Урбанiстычны матыў, горад, адно зьяўляецца ў беларускай лiтаратуры, а ў яе беластоцкiм фрагмэнце пракiдаецца яшчэ менш, ледзь буяючы. Безумоўна, ён будзе дамiнуючым, але не ў такой ступенi, як на буржуазным Захадзе. Назiраныя тэндэнцыi зьменаў у грамадзкай структуры нашай нацыянальнай мяншынi выразна сьведчаць аб запавольваньнi працэсу аглямэрацыi ў буйныя гарады на карысьць хуткага разьвiцьця гарадоў-спадарожнiкаў i мястэчак. Праўда, Беласток лiчыцца беларускiм цэнтрам, адылi народжаныя ў iм, як правiла, вырастаюць палякамi, а iх сустраканая досыць часта беларускасьць дэкляратыўная, а не этнiчная. Прынамсi дагэтуль у «Белавежу» ўваходзiць ўсяго адзiн аўтар, якi нарадзiўся ў Беластоку, — ён, аднак, падтрымвае цесныя кантакты з бацькамi (Яраслаў Яновiч). Пiсьменьнiцкi талент шлiфуецца ў моўнай стыхii, калi не ў вымеры народу, то, прынамсi, у вымеры асяродзьдзя, аб чым i сьведчыць досыць вялiкая плеяда нашых паэтаў, што паходзяць з цэнтраў паветаў (напр. Надзея Артымовiч зь Бельску Падляскага). У разгляданай сытуацыi культуратворчую зьмярцьвеласьць можна параўнаць з эмiграцыяй як перамяшчэньнем у чужое абкружэньне. У гэтай роўнiцы тут не вiдаць адрозьненьняў.
Вясковасьць у нашай лiтаратурнай творчасьцi адчуваецца нават у тэкстах, даволi насычаных фiлязафiчнасьцю. Можна падумаць, што яна застанецца ў пiсьменстве беларускай мяншынi таксама i тады, калi зь сьвечкай давядзецца шукаць аўтара зь селавым паходжаньнем; бо мястэчкi ўзвышаюцца цывiлiзацыйным стандартам, а не адметным ад хутаранскага задзiры бачаньнем справаў гэтага сьвету. Але я не пэсымiст у гэтай матэрыi i адчуваю ўзрастаючае значэньне псыхiчнага скурчваньня зямной апукi, або, калi iнакш, узьнiкненьне т.зв. глябальнай вёскi. Гэта як бы на будучыню. Цяпершчына ж патроху сьпiхвае нас у тэматычны анахранiзм; параксізмы плачу па страчанай iдылiчна-анёльскай Аркадыi або туга па часах, калi хадзiлi басанож, араючы коньмi, стаецца нечым незразумелым i для нашых гарадзкiх дзяцей, ня кажучы аб блiжэйшай або далейшай Эўропе. Такая паэзiя патрабуе ўжо тлумачальных заўвагаў.
Будзем лiтаратурай глыбокай правiнцыi? Так, але ў гэтым яе вялiкi шанец на непаўторнасьць! Прашу зьвярнуць увагу на ўбоства слоўнiка i яго мэтафарычную бясколернасьць у людзей зь вялiкiх гарадоў. Дык жа гэта паказальна ў шмат якiх аспэктах, наўперад успрыманьня чалавека чалавекам. Слова як iнструмэнт, яго шматстайнасьць i багацьце, заўсёды красавала недзе ў экалягiчна чыстай Барбарыi, i, узятае там i прыцягнутае на рынак культуры, падлягала апрацоўцы й пераацэнцы.
Гаворачы аб пагрозах, трэба памятаць i аб тых, насьледкам якiх можа быць страта аблiчча нацыянальнага творцы, ператварэньне ў польскага пiсьменьнiка беларускай мовы. Гэта можна прадэманстраваць пры дапамозе эфэкту корка, пагружанага ў ваду... Адносна лёгка цi нават падсьвядома наступае заклапочанасьць праблемамi, якiя з усёй непазьбежнасьцю прадвызначаюць лёс гэтага закутка, як у фiзычным, так i ў духовым маштабе, адначасна будучы прадуктам нацыi, што валодае дзяржавай. Нельга праяўляць глухату да Польшчы, але трэба зважаць, каб яе мэлёдыi не заглушылi ўласнага аркестраваньня.
Я вяртаюся да не даказанага да канца параўнаньня: плавок з коркавага дрэва можна выкарыстаць як добрую мысьленную фігуру. Гэта знак на паверхнi бачанага, якi сыгналiзуе аб належнай глыбiнi. Без вудара, тым ня менш, гэта толькi вычварнае сьмецьце. Так бывае зь беларускiм словам, не ўкарэненым у роднай глебе; бы ссохлае пустазельле, якое матляецца вятрамi i вiхурамi. Яго iснаваньне апраўдана толькi тады, калi яно расьце i квiтнее, i дае плады. Калi яго заступiць iншае, зусім чужое — зьменiцца вiзуальны краявiд, зьява на выгляд амаль неiстотная, але — i тут адбываецца драма ў прыродзе — перажывае дэградацыю сфармаваная эпохамi беспасярэдняя падглеба. Тэрыторыя, пацярпелая ад асымiляцыi, вельмi доўга не ажывае, што проста-такi хрэстаматыйна iлюструе прасьцяг гiстарычнага Падляшша на карце лiтаратурнай Польшчы; колiшняя Седлецкая губэрня ў палянiзацыйным параксізьме здолела выдаць на сьвет выбiтную постаць Мiкалая Янчука з Корнiцы, аднаго зь першых прафэсараў Беларускага ўнiвэрсытэту, знаўцы ўсходнеславянскiх лiтаратур. I больш не нараджае для культуры аж па сёньняшнi дзень, перш як ня будзе даведзена да канца рэкультывацыя, скiраваная на зьлiцьцё гэтага рэгiёну з арэалам этнiчна польскiм, як моўнага, так i псыхалягiчнага. Досьвед чалавецтва ў пэрыяд асымiляцыi культур, пажыраньня адной другою, выразьлiва апэлюе да шэксьпiраўскага «быць або ня быць» . Мяншыня, засмактаная бальшынёй, — гэта яшчэ малая драма. Нашмат большая разгортваецца ў выглядзе культурастваральнага апустыньваньня асыміляванага прасьцягу, зьніштажэньня ўзьнiклых у iм гуманiстычных вартасьцяў. Культуру можна лёгка зьнiшчыць, але пасьля гэтага яна ўжо не паддаецца аднаўленьню (што зьдзіўляе невукаў пры пасадах).
Читать дальше