«Хто гэта?» — спытала сяброўка. Я не магла ёй адразу адказаць. Я не магла прымусіць сябе назваць тваё імя: у гэты момант яно ўжо стала для мяне свяшчэнным, стала маёю таямніцаю. «Ах, проста адзін жыхар з нашага дома», — няскладна прамармытала я. «Чаму ж ты так пачырванела?» — з дзіцячаю бязлітаснасцю зларадна засмяялася сяброўка. І таму, што яна здзекліва дакранулася да мае таямніцы, кроў яшчэ гарачэй прыліла да маіх шчок. Ад збянтэжанасці я адказала грубасцю і крыкнула: «Дурніца набітая!» Я гатова была яе задушыць, але яна зарагатала яшчэ гучней і кплівей. У мяне ад бяссільнага гневу на вачах выступілі слёзы, я павярнулася да яе спінаю і пабегла наверх.
З гэтай хвіліны я пакахала цябе. Я ведаю, жанчыны часта гаварылі табе, свайму ўлюбёнцу, гэтыя словы. Але павер мне, ніхто не кахаў цябе з такою рабскаю вернасцю, з такою самаадданасцю, як тая істота, якою я была і якою назаўсёды засталася для цябе, бо нішто на свеце не можа зраўняцца з патаемным дзіцячым каханнем, такім непатрабавальным, самаахвярным, такім пакорлівым, насцярожаным і палкім, якім ніколі не бывае патрабавальнае і — хай несвядома — прагнучае ўзаемнасці каханне дарослай жанчыны. Толькі адзінокія дзеці могуць цалкам затоіць у сабе сваё пачуццё, другія выбалботваюць яго сяброўкам, прытупляюць яго прызнаннямі, — яны часта чулі і чыталі пра каханне і ведаюць, што яно непазбежны лёс усіх людзей. Яны цешацца ім, як цацкаю, выхваляюцца ім, як хлопчыкі сваёю першаю выкуранаю цыгарэтаю. Але я — у мяне не было нікога, каму б я магла даверыцца, ніхто не павучаў і не перасцерагаў мяне, — я была нявопытная і наіўная; я рынулася ў свой лёс, як у бяздонне. Усё, што расло і спела ўва мне, я давярала толькі табе, герою маіх мараў; тата мой даўно памёр, ад мамы, з яе пастаяннымі клопатамі беднай удавы, якая жыла на пенсію, я была далёкая, легкадумныя школьныя сяброўкі адштурхоўвалі мяне, бо яны бесклапотна гулялі тым, што было ў мяне вышэйшым пачуццём, — і ўсё тое, што звычайна дробніцца і расшчэпліваецца ў душы, усе мае заглушаныя пачуцці нецярпліва рваліся на паверхню і імкнуліся да цябе. Ты быў мне — як растлумачыць табе? любое параўнанне, узятае паасобку, будзе занадта слабае, — ты быў проста ўсё для мяне, усё маё жыццё. Усё існавала толькі таму, што мела дачыненне да цябе, усё ў маім жыцці толькі ў тым выпадку набывала сэнс, калі было звязана з табою. Ты перайначыў усё маё жыццё. Дагэтуль абыякавая і пасрэдная вучаніца, я нечакана стала першаю ў класе; я чытала мноства кніг, чытала да глыбокай ночы, бо ведала, што табе падабаюцца кнігі; на маміна здзіўленне, я раптам пачала з шалёнаю стараннасцю практыкавацца ў ігры на фартэпіяна, бо мне здавалася, што ты любіш музыку. Я чысціла і цыравала сваё адзенне, каб не лезці табе на вочы неахайна апранутаю, і страшэнна пакутавала ад чатырохвугольнай латкі на школьным фартуху, перашытым са старой мамінай дамашняй сукенкі. Я баялася, што ты заўважыш гэтую латку і будзеш пагарджаць мною, таму, узбягаючы па лесвіцы, я заўсёды прыціскала да левага боку партфель з кніжкамі і дрыжала ад страху, што ты ўсё-такі ўбачыш латку. Але якім смешным быў мой страх — бо ты ніколі, амаль ніколі на мяне не глядзеў!
І ўсё-такі я ўвесь дзень толькі тое і рабіла, што чакала цябе, сачыла за табою. На нашых дзвярах было круглае, у меднай аправе вочка, праз якое можна было бачыць твае дзверы. Гэтае вочка — не смейся, каханы, нават цяпер, нават цяпер я не саромеюся праведзеных каля яго гадзін? — было маім акном у свет; там, у ледзяной прыхожай, баючыся, каб не здагадалася мама, я праседжвала ў засадзе, з кніжкаю ў руках, цэлыя вечары не адзін месяц і не адзін год. Я была нібы нацягнутая струна, якая пачынала дрыжаць пры тваім набліжэнні. Я заўсёды была з табою, неадступна, з напружанаю ўвагаю сачыла за табою, але для цябе гэта было гэтак жа непрыкметна, як напружанне спружыны гадзінніка, які ты носіш у кішэні і які ў цемры цярпліва адлічвае і адмярае твае дні і суправаджае цябе на тваім шляху нячутным біццём сэрца, а ты толькі ў адну з мільёнаў адлічваемых ім секунд кідаеш на яго беглы позірк. Я ведала пра цябе ўсё, ведала ўсе твае звычкі, усе твае гальштукі, усе гарнітуры; я ведала і хутка навучылася адрозніваць усіх тваіх знаёмых, я падзяляла іх на тых, хто мне падабаўся, і на тых, каго я ненавідзела: з трынаццаці да шаснаццаці гадоў я кожную гадзіну жыла толькі табою. Ах, якога толькі глупства я не рабіла! Я цалавала дзвярную ручку, да якой дакраналася твая рука, я падняла акурак цыгары, які ты кінуў, перш чым зайсці да сябе, і ён быў для мяне свяшчэнным, бо да яго дакраналіся твае вусны. Вечарам я сотні разоў, знайшоўшы якую-небудзь прычыну, выбягала на вуліцу, каб паглядзець, у якім пакоі гарыць у цябе святло, і мацней адчуць тваю нябачную прысутнасць. А ў тыя тыдні, калі ты падарожнічаў — у мяне сэрца сціскалася ад страху кожны раз, калі я бачыла добрага Ёгана, які спускаўся ўніз з тваім жоўтым чамаданам, — маё жыццё на доўгія тыдні замірала і траціла сэнс. Панурая, маркотная, злосная, бадзялася я па доме, вечна баялася, каб мама па заплаканых вачах не заўважыла маёй роспачы.
Читать дальше