Даглядала няшчасную старая служанка, якая час ад часу прымушала яе папіць ці з'есці кавалачак халоднага мяса. Што тварылася ў гэтай адоленай роспаччу душы? Бог яе ведае: хворая перастала размаўляць. Можа, яна ўспамінала нябожчыкаў? Ці проста тужыла, не думаючы ні пра што? А можа, падцятая свядомасць яе ўвогуле знежывела, як застаялая вада?
У гэтакім вось стане, не бачачы людзей і не рухаючыся, яна пражыла пятнаццаць гадоў.
І вось нахапілася вайна; а на пачатку снежня прусакі занялі Кармэйль.
Я помню ўсё так добра, быццам гэта было літаральна ўчора. Стаялі лютыя маразы; я ляжаў у крэсле, абязножаны падаграй, і раптам пачуў цяжкі, размераны тупат. Глянуў у акно: ішлі варожыя салдаты.
Той калоне, здавалася, канца не будзе; прусакі ўсё ішлі ды ішлі, такія падобныя адзін да аднаго марыянетачнай скаванасцю рухаў... Потым начальства размеркавала іх па кватэрах. Да мяне пасялілі ажно семнаццаць чалавек. Да маёй звар'яцелай суседкі — дванаццаць, у тым ліку і маёра, сапраўднага салдафона, чалавека жорсткага і грубага.
У першыя дні ўсё ішло нармальна. Афіцэру сказалі, што гаспадыня хворая, і гэта яго не трывожыла. Але неўзабаве пастаянная адсутнасць яе пачала раздражняць яго. Ён запытаўся, што ў пані за хвароба; яму адказалі, што яна злегла з вялікага гора і не ўстае пятнаццаць ужо гадоў. Ён, мусіць, не паверыў і вырашыў, што няшчасная наўмысна, з гордасці не жадае ўставаць, каб не бачыць прусакоў, не размаўляць і не сутыкацца з імі.
Маёр запатрабаваў сустрэчы з хворай; яго прывялі да яе ў спальню.
Ён рэзкім тонам загадаў:
— Прашу фстаць і сысці фніс, матам, фсе мус фас пачыць.
Яна паглядзела на яго цьмяным невідушчым позіркам і прамаўчала.
Ён настойваў:
— Мой не пацерпіць цёрскасць. Калі фы не патнімайся с пасцель уласнай воля, мой снойце сротак прымусіць фас прагуляцца пес старонній тапамога.
Яна не зрабіла ніводнага жэста, нават не варухнулася, быццам і не заўважыла яго.
Палічыўшы гэтае маўчанне за выяву выключнай пагарды, афіцэр раз'юшыўся:
— Калі сафтра фы не пуцеце сысці фніс... — дадаў ён і выйшаў.
Назаўтра раніцаю перапалоханая старая служанка памкнулася адзець вар'ятку, але тая дзіка залямантавала і стала адбівацца. Афіцэр прыбег наверх. Служанка ўпала перад ім на калені і загаласіла:
— Яна не даецца! Месье, яна не даецца! Злітуйцеся над ёю, яна такая няшчасная!
Маёр трохі сумеўся: нягледзячы на ўвесь свой гнеў, ён не рашаўся паклікаць салдатаў і сілай выцягнуць гаспадыню з пасцелі. Але раптам ён зарагатаў і аддаў нейкі загад па-нямецку.
Неўзабаве з дома выйшла купка салдатаў, якія неслі матрац, быццам насілкі з параненым. На матрацы ляжала маўклівая вар'ятка, і цяпер абыякавая да ўсяго, раз яе не прымушалі ўставаць. Замыкаў шэсце салдат, які нёс клунак жаночай вопраткі.
Афіцэр, паціраючы рукі, прамовіў:
— А фось цяпер пуцем пахляцець, ці мошаце фы самі адзявацца і срапіць маленькая прагулянка.
Працэсія накіравалася да Імавільскага лесу.
Праз дзве гадзіны салдаты вярнуліся, але ўжо без ношы.
Звар'яцелая знікла. Што яны з ёю ўчынілі? Куды яны яе занеслі? Гэтага так ніхто ніколі і не даведаўся...
Снег падаў цяпер і ўдзень, і ўночы, ахутваючы наваколле халодным пушыстым саванам. Ваўкі вылі ледзь не каля парога дамоў.
Думкі пра тую кабету не давалі мне спакою; я некалькі разоў хадзіў да прускага начальства, каб хоць што дазнацца пра яе. Мяне ледзь не расстралялі.
Потым надышла вясна. Акупацыйная армія адступіла. Суседчын дом стаяў замкнёны; сад зарастаў быльнягом.
Старая служанка памерла яшчэ зімою. Нікога болей не хвалявала гэтая гісторыя, а мне яна не давала спакою.
Што сталася з жанчынай? Пэўна, яна ўцякла з лесу! Можа, яе падабралі і, не дамогшыся ніякіх тлумачэнняў, паклалі ў бальніцу...
У той год, восенню, слонак наляцела проста безліч; падагра дала мне маленькі пярэдых, і я так-сяк даплёўся да лесу. Я ўжо ўпаляваў з паўтузіна гэтых даўгадзюбых птушак, як неспадзявана чарговая падстрэленая птушка ўпала ў завалены галлём яр. Давялося спусціцца туды, каб знайсці здабычу. Птушка ляжала побач з чалавечым чэрапам. І тут мяне як хто ўдарыў кулаком у грудзі: я ўспомніў пра вар'ятку! Канешне, той злавеснай зімою ў тутэйшых лясах напэўна загінула шмат людзей, але, богведама чаму, я быў упэўнены, разумееце, упэўнены, што натрапіў на чэрап няшчаснай вар'яткі.
І тады я зразумеў, я ўявіў сабе ўсё. Прусакі пакінулі яе на матрацы ў бязлюдным лесе, і яна, не крануўшыся з месца, ціха памерла пад бухматым і лёгкім пухавіком снегу.
Читать дальше