— Дурная канарэйка! — сказала яна.— Ты ўмееш рабіць толькі глупствы. I казала ж я табе, што прынясу табе няшчасце. Нічога, на ўсё знойдзецца сродак, калі твая сяброўка — раманская фламандка [182]. Спачатку абвяжы галаву гэтай хусткай і дай мне свой бандалет. Пачакай мяне ў гэтым праходзе. Я вярнуся праз дзве хвіліны.
Яна знікла і хутка прынесла мне паласаты плашч, які яна невядома дзе знайшла. Яна загадала мне скінуць мундзір і надзець плашч паверх кашулі. Гэтак выстраены, з хусткай, якою яна абвязала маю рану на галаве, я быў зусім як валенсійскі селянін, як тыя, што прыходзяць у Севілью прадаваць чуфавы напой [183]. Пасля яна завяла мяне ў дом, падобны да Даратэінага, што хаваўся ў ціхай вуліцы. Яна і яшчэ адна цыганка абмылі мяне і перавязалі лепш, чым бы гэта зрабіў ваенны хірург, і напаілі мяне няведама чым. Урэшце мяне паклалі на матрас, і я заснуў.
Гэтыя жанчыны, відаць, падмяшалі мне ў пітво нейкага соннага зелля, бо я прачнуўся наступнага дня вельмі позна. У мяне была гарачка і страшна балела галава. Прайшло трохі часу, перш чым у памяці ўсплыло жахлівае здарэнне, удзельнікам якога я стаў днём раней. Перавязаўшы маю рану, Кармэн і яе сяброўка, што сядзелі абедзве на кукішках побач з маім матрасам, абмяняліся некалькімі словамі на чыпе кальі, відаць, гэта было штосьці накшталт медыцынскай кансультацыі. Пасля абедзве запэўнілі мяне, што я хутка папраўлюся, але што трэба як найхутчэй пакінуць Севілью, бо калі мяне тут зловяць, дык абавязкова расстраляюць.
— Мой хлопча,— сказала мне Кармэн,— табе трэба нешта рабіць. Цяпер, калі кароль болей не корміць цябе рысам і сухой траской [184], табе трэба думаць, як зарабляць на жыццё. Ты занадта дурны, каб красці ὰ pastesas [185], але ты дужы і спрытны; калі ты да таго ж і смелы, дык ідзі на ўзбярэжжа і займіся кантрабандай. Ці ж я не абяцала, што цябе павесяць? Гэта лепш, чым быць расстраляным. Зрэшты, калі ты здолееш добра ўзяцца за справу, ты будзеш жыць, як князь, пакуль міньёны [186]і берагавая варта не схопяць цябе за каўнер.
У такім вось прывабным святле гэтая д’яблава дзеўка паказала мне новую кар’еру, якую яна мне прарочыла. I праўда, гэта было адзінае, што мне заставалася цяпер, калі мне пагражала пакаранне смерцю. I што ж, пане, яна намовіла мяне без вялікіх цяжкасцяў. Мне здавалася, што гэтае рызыкоўнае і бунтарскае жыццё яшчэ цясней злучыць мяне з ёй. Я лічыў, што цяпер майму каханню нічога не будзе пагражаць. Я часта чуў расказы пра кантрабандыстаў, якія ездзяць па Андалусіі на добрым кані з мушкетонам у руцэ і з каханкай ззаду ў сядле. Я ўжо ўяўляў сабе, як я скачу праз даліны і горы з мілай цыганачкай за спінай. Калі я казаў ёй пра гэта, яна памірала ад смеху і казала мне, што няма нічога прыгажэйшага, чым правесці ноч на прывале, калі кожны ром уводзіць сваю ромі пад невялічкі намёт, складзены з трох абручоў, накрытых коўдрай.
— Калі я завязу цябе ў горы,— казаў я ёй,— я буду спакойны за цябе! Там мне не прыйдзецца дзяліць цябе з нейкім лейтэнантам.
— Ах, дык ты раўнівы,— адказала яна.— Тым горш для цябе. Няўжо ты настолькі дурны? Ці ж ты не бачыш, што я цябе кахаю, бо ніколі не брала з цябе грошай?
Калі яна так казала, мне хацелася яе задушыць.
Карацей кажучы, пане, Кармэн знайшла мне цывільную вопратку, у якой я выйшаў з Севільі нікім не пазнаны. Я пайшоў у Хэрэс з лістом ад Пастыі да гандляра анісаўкай, у якога збіраліся кантрабандысты. Мяне прадставілі гэтым людзям, і іх верхавод, званы Данкайрэ, прыняў мяне ў банду. Мы рушылі ў Гаўсін, дзе я знайшоў Кармэн, якая прызначыла мне там спатканне. У нашых паходах яна была нам за шпіёна, і лепшага за яе ў гэтай справе ў свеце не было. Яна вярнулася з Гібралтара і ўжо дамовілася з адным суднаўладальнікам наконт пагрузкі англійскіх тавараў, якія мы меліся пераняць на беразе. Мы мусілі чакаць іх каля Эстэпоны, пасля схавалі частку тавару ў гарах і, узяўшы астатняе, накіраваліся ў Ронду. Кармэн ужо чакала нас там. Яна ж і паведаміла нам, калі будзе лепей увайсці ў горад. Гэтая першая выправа і некалькі наступных былі шчаслівыя. Жыццё кантрабандыста падабалася мне болей, чым салдацкае, я рабіў Кармэн падарункі. У мяне былі грошы і каханка. Сумленне мяне не мучыла, бо, як кажуць цыганы, прыемная кароста не свярбіць [187]. Паўсюль нас прымалі зычліва, таварышы мае ставіліся да мяне добра, нават з пэўнай павагай. Прычына была ў тым, што я забіў чалавека, а сярод іх былі і такія, хто не меў на сумленні такіх подзвігаў. Але найбольш у маім новым жыцці мне было даспадобы тое, што я часта бачыў Кармэн. Яна была больш прыязная да мяне, чым калі-небудзь раней. Аднак перад таварышамі Кармэн старалася не паказваць, што яна мая каханка, і нават прымусіла мяне паклясціся ўсімі клятвамі, што я нічога пра яе не скажу. Я быў такі слабы перад гэтым стварэннем, што падпарадкоўваўся любым яе капрызам. Зрэшты, тады ўпершыню яна здалася мне сціплай, сумленнай жанчынай, і я быў такі недалёкі, што паверыў, быццам яна і ўпраўду кінула свае колішнія звычкі.
Читать дальше