— Хадзем са мной,— сказаў я.
— Ну, хадзем,— адказала яна.
Я схадзіў па каня, пасадзіў яе ззаду, і рэшту ночы мы ехалі моўчкі. Калі развіднела, мы спыніліся на закінутай венце, непадалёк самотнай пустэльні. Там я сказаў Кармэн:
— Слухай, я ўсё забуду. Я ні пра што не буду табе нагадваць. Але пакляніся мне: ты паедзеш са мною ў Амерыку і там будзеш паводзіць сябе прыстойна.
— Не,— сказала яна сярдзіта,— я не хачу ў Амерыку. Мне і тут добра.
— Таму што тут Лукас. Але падумай добра, калі ён і ачуняе, дык усё роўна доўга не працягне. А зрэшты, што мне да яго? Я ўжо стаміўся забіваць тваіх каханкаў, я лепш заб’ю цябе.
Яна пільна паглядзела на мяне сваім дзікім позіркам і сказала:
— Я заўсёды думала, што ты мяне заб’еш. Перад тым як убачыць цябе ўпершыню, я сутыкнулася са святаром, калі выходзіла з дому. А сёння ўначы, калі мы выязджалі з Кордавы, ты нічога не бачыў? Заяц перабег дарогу пад нагамі ў каня. Такі ўжо лёс.
— Кармэнсіта,— спытаўся я,— ты болей мяне не кахаеш?
Яна нічога не адказала. Яна сядзела на посцілцы, склаўшы ногі, і крэсліла пальцам на зямлі нейкія рыскі.
— Кармэн, давай пачнем новае жыццё,— маліў я.— Давай паедзем куды-небудзь і не будзем расставацца ніколі. Ты ведаеш, недалёка адсюль, пад дубам у нас закапана сто дваццаць унцый... I пасля яшчэ нашы грошы захоўваюцца ў яўрэя бэн-Ёсэфа.
Яна ўсміхнулася і сказала:
— Спачатку я, пасля ты. Я ведала, што так мусіць быць.
— Падумай,— зноў пачаў я,— у мяне канчаецца цярплівасць і адвага. Вырашай, бо інакш вырашу я.
Я пакінуў яе адну і пайшоў прагуляцца да пустэльні. Там маліўся пустэльнік. Я пачакаў, пакуль ён скончыць. Я б і сам памаліўся, але не мог. Калі ён устаў, я падышоў да яго.
— Ойча,— сказаў я,— ці не маглі б вы памаліцца за таго, каму пагражае страшная небяспека?
— Я малюся за ўсіх гаротных,— адказаў ён.
— Ці не маглі б вы адслужыць імшу за збаўленне душы таго, хто, можа, неўзабаве прадстане перад сваім Творцам?
— Магу,— адказаў ён, не зводзячы з мяне вачэй.
У маім выглядзе, відаць, было нешта дзіўнае, і таму ён захацеў са мною пагаварыць.
— Здаецца, я вас ужо бачыў,— сказаў ён.
Я паклаў яму на лаву піястр.
— Калі вы адчытаеце імшу? — спытаўся я.
— Праз паўгадзіны. Сын тутэйшага шынкара прыйдзе мне прыслугоўваць. Скажыце мне, што мучыць ваша сумленне? Ці не хочаце вы паслухаць парадаў хрысціяніна?
Я ледзь не плакаў. Я сказаў, што яшчэ вярнуся, і пайшоў. Я лёг на траву і ляжаў, пакуль не пачуў звон. Тады я падышоў, але не заходзіў у капліцу. Калі імша была адслужана, я вярнуўся на венту. Я спадзяваўся, што Кармэн на месцы не будзе, яна магла сесці на майго каня і ўцячы... але яна была там, дзе я яе пакінуў. Яна не хацела, каб падумалі, што я яе спалохаў. Пакуль мяне не было, яна распарола край сукенкі і дастала адтуль волава. Цяпер яна сядзела перад сталом і разглядала ў місе з вадою кавалак волава, які яна перад тым расплавіла і кінула ў ваду. Яна была так занятая сваёй варажбою, што спачатку нават мяне не заўважыла. Яна то брала кавалачак волава і з сумам у вачах разглядала яго з усіх бакоў, то спявала адну са сваіх магічных песень, дзе згадваецца Марыя Падылья, каханка дона Пэдра, якая была, як кажуць, Бары Кральісай, вялікай цыганскай каралевай [196].
— Кармэн,— сказаў я ёй,— калі ласка, хадземце са мной.
Яна паднялася, кінула сваю місу, захінулася мантыльяй, нібы сабралася пайсці. Мне прывялі каня, яна села ў мяне за спінай, і мы паскакалі.
— Ну дык што, мая Кармэн,— спытаўся я, калі мы трохі ад’ехалі,— ты едзеш са мною, так?
— Я буду з табою да смерці, але я больш не буду з табой жыць.
Мы ехалі пустыннай цяснінай. Я спыніў каня.
— Тут? — спыталася яна і саскочыла на зямлю. Зняўшы мантылью, яна кінула яе пад ногі і замерла, падбочыўшыся і ўтаропіўшы ў мяне свой позірк.
— Ты хочаш мяне забіць, я бачу,— сказала яна,— так наканавана лёсам, але ты не змусіш мяне саступіць.
— Прашу цябе, перадумай. Паслухай мяне, я забыўся пра ўсё, што было. Аднак, ты ведаеш, гэта ты мяне загубіла, праз цябе я стаў злодзеем і забойцам. Кармэн! Кармэн, дай мне цябе ўратаваць і самому ўратавацца з табою.
— Хасэ,— адказала яна,— ты просіш у мяне немагчымага. Я цябе болей не кахаю. А ты мяне ўсё яшчэ кахаеш і за гэта хочаш мяне забіць. Я б магла зноў табе зманіць, але не хачу. Паміж намі ўсё скончана. Як ром ты маеш права забіць сваю ромі, але Кармэн заўсёды будзе свабодная. Яна нарадзілася цыганкай, цыганкай і памрэ.
— Значыць, ты кахаеш Лукаса? — спытаўся я.
Читать дальше