Я рэзка павярнуўся. Старая паказала мне скульптуру на кансолі, якая трымала цэнтральную бэльку столі. Гэта была даволі груба вылепленая сірэна.
— О, гэтая пані надта любіла забаўляцца,— працягвала старая.— Але яе бацьку гэта не вельмі падабалася, і таму яна загадала збудаваць сабе гэты дом, дзе мы цяпер ёсць.
Кожнае ночы яна спускалася з Квірынала [216]і прыходзіла сюды. Яна садзілася каля гэтага акна, і калі па вуліцы ішоў прыгожы кавалер, ну вось як вы, пане, яна яго клікала. ці добра яна яго прымала — здагадвайцеся самі. Але мужчыны — балбатуны, прынамсі некаторыя, і яны маглі б ёй нашкодзіць сваімі языкамі. Дык яна прыдумала, што рабіць. Калі яна развітвалася з кавалерам, яе збройныя слугі ўжо чакалі на сходах, па якіх мы сюды падняліся. Тут яны яго і канчалі ды закопвалі ў капусных градах. Во пасля пазнаходзілі костак у гэтым садзе!
Гэтыя забавы цягнуліся нейкі час. Аж неяк вечарам яе брат, якога звалі Сікст Тарквін [217], праходзіў пад акном. Яна яго не пазнала. Паклікала. Ён падняўся. Поначы ўсе каты шэрыя. З ім сталася тое, што і з іншымі. Але ён пакінуў у яе сваю насоўку, на якой было вышыта яго імя.
Не паспела яна зразумець, якога ліха яны нарабілі, як яе агарнула роспач. Дык яна хуценька зняла падвязку і засілілася на гэтай бэльцы. Вось вам прыклад для моладзі!
Пакуль старая блытала ўсе часы і эпохі, мяшаючы Тарквінаў з Борджамі, я неадрыўна глядзеў на падлогу. Я ўгледзеў там некалькі пялёсткаў ружы, яшчэ свежых, і яны змусілі мяне задумацца.
— Хто даглядае за гэтым садам? — спытаўся я ў старой.
— Мой сын, пане, садоўнік пана Ваноццы [218], чый сад побач. Пан Ваноццы сядзіць увесь час у Марэмах [219]і рэдка прыязджае ў Рым. Вось чаму сад не надта дагледжаны. А мой сын з язджае разам з ім. I я баюся, што яны яшчэ не хутка вернуцца,— дадала яна, уздыхнуўшы.
— Дык ён вельмі заняты з панам Ваноццы?
— Ай, гэта дзівак, які што толькі яму не даручае... Баюся, каб што кепскае здарылася... Авох, мой бедны сыночак!
Яна ступіла крок да дзвярэй, нібыта хочучы скончыць размову.
— Дык тут ніхто не жыве? — перапытаўся я, спыняючы яе.
— Ніхто, а хто ж?
— А чаму?
Яна паціснула плячыма.
— Паслухайце, — сказаў я, паказаўшы ёй піястр,—скажыце мне праўду. Сюды прыходзіць адна жанчына.
— Жанчына? Божа барані!
— Так, я бачыў яе ўчора вечарам. Я нават гаварыў з ёй.
— Святая мадонна! — закрычала старая і пабегла да сходаў.— Дык гэта пані Лукрэцыя? Уцякайма, уцякайма, пане! I праўда, мне казалі, што яна прыходзіць начамі, але ж я не хацела вам гаварыць, каб не нашкодзіць гаспадару, бо я думала, што вы хочаце зняць дом у наём.
Утрымаць яе было немагчыма. Яна спяшалася выйсці з дома, каб, як яна тлумачыла, хутчэй паставіць свечку ў найбліжэйшай царкве.
Я таксама выйшаў і, не спадзеючыся дазнацца болей, не стаў яе даганяць.
Вядома ж, у палацы Альдабрандзі я нічога не расказаў пра мае прыгоды: маркіза была занадта цнатлівая, а дон Отавіо, якога цікавіла выключна палітыка, не мог парадзіць у гэткай сардэчнай справе. Тады я пайшоў да майго мастака, які ведаў увесь Рым да апошняга ката, і спытаўся, што ён пра гэта думае.
— Думаю, што вы бачылі прывід Лукрэцыі Борджа,— адказаў ён.— Вам пагражае страшная небяспека! Яна і жывая была небяспечная, а вы падумайце, якая яна цяпер, мёртвая! Дрыжыкі бяруць.
— Толькі без жартаў, што б гэта магло быць?
— А, дык, значыць, вы атэіст і філосаф і не верыце ў самыя паважныя рэчы. Добра. Тады што вы скажаце пра другую версію: дапусцім, што старая здае свой дом жанчынам, здольным вабіць людзей, якія праходзяць па вуліцы. Колькі ўжо было такіх старых распусніц!
— Цудоўна,— адказаў я.— Дык я, мабыць, падобны да святога, калі старая не запрапанавала мне паслугі. Гэта мяне абражае. А пасля, шаноўны, прыгадайце сабе абсталюнак гэтага дома. Наўрад ці яго было б дастаткова для такой справы, хіба што ўжо калі надта прыпячэ.
— Ну дык тады гэта прывід. Пачакайце! Яшчэ адна версія. Можа, вы пераблыталі дом. Да д’ябла! Як вы кажаце: каля саду? маленькія дзверы?.. Дык жа гэта мая добрая сяброўка Разіна. Года паўтара таму яна была ўпрыгожаннем гэтае вуліцы. Праўда, яна з тых часоў аслепла на адно вока, але гэта дробязі... У яе ўсё яшчэ вельмі прыгожы профіль.
Усе гэтыя тлумачэнні мяне не задаволілі. Калі настаў вечар, я няспешна прайшоўся перад домам Лукрэцыі. Я нічога не ўбачыў. Прайшоў яшчэ раз — нічога. I так тры ці чатыры вечары запар я спыняўся пад яе вокнамі, вяртаючыся з палаца Альдабрандзі, і ўсё марна. Я ўжо пачаў забывацца на таямнічую насельніцу дома нумар 13, калі аднойчы, ідучы каля паўночы па завулку, я выразна пачуў жаночы смех за акном, дзе мне некалі з’явілася даравальніца руж. Я пачуў гэты смех двойчы і не мог адолець страху, калі пабачыў у тую хвіліну, як на другім канцы завулка паказалася жалобнае шэсце — манахі ў каптурах, са свечкамі, неслі хаваць нябожчыка. Калі яны зніклі з вачэй, я стаў, нібы на варту, пад акном, але болей нічога не пачуў. Я паспрабаваў кідаць каменьчыкі і нават досыць выразна паклікаў. Ніхто не аб’явіўся, паліў дождж, і я мусіў адступіць.
Читать дальше