць. І тут усе ўбачылі, што сена заварушылася і вылез скрываўлены чалавек з кінжалам у руцэ. Ён спрабаваў стаць на ногі, але запечаная рана не давала яму падняцца. Ён упаў. Сяржант скочыў на яго і вырваў кінжал. Нягледзячы на супраціўленне, бандыта моцна звязалі.
Читать дальше