— Ведаеш,— сказала яна,— з таго часу, як ты па-сапраўднаму стаў маім ромам, я кахаю цябе менш, чым калі ты быў маім мінчаро. Я не хачу, каб мне назалялі і, тым болей, каб мною камандавалі. Я хачу быць свабоднай і рабіць, што мне падабаецца. Глядзі ж, не дражні маю цярплівасць. Калі ты мне абрыднеш, я знайду сабе добрага хлопца, які зробіць з табой тое самае, што ты зрабіў з Крывым.
Данкайрэ нас памірыў, але мы нагаварылі адно аднаму слоў, што аселі муццю ў душы, дый мы ўжо былі не тыя, што раней. Неўзабаве з намі здарылася няшчасце. На нас напалі вайскоўцы. Забілі Данкайрэ і двух маіх сяброў. Яшчэ двух схапілі. Я быў цяжка паранены, і, калі б не мой конік, я б застаўся ў руках у салдатаў. Змардаваны стомай, з куляй у баку, я схаваўся ў лесе з адзіным ацалелым таварышам. Злезшы з каня, я страціў прытомнасць і падумаў, што сканаю ў зарасніку, як падстрэлены заяц. Таварыш занёс мяне ў знаёмую нам пячору і пайшоў па Кармэн. Яна была ў Гранадзе і адразу прыехала. Два тыдні яна ні на хвіліну не адыходзіла ад мяне. Яна не зводзіла вачэй і даглядала мяне з такім умельствам і ўвагай, як не даглядала ніводная жанчына за самым каханым чалавекам. Як толькі я быў здольны стаяць на нагах, яна пад вялікім сакрэтам прывезла мяне ў Гранаду. Цыганкі паўсюль умеюць знайсці надзейнае сховішча, і я правёў больш за шэсць тыдняў у доме пад самым носам у карэхідора, які мяне шукаў. Не адзін раз я бачыў у акно, як ён праходзіць міма. Урэшце я выздаравеў, але пакуль я ляжаў, я шмат думаў і вырашыў перамяніць сваё жыццё. Я прапанаваў Кармэн пакінуць Іспанію і паехаць у Новы Свет, каб пачаць там сумленнае жыццё. Яна пасмяялася з мяне.
— Мы не створаны на тое, каб садзіць капусту,— сказала яна,— наша доля — жыць за кошт паільёс. Дарэчы, я дамовілася з Натанам бэн-Ёсэфам з Гібралтара. У яго ёсць баваўняная тканіна, якая толькі і чакае, каб ты яе перавёз. Ён ведае, што ты жывы. Ён разлічвае на цябе. Што скажуць нашы супольнікі ў Гібралтары, калі ты не стрымаеш свайго слова?
Я паддаўся, даў сябе ўцягнуць і зноў заняўся сваім агідным рамяством.
Пакуль я хаваўся ў Гранадзе, там праводзілі бой быкоў, і Кармэн пайшла паглядзець. Вярнуўшыся, яна шмат гаварыла пра вельмі спрытнага пікадора, што зваўся Лукас. Яна ведала, як завуць яго каня, колькі каштуе яго вышываная куртка. Я не звярнуў на гэта ўвагі. Хуаніта, адзіны мой ацалелы таварыш, сказаў праз некалькі дзён, што бачыў Кармэн з Лукасам у гандляра на Сакаціне. Гэта мяне ўстрывожыла. Я спытаўся ў Кармэн, як і чаму яна пазнаёмілася з пікадорам.
— Гэта хлопец, з якім можна зрабіць адну справу. У рэчцы, што шуміць, ёсць або вада, або камяні [194]. Ён зарабіў за баі тысячу дзвесце рэалаў. Адно з двух: або трэба займець гэтыя грошы, або яго можна ўзяць у нашу банду, бо ён добры коннік і адважны хлопец. Сяго-таго з нашых забілі, і табе трэба ўзяць кагосьці замест іх. Вазьмі яго з сабой.
— Я не хачу ні ягоных грошай, ні ягонай асобы, і я забараняю табе з ім размаўляць,— адказаў я.
— Беражыся,— сказала яна,— калі мне забараняюць нешта рабіць, я раблю назло.
На шчасце, пікадор паехаў у Малагу, а я пачаў рыхтавацца да перапраўкі праз мяжу тканіны гібралтарскага яўрэя. У мяне было шмат працы, у Кармэн таксама, і я забыўся пра Лукаса. Можа, і яна пра яго забылася, прынамсі на нейкі час. Якраз недзе пад той час, пане, я вас і сустрэў, спачатку каля Мантыльі, пасля ў Кордаве. Не буду расказваць вам пра нашу апошнюю сустрэчу. Вы пра яе ведаеце больш за мяне. Кармэн украла ў вас гадзіннік. Яе спакушалі таксама вашыя грошы і асабліва пярсцёнак у вас на пальцы, які, як яна казала, мае чароўную сілу і вельмі ёй патрэбны. Мы пасварыліся, і я яе ўдарыў. Яна пабялела і заплакала. Я ўпершыню пабачыў, як яна плача, і гэта зрабіла на мяне жахлівае ўражанне. Я папрасіў у яе прабачэння, але яна дзьмулася на мяне ўвесь дзень, і, калі я ад’язджаў у Мантылью, яна не захацела мяне пацалаваць. Я быў вельмі засмучоны, але праз тры дні яна раптам прыехала да мяне. Яна смяялася і ледзь не скакала ад весялосці. Усё забылася, і мы выглядалі, як маладыя каханкі. На развітанне яна сказала:
— У Кордаве будзе фэст, я пайду на яго, высачу людзей, што будуць вяртацца адтуль з грашыма, і папярэджу цябе.
Я яе адпусціў. Застаўшыся адзін, я думаў пра гэты фэст і пра раптоўную змену настрою Кармэн. «Відаць, яна ўжо мне адпомсціла,— падумаў я,— бо прыйшла да мяне першая». Адзін селянін сказаў мне, што ў Кордаве будзе бой быкоў. I вось мая кроў кіпіць, я як апантаны еду туды. Мне паказалі Лукаса, і на лаве насупраць бар’ера я ўбачыў Кармэн. Мне дастаткова было хвіліну на яе паглядзець, каб упэўніцца ў слушнасці маіх намераў. Калі выпусцілі першага быка, Лукас, як я і спадзяваўся, пачаў строіць з сябе галантнага кавалера. Ён вырваў у быка какарду [195]і паднёс яе Кармэн, а тая тут жа прышпіліла яе да валасоў. Бык, відаць, вырашыў адпомсціць за мяне. Лукас з канём перакуліўся, і бык наваліўся на іх зверху. Я паглядзеў у бок Кармэн, яе ўжо не было на месцы. Я ніяк не мог выйсці і мусіў чакаць, пакуль не скончыцца бой. Тады я пайшоў у дом, які вы ведаеце, і праседзеў там увесь вечар і частку ночы. Каля другой гадзіны ўначы Кармэн вярнулася і, убачыўшы мяне, трошкі здзівілася.
Читать дальше