Яна сказала:
— Ты дурань, асёл, сапраўдны паільё. Ты як карлік, які лічыць сябе волатам, бо далёка плюе [193]. Ты мяне не кахаеш. Ідзі прэч.
Калі яна казала: «Ідзі прэч», я не мог ісці. Я паабяцаў вярнуцца да маіх таварышаў і чакаць англічаніна. Са свайго боку, яна паабяцала мне прыкінуцца хворай, пакуль яны не паедуць з Гібралтара ў Ронду. Я прабыў у Гібралтары яшчэ два дні. Ёй хапіла смеласці, пераапрануўшыся, прыйсці да мяне ў заезны двор. Я паехаў, у мяне таксама быў свой план. Я вярнуўся на прызначанае загадзя месца сустрэчы, ведаючы, дзе і калі будзе ехаць англічанін з Кармэн. На месцы мяне чакалі Данкайрэ і Гарсія. Мы пераначавалі ў лесе, развёўшы вогнішча з сасновых шышак, якія выдатна гарэлі. Я запрапанаваў Гарсію згуляць у карты. Ён згадзіўся. Пасярод другой партыі я сказаў, што ён махлюе. Ён зарагатаў. Я кінуў карты яму ў твар. Ён хацеў схапіць мушкетон, але я наступіў на яго нагой і сказаў: «Кажуць, ты ўмееш гуляць з нажом, як найудалейшы малагскі зух, хочаш паспрабаваць са мной?» Данкайрэ спрабаваў нас разняць. Я пару разоў выцяў Гарсію кулаком. Злосць дадала яму адвагі, ён схапіў свой нож, я — свой. Мы сказалі Данкайрэ, каб ён адышоўся і не замінаў. Ён убачыў, што нас ужо нельга спыніць, і адступіў. Гарсія ўжо выгнуўся, як кот, гатовы кінуцца на мыш. Ён стаяў, выставіўшы нож, трымаючы ў левай руцэ капялюш, каб адводзіць удары. Гэта іх андалуская прыхватка. Я стаў па-наварску: проста перад ім, левая рука ўгары, левая нага наперадзе, нож каля правага сцягна. Я адчуваў сябе мацнейшым за асілка. Ён кінуўся на мяне, як страла, я павярнуўся на левай назе, і ён ударыў у пустэчу, а я пацэліў яму ў горла, і нож зайшоў так далёка, што мая рука ўперлася яму ў бараду. Я павярнуў лязо так рэзка, што яно зламалася. Усё было скончана. Лязо вылецела з раны пад напорам крыві, якая палілася патокам таўшчынёй з руку. Ён упаў ніцма, як бервяно.
— Што ты зрабіў? — сказаў мне Данкайрэ.
— Слухай,— сказаў я яму,— мы не маглі жыць разам. Я кахаю Кармэн і хачу быць адзін. Зрэшты, Гарсія быў нягоднік, я яшчэ не забыўся, як ён абышоўся з няшчасным Рэмендада. Цяпер нас толькі двое, але мы добрыя хлопцы. Хочаш, будзем сябрамі на жыццё і на смерць?
Данкайрэ даў мне сваю руку. Гэта быў чалавек гадоў пяцідзесяці.
— Да д’ябла любошчы! — закрычаў ён.— Калі б ты папрасіў у яго Кармэн, ён прадаў бы табе яе за адзін піястр. Нас засталося двое, што мы будзем рабіць заўтра?
— Я ўсё зраблю сам,— адказаў я.— Цяпер мне напляваць на ўвесь свет.
Мы пахавалі Гарсію і перанеслі наш лагер на дзвесце крокаў далей. Назаўтра Кармэн і яе англічанін паказаліся на дарозе разам з двума паганятымі і лёкаем. Я сказаў
Данкайрэ:
— Я займуся англічанінам. Напалохай астатніх, у іх няма зброі.
Англічанін не быў баязлівец. Калі б Кармэн не падштурхнула яму руку, ён бы мяне забіў. Карацей кажучы, таго дня я адваяваў Кармэн, і першае, што я ёй сказаў, было, што яна ўдава. Калі яна даведалася, як усё адбылося, яна сказала:
— Ты заўсёды застанешся лільіпэндзі. Гарсія павінен быў цябе забіць. Твая наварская пастава — глупства, ён адсылаў на той свет і спрытнейшых за цябе. Проста прыйшоў ягоны час. Прыйдзе і твой.
— I твой,— адказаў я,— калі ты не станеш мне сапраўднай ромі.
— Ну і хай сабе,— сказала яна.— Я не раз бачыла ў кававай гушчы, што мы скончым разам. Ат! Што будзе, тое й будзе!
I яна шчоўкнула кастаньетамі, як заўсёды, калі хацела прагнаць нейкую назольную думку.
Калі гаворыш пра сябе, забываешся на таго, хто слухае. Усе гэтыя падрабязнасці ўжо, пэўна, вас стамілі, але я хутка скончу. Гэткае наша жыццё цягнулася даволі доўга. Мы з Данкайрэ падабралі сабе некалькі таварышаў, больш надзейных за ранейшых, і займаліся кантрабандай. Часам таксама, прызнаюся шчыра, мы выходзілі на вялікую дарогу, але толькі ў пільнай патрэбе і калі мы не маглі зрабіць інакш. Дарэчы, мы не рабілі злога падарожнікам, а толькі забіралі ў іх грошы. Некалькі месяцаў я не мог паскардзіцца на Кармэн, яна, як і раней, была нам карысная ў нашых аперацыях, паведамляючы нам аб якой-небудзь выгоднай справе. Яна жыла то ў Малазе, то ў Кордаве, то ў Гранадзе, але варта мне было сказаць адно слова, і яна ўсё кідала і прыязджала да мяне на якую-небудзь забытую венту ці нават проста на прывал. I толькі аднаго разу, гэта было ў Малазе, яе паводзіны мяне трошкі ўстрывожылі. Я ведаў, што яна спыніла свой выбар на адным даволі багатым купцы, з якім яна, пэўна, збіралася паўтарыць гібралтарскі жарт. Як толькі Данкайрэ мяне не адгаворваў, я ўсё ж пайшоў у Малагу сярод белага дня. Я пашукаў Кармэн і хутка знайшоў яе. Між намі адбылася суровая і шчырая размова.
Читать дальше