— Так, я кахала яго, як і цябе, нейкую хвіліну, можа, нават менш, чым цябе. Цяпер я не люблю нікога, я ненавіджу сябе за тое, што цябе кахала.
Я кінуўся ёй у ногі, я браў яе рукі і заліваў іх слязьмі. Я нагадваў ёй усе хвіліны шчасця, што мы правялі разам. Я абяцаў, што застануся бандытам, каб толькі ёй падабацца. Усё, пане, усё, я абяцаў ёй усё, каб толькі яна захацела зноў мяне пакахаць!
Яна сказала:
— Зноў пакахаць цябе я не магу. Жыць з табой я не хачу!
Я зайшоўся ад гневу і схапіў нож. Я б хацеў, каб яна спалохалася і прасіла ў мяне літасці, але гэта была не жанчына, а сам д’ябал.
— Прашу цябе апошні раз! — закрычаў я.— Застанься са мною!
— Не! Не! Не! — адказала яна, затупаўшы нагамі.
I яна зняла з пальца пярсцёнак, што я ёй падараваў, і кінула яго ў хмызняк.
Я ўдарыў яе два разы. Гэта быў нож Крывога, я ўзяў яго, калі мой зламаўся. Пасля другога ўдару яна ўпала, нават не крыкнуўшы. Я і дагэтуль бачу, як наяве, яе вялікія чорныя вочы, яе нязводны позірк. Пасля вочы прыцьмеліся і заплюшчыліся. Яшчэ добрую гадзіну я сядзеў перад трупам, прыгнечаны горам. Пасля я ўспомніў, як Кармэн часта казала мне, што хацела б, каб яе пахавалі ў лесе. Я выкапаў нажом магілу і паклаў яе туды. Я доўга шукаў яе пярсцёнак, урэшце знайшоў і паклаў у магілу побач з ёй разам з маленькім крыжыкам. Можа, і не трэба было гэтага рабіць. Пасля я скочыў на каня і паскакаў наўзгалоп у Кордаву, дзе здаўся на першай вартоўні. Я сказаў, што забіў Кармэн, але не захацеў гаварыць, дзе яна пахаваная. Пустэльнік быў святы чалавек. Ён памаліўся за яе! Ён адслужыў імшу за спачын яе душы... Беднае дзіця! Калэс вінаватыя, што так яе выхавалі.
Іспанія — адна з тых краін, дзе сёння яшчэ вельмі часта можна сустрэць гэтых вандроўнікаў, рассеяных па ўсёй Еўропе, вядомых пад імем цыганы, Bohémiens, Gitanos, Gypsies, Zigeuner і г. д. Большасць з іх засяляе ці, лепш сказаць, вядзе вандроўнае жыццё ў паўднёвых і ўсходніх правінцыях: Андалусіі, Эстрэмадуры, каралеўстве Мурсія, багата іх і ў Каталоніі. Каталонскія цыганы часта пераходзяць у Францыю. Іх можна сустрэць на ўсіх нашых паўднёвых кірмашах. Мужчыны звычайна гандлююць коньмі, лечаць жывёлу або стрыгуць мулаў. Да гэтых заняткаў часам дадаецца напраўка патэльняў і медзянога начыння, не кажучы пра кантрабанду і іншыя забароненыя промыслы. Жанчыны варожаць, жабруюць і прадаюць розныя лекі, часам бясшкодныя, а часам і не.
Знешнія рысы цыганоў лягчэй распазнаць, чым апісаць, і калі ўжо пабачыш аднаго, дык пасля пазнаеш асобіну гэтага племені з тысячы людзей. Аблічча, выраз твару — вось што асабліва адрознівае іх ад народаў, што насяляюць той самы край. Твар у іх вельмі смуглы, заўсёды цямнейшы, чым у людзей, сярод якіх яны жывуць. Адсюль і імя калэс — чорныя, якім яны сябе часта называюць [197]. Вочы скошаныя, прыгожага разрэзу, надта чорныя, прыцененыя доўгімі густымі веямі. Іх позірк можна параўнаць хіба што толькі з позіркам драпежнага звера. У ім адначасова відна адвага і баязлівасць, і ў гэтым даволі добра выяўляецца іх нацыянальны характар: яны хітрыя, дзёрзкія, але з натуры баяцца, калі іх б'юць, як Панург. Мужчыны збольшага самавітыя, зграбныя, спрытныя. Здаецца, я ніколі не бачыў ніводнага тоўстага цыгана. У Германіі цыганкі часта бываюць вельмі прыгожыя, а вось сярод іспанскіх хітан прыгажосць — рэдкая з’ява. Маладзенькія, яны могуць быць хоць і не прыгожыя, але прыемныя. Аднак, нарадзіўшы дзіця, яны робяцца проста агідныя. I мужчыны, і жанчыны неверагодна брудныя і неахайныя. Таму, хто ніколі не бачыў валасоў цыганскай кабеты, цяжка будзе іх сабе ўявіць, нават калі ён намалюе ў думках густыя патлы, самыя жорсткія, самыя тлустыя, самыя пыльныя. У некаторых вялікіх гарадах Андалусіі прыгажэйшыя дзяўчаты трошкі болей сябе даглядаюць. Яны танчаць за грошы, і танцы гэтыя надта нагадваюць тыя, што ў нас забароненыя на карнавальных балах. Пан Бороў [198], англійскі місіянер, аўтар двух вельмі цікавых твораў пра іспанскіх цыганоў, якіх ён узяўся навярнуць у ісцінную веру за кошт Біблейскага таварыства [199], сцвярджае, што няма прыкладаў, каб хітана калі-небудзь мела хоць бы якую прыхільнасць да чужога яе племені чалавека. Мне здаецца, што аўтар значна перабольшыў, так усхваліўшы іх цнатлівасць. Па-першае, абсалютная іх большасць знаходзіцца ў становішчы Авідыевай брыдулі [200]: Casta quam nemo rogavit [201]. Што да прыгажэйшых, дык яны, як і ўсе іспанкі, надта пераборлівыя ў выбары каханкаў. Ім трэба падабацца, іх трэба заслужыць. Пан Бороў прыводзіць як доказ іх прыстойнасці прыклад, які робіць гонар яго ўласнай прыстойнасці, а таксама наіўнасці. Адзін яго знаёмы, чалавек амаральны, марна прапанаваў некалькі унцый адной прыгожай хітане. Андалусіец, якому я расказаў гэту гісторыю, сказаў з пэўнасцю, што гэты амаральны чалавек меў бы больш поспеху, калі б паказаў ёй пару піястраў, і што прапанаваць цыганцы залатыя унцыі — гэткі ж няўдалы спосаб яе спакусіць, як паабяцаць мільён або два дзеўцы з заезнага двара. Як бы там ні было, аднак і папраўдзе цыганкі праяўляюць да сваіх мужоў незвычайную адданасць. Яны не баяцца ні небяспекі, ні нягодаў, каб толькі дапамагчы мужу, калі той трапляе ў цяжкае становішча. Адно з імёнаў, якім яны сябе называюць, ромэ, што значыць сужонцы, на маю думку, выяўляе павагу гэтага племені да малжонскага стану. А ўвогуле можна сказаць, што найвялікшай іх цнотай ёсць патрыятызм, калі можна гэтак назваць вернасць, якую яны праяўляюць у дачыненні да асобаў аднаго з імі паходжання, іх гатовасць дапамагаць адно аднаму, непарушная сакрэтнасць у іх цёмных справах. Зрэшты, ва ўсіх таямнічых або супрацьзаконных згуртаваннях можна заўважыць штосьці падобнае.
Читать дальше