— Не,— адказаў ён.— Тут гаворка пра справы не такія важныя, як лёс маёй радзімы, аднак жа досыць важныя, каб ад іх поспеху залежала маё жыццё і маё шчасце. Пакуль што я не магу вам сказаць болей. Праз два дні вы будзеце ведаць усё.
Я пачаў ужо прызвычайвацца да таямніц і махнуў рукой. Мы дамовіліся, што выедзем а трэцяй гадзіне ўначы і не спынімся, пакуль не даедзем да тасканскай тэрыторыі.
Палічыўшы, што няма сэнсу класціся спаць перад гэтак раннім ад’ездам, я выкарыстаў свой апошні вечар у Рыме, каб наведаць апошні раз усе дамы, дзе мяне тут прымалі. Я прыйшоў развітацца з маркізай і афіцыйным парадкам, дзеля прыліку паціснуць руку яе сыну. Я адчуў, як рука яго дрыжала. Ён ціха сказаў мне:
— Цяпер на карце стаіць маё жыццё. Калі вернецеся ў гатэль, вы знойдзеце ліст ад мяне. Калі дакладна а трэцяй гадзіне я не прыйду, дык болей мяне не чакайце.
Мяне ўразіла, як непазнавальна змяніўся ягоны твар, але я прыпісаў гэта натуральнаму пачуццю блізкага расстання са сваёй сям’ёю, магчыма, і назаўсёды.
Каля першай гадзіны я дабраўся да гатэля. Мне захацелася яшчэ раз прайсці па viccolo di Madama Lucrezia. Нешта белае звісала з акна, пад якім у мяне адбыліся дзве такія розныя сустрэчы. Я асцярожна падышоў і ўбачыў тоўстую вяроўку з вузламі. Ці не было гэта запрашэннем развітацца з сіньёрай? Было падобна на тое, і спакуса была вельмі вялікая. I аднак я на яе не паддаўся, прыпомніўшы абяцанне, дадзенае дону Отавіо, а таксама той не надта гасцінны прыём пару дзён таму, калі я дазволіў сабе значна меншую дзёрзкасць.
Я пайшоў далей, ступаючы павольна, засмучоны тым, што ўпусціў апошнюю нагоду разгадаць таямніцу дома нумар 13. З кожным крокам я азіраўся, усё яшчэ спадзеючыся ўбачыць, як нехта лезе па вяроўцы. Ніхто не паяўляўся. Я дайшоў да канца завулка і перад тым, як выйсці на Корса, сказаў, зняўшы капялюш і кіўнуўшы дому, які яшчэ віднеўся ўдалечыні:
— Бывайце, пані Лукрэцыя. Пашукайце, калі ласка, каго іншага, каб адпомсціць раўніўцу, які замыкае вас на замок.
Калі я вярнуўся ў гатэль, гадзіннік прабіў друтую гадзіну. Экіпаж, гатовы да ад’езду, стаяў у двары. Адзін з гатэльных пакаёвых перадаў мне пісьмо. Яно было ад дона Отавіо, але здалося мне занадта доўгім, і я падумаў, што лепей прачытаю яго ў пакоі, і папрасіў пакаёвага пасвяціць мне на сходах.
— Пане,— сказаў ён,— ваш слуга, пра якога вы папярэдзілі, ну, які павінен ехаць з вамі...
— Ну дык што? Ён прыйшоў?
— Не, пане...
— Ён на пошце. Ён мусіць прывесці коней.
— Пане, сюды толькі што прыйшла адна дама і сказала, што хоча пагаварыць з вашым слугой. Яна захацела, што б там ні было, падняцца ў ваш пакой і даручыла мне сказаць вашаму слузе, як толькі ён прыйдзе, што пані Лукрэцыя чакае ў вашым пакоі.
— У маім пакоі? — закрычаў я, моцна сціснуўшы парэнчы сходаў.
— Так, пане. I мне здаецца, што яна таксама збіраецца ехаць, бо яна перадала мне невялічкі пакунак, і я паклаў яго на валізу.
Сэрца маё шалёна закалацілася. Забабонны страх і цікавасць разам агарнулі мяне. Я паволі паднімаўся па сходах. На другім паверсе (я жыў на трэцім) пакаёвы спатыкнуўся, свечка выпала ў яго з рук і патухла. Ён папрасіў у мяне тысячу прабачэнняў і спусціўся, каб запаліць яе зноў. Я тым часам паднімаўся далей.
Я ўставіў ключ у дзверы. Я вагаўся. Які новы прывід мяне чакае? Не раз у цемры ў маёй памяці паўставала гісторыя крывавай манашкі [222]. Можа, мяне апанаваў д’ябал, як дона Алонса? Мне здалося, што пакаёвы страшэнна марудзіць.
Я расчыніў дзверы. Дзякуй Богу! У маёй спальні гарэла святло. Я хуценька прайшоў туды праз маленькую залу. Агледзеўшыся, я пераканаўся, што ў спальні нікога не было. Але ў гэты момант я пачуў за спінай лёгкія крокі і шоргат сукенкі. Мне здалося, што мае валасы ўсталі дыбарам на галаве. Я рэзка павярнуўся.
Жанчына ў белым з чорнай мантыльяй на галаве набліжалася, выцягнуўшы рукі мне насустрач.
— Нарэшце ты прыйшоў, каханы! — закрычала яна, схапіўшы мяне за руку.
Яе рука была халодная як лёд, а твар — белы, як у нябожчыка. Я адступіў да сцяны.
— Святая мадонна, гэта не ён!.. Ах, пане, вы сябар дона Отавіо?
Гэтыя словы тлумачылі ўсё. Маладая жанчына, нягледзячы на бледнасць, зусім не была падобная на здань. Яна апусціла вочы, што ніколі не робяць прывіды, і склала рукі на поясе. Яе цнатлівая пастава дазволіла мне меркаваць, што мой сябра дон Отавіо быў не такі ўжо вялікі палітык, якім я яго ўяўляў. Карацей, быў самы час выкрасці Лукрэцыю, і мне ў гэтай прыгодзе была адведзена толькі роля паверніка.
Читать дальше