Няшчасная дзяўчына не памылялася. Неўзабаве мы даведаліся, што а палове пятай Юліус выправіўся з Лейпцыга з даручэннем, і за тры чвэрці лье ад горада, па той бок Эльстэра, варожы салдат, які адстаў ад свайго войска і хаваўся ў рове, забіў яго адным стрэлам. Куля, трапіўшы ў самае сэрца, прабіла партрэт Вільгельміны.
— А што сталася з гэтай няшчаснай маладой асобай? — спытаўся я ў пані Штраленхайм.
— О, яна цяжка хварэла. Цяпер яна замужам за панам фон Вернерам, дараднікам юстыцыі, і калі вам давядзецца быць у Дэсаў, яна пакажа вам партрэт Юліуса.
— Усё гэта адбываецца не без удзелу д’ябла,— сказаў абат, які, пакуль пані Штраленхайм апавядала, спаў толькі на адно вока.— Той, хто змушаў прамаўляць паганскіх аракулаў, можа гэтак жа проста прымусіць партрэт міргаць вачыма, калі яму толькі захочацца. Гадоў дваццаць таму ў Цівалі аднаго англічаніна задушыла статуя.
— Статуя! — закрычаў я.— Але як?
— Гэта быў адзін мілорд, які вёў раскопкі ў Цівалі. Ён знайшоў статую імператрыцы Агрыпіны [212]ці Месаліны [213]... ну, гэта не так важна. Карацей, ён загадаў перанесці статую да сябе і ад доўгага на яе глядзення і захаплення звар’яцеў. Усе гэтыя пратэстанты і так ужо больш чым напалову вар’яты. Ён зваў яе сваёй жонкай, мілэдзі, абдымаў яе, мармуровую. Ён казаў, што кожнага вечара статуя, на ягоную радасць, рабілася жывая. Аж пакуль аднойчы раніцай яго не знайшлі мёртвага ў ложку. I, ці паверыце, знайшоўся другі англічанін, які купіў гэтую статую. Што да мяне, дык я лепш загадаў бы перавесці яе на вапну.
Калі ўжо бяруцца апавядаць пра звышнатуральныя здарэнні, спыніцца бывае цяжка. Кожнаму было што расказаць, і я таксама выступіў у гэтым спаборніцтве жахлівых гісторый. Урэшце, калі настаў час развітацца, усе мы былі парадкам узрушаныя і прасякнутыя павагай да д’яблавай магутнасці.
Я пайшоў дадому пешкі і, каб выйсці на вуліцу Корса, звярнуў у вузенькі крывы завулак, якім я яшчэ ніколі не хадзіў. Завулак быў пусты. Быў відаць толькі доўгі садовы мур і колькі ўбогіх дамкоў без ніводнага агеньчыка. Толькі што прабіла поўнач, навокал было цёмна. Ішоў я даволі хутка і быў ужо ў сярэдзіне завулка, калі раптам пачуў над галавой нейкі гук, нейкае ціхае «Цссс!», і ў той самы момант пад ногі мне ўпала ружа. Я падняў вочы і, хоць было цёмна, заўважыў у акне жанчыну ў белым, яна працягвала мне руку. Мы, французы, ведаем сабе цану, калі мы ў іншай краіне, бо нашы бацькі, заваёўнікі Еўропы, выгадавалі нас на традыцыях, уцешных для нацыянальнага гонару. Я непахісна верыў, што ўсе немкі, іспанкі і італьянкі, як толькі пабачаць француза, адразу запальваюцца гарачым каханнем. Карацей, тады я яшчэ быў істым французам, дый ружа ці не гаварыла яна лепш за любыя словы?
— Пані,— сказаў я ціха, падняўшы ружу,— у вас упаў букет.
Але жанчына ўжо знікла, і акно было зачыненае. Я зрабіў тое, што зрабіў бы любы на маім месцы. Я пашукаў найбліжэйшыя дзверы — яны былі за два крокі ад акна. Знайшоўшы дзверы, я стаў чакаць, пакуль мне адчыняць. Пяць хвілін было ціха. Тады я пакашляў, пасля ціхенька паскробся, але дзверы не расчыніліся. Я разгледзеў іх уважлівей, спадзеючыся знайсці ключ або засаўку, але, на маё вялікае здзіўленне, убачыў навясны замок.
«Значыць, раўнівец яшчэ не вярнуўся»,— сказаў я сам сабе. Я падняў каменьчык і кінуў яго ў акно. Ударыўшыся аб драўляныя аканіцы, ён упаў мне пад ногі. «Што за халера,— падумаў я,— што яны, гэтыя рымлянкі, думаюць, што ўсе носяць у кішэні лесвіцу? Мне не казалі пра такі звычай».
Я пачакаў яшчэ некалькі хвілін, але марна. I толькі раз ці два мне здалося, што аканіцы зварухнуліся, быццам нехта хацеў іх рассунуць, каб выглянуць на вуліцу. Праз чвэрць гадзіны, страціўшы цярплівасць, я запаліў цыгару і пайшоў далей, папярэдне добра запомніўшы, дзе стаіць гэты дом з замком на дзвярах.
Назаўтра, раздумваючы над гэтай прыгодай, я спыніўся на наступных высновах: маладая рымлянка, магчыма, вельмі прыгожая, убачыла мяне падчас маіх прагулак у горадзе і была зачараваная маёй сціплай знешнасцю. Што яна аб’явіла мне свае пачуцці, толькі падараваўшы гэтую таямнічую кветку, дык, пэўна, яе стрымала цнатлівасць або ёй замінала прысутнасць дуэньі ці апекуна, накшталт Бартола ў Разіны [214]. Я вырашыў распачаць рэгулярную аблогу дома, дзе жыла гэтая інфанта.
З гэткімі высакароднымі намерамі я выйшаў з дома, зухавата ўчасаўшы валасы. Я надзеў новы сурдут і жоўтыя пальчаткі. У гэткім убранні, у ссунутым на вуха капелюшы, з прывялай ружай у пятліцы я пайшоў на вуліцу, назвы якой я яшчэ не ведаў, але знайсці яе было няцяжка. Надпіс над выявай мадонны паведамляў: il viccolo di Madama Lucrezia.
Читать дальше