— Га! Гэтыя лільіпэндзі прынялі мяне за эраньі! [188]
Гэта была Кармэн, так пераапранутая, што, калі б яна гаварыла на іншай мове, я б ніколі яе не пазнаў. Яна саскочыла з мула і нейкі час шапталася з Данкайрэ і Гарсіям, пасля сказала мне:
— Гэй, канарэйка, мы яшчэ ўбачымся, пакуль цябе не павесілі. Я еду ў Гібралтар дзеля цыганскіх спраў. Хутка вы пра мяне пачуеце.
I мы рассталіся, але спачатку яна паказала нам месца, дзе мы маглі хавацца некалькі дзён. Гэтая дзяўчына была для нашай банды сапраўдным анёлам-ахоўнікам. Хутка яна даслала нам трохі грошай і вестку, якая была нам даражэйшая за грошы: у такі і такі дзень два англійскія мілорды будуць ехаць з Гібралтара ў Гранаду па такой і такой дарозе. Мы зразумелі без лішніх тлумачэнняў. у мілордаў знайшлося нямала залатых гіней. Гарсія хацеў іх забіць, але мы з Данкайрэ запярэчылі. Мы ўзялі ў іх толькі грошы і гадзіннікі, а таксама кашулі, якія былі нам вельмі патрэбныя.
Вось так, пане, робішся зброднікам, нават пра тое не думаючы. Спачатку прыгожая дзяўчына задурыць табе галаву, ты б’ешся за яе, здараецца няшчасце, ты мусіш ісці ў горы і незаўважна з кантрабандыста ператвараешся ў злодзея. Мы вырашылі, што пасля справы з мілордамі нам не варта заставацца ў ваколіцах Гібралтара, і мы схаваліся ў сьеру Ронда. Вы расказвалі мне пра Хасэ-Марыю. Дык вось, там я з ім і пазнаёміўся. Ён паўсюль вазіў з сабой сваю каханку. То была прыгожая дзяўчына, разумная, сціплая, пачцівая, ніколі не зманіць, а якая верная!.. Ён жа, наадварот, прыносіў ёй адныя няшчасці. Заўсёды цягаўся за кожнай спадніцай, увесь час папікаў яе, а часам вінаваціў яе ў здрадзе. Аднойчы нават ударыў яе нажом. А яна за ўсё гэта толькі яшчэ болей яго кахала. Вось такія яны, жанчыны, а асабліва андалускі. Гэтая ганарылася пісягом на руцэ і паказвала яго, як нешта надта прыгожае. I пасля, да ўсяго іншага, Хасэ-Марыя быў кепскі таварыш!.. Мы былі з ім разам у адной выправе, дык ён абладзіў усё так, што ўвесь дабытак дастаўся яму, а нам адно штурхалі і непрыемнасці. Але я прадоўжу маю гісторыю. Пра Кармэн не было оольш нічога чуваць. Данкайрэ сказаў:
— Трэба, каб адзін з нас пайшоў у Гібралтар і даведаўся пра яе. Яна, відаць, падрыхтавала нейкую справу. Я б сам пайшоў, але мяне занадта добра ведаюць у Гібралтары.
Крывы сказаў:
— Мяне таксама ведаюць, бо я столькі разоў строіў жарты з ракаў! [189]А з адным вокам мне вельмі цяжка прайсці, каб мяне не пазналі.
— Дык, значыць, пайду я? — сказаў я, рады ад адной думкі, што зноў убачу Кармэн.— Ну, што трэба рабіць?
Тыя кажуць мне:
— Можаш дабірацца морам або прайсці праз Сан-Роке, выбірай сам. А калі будзеш у Гібралтары, спытайся ў порце, дзе знайсці шакаладніцу, што завецца Ральёна. Калі ты яе знойдзеш, дык даведаешся ад яе, што там робіцца.
Было дамоўлена, што мы ўтрох пойдзем у сьеру пад Гаўсін, там я пакіну абодвух маіх кампаньёнаў і пайду ў Гібралтар як гандляр садавінай. У Рондзе адзін чалавек дастаў мне пашпарт, у Гаўсіне мне далі асла, я нагрузіў яго апельсінамі і дынямі і рушыў у дарогу. Прыехаўшы ў Гібралтар, я даведаўся, што Ральёну тут добра ведаюць, але што яна ўжо памерла або выправілася на finibus terrae [190], і яе знікненне, на маю думку, тлумачыла, чаму мы страцілі сувязь з Кармэн. Я паставіў асла ў стайню і, узяўшы апельсіны, пайшоў у горад, быццам каб іх прадаваць, але напраўдзе, каб паглядзець, ці не сустрэнецца мне хто знаёмы. Там багата швэндаецца рознай поскудзі з усяго свету, гэта Вавілонская вежа, не ступіш дзесяці крокаў, каб не пачуць за гэты час гэтулькі ж розных моваў. Бачыў я і людзей цыганскага племені, але не наважваўся ім адкрыцца, я правяраў іх, яны правяралі мяне. Мы здагадваліся, што мы злодзеі, але важна было ведаць, ці з адной мы банды. Прабадзяўшыся без толку два дні, я так нічога і не даведаўся ні пра Ральёну, ні пра Кармэн і, закупіўшы сёе-тое, ужо збіраўся вярнуцца да сваіх таварышаў, калі раптам, ідучы ўвечары па вуліцы, чую, як з акна мяне гукае жанчына: «Гэй, гандляр апельсінамі!..» Я паднімаю галаву і бачу: на балконе, абапершыся на парэнчы, стаіць Кармэн, а побач з ёй — афіцэр у чырвоным мундзіры, з залатымі эпалетамі, кучаравы, трымаецца, як вялікі пан. Што да яе, дык яна была ўбраная аж надта пышна: на плячах шаль, залаты грабянец у валасах, адзенне з тонкага шоўку. I яна, баламутка, усё тая самая, смяецца, аж лопаецца. Англічанін, крывячы іспанскія словы, загадаў мне падняцца, бо пані хоча апельсінаў, а Кармэн сказала мне па-басконску:
— Хадзі сюды і не здзіўляйся.
Читать дальше