Усеваложскі спадзяваўся, што малады князь ажэніцца з яго дачкою. Але Соф'я Вітаўтаўна абрала сыну іншую нявесту. У Маскве жыў князь Уладзімір Храбры, герой Кулікоўскай бітвы. Ён меў за жонку дачку вялікага Альгерда — Алену. Соф'я сама была замужам далёка ад роднае стараны, і добра ведала, што гэта такое. Таму яна ажаніла сына з дачкой Уладзіміра Храбрага і Алены.
Гэта пакрыўдзіла Усеваложскага. Ён пакінуў Маскву, княжацкі двор і паступіў на службу да Юрыя. Юрый не пакінуў намеру завалодаць прастолам. Супраць былі яго сыны — Шчамяка і Касы. Яны хацелі памірыць бацьку з Васілём і Соф'яй Вітаўтаўнай. Шчамяка і Касы прыехалі на вяселле вялікага князя. На Касым быў пояс, аздоблены каштоўнымі камянямі. Некалі ён належаў жонцы Дзмітрыя Данскога, ды потым яго хітра падмянілі і ён знік. Соф'я ведала гэтую гісторыю. Калі б пояс не ўкралі, ён бы дастаўся ёй у спадчыну. Убачыўшы пояс у Касога, Соф'я не стрымала свайго гневу і сарвала яго. Касы і Шчамяка абурыліся — пояс яны не ўкралі, а купілі і не ведалі, каму ён належаў раней.
Усе гэтыя падзеі выкарыстаў Усеваложскі. Пачалася міжусобная вайна. Князь Юрый і яго сыны перамаглі, выгналі Соф'ю і Васіля з Масквы, захапілі велікакняжацкі прастол. Але князь Юрый раптоўна памёр, а Касы трапіў у палон, і яго асляпілі. Тады Шчамяка падсцярог Васіля, калі той паехаў маліцца, і, помсцячы за брата, тут жа ў царкве асляпіў яго. З тае пары Васіля пачалі называць Цёмным.
Міжусобная вайна працягвалася. I здарылася так, што баяры і народ падтрымалі сляпога князя і Соф'ю Вітаўтаўну. Сабраўшы моцнае войска, Васіль Цёмны разграміў Шчамяку і вярнуўся ў Маскву. Маладая дзяржава была выратавана ад распаду.
I лёс Соф'і, і лёс Васіля Цёмнага мала звязаны з іх радзімай — беларускай зямлёй. Але нам, іх нашчадкам, трэба памятаць пра сваіх продкаў, ведаць іх след у гісторыі, дзе б ён ні застаўся...
СВІДРЫГАЙЛА— Вялікі князь Вялікага княства з 1430 г. па 1432 г. Нарадзіўся ў 1370 г. Памёр ў 1452 г.
Пасля смерці Вітаўта ўнутранае становішча краіны пагаршалася з году ў год. Частка насельніцтва Вялікага княства была праваслаўная, а другая — каталіцкая. Католікаў падтрымлівала Польшча. На соймах-з'ездах шляхты прымаліся законы супраць праваслаўных. Беларускую мову, якая лічылася дзяржаўнай, спрабавалі памяняць на польскую. Праваслаўныя памяталі свае старыя прывілеі і ўзняліся на барацьбу. Яны сабраліся на з'езд і абвясцілі вялікім князем Свідрыгайлу. Усе ведалі, што ён падтрымліваў праваслаўе. Да таго ж беларуская шляхта паважала гэтага князя-вандроўніка і ваяку.
Калісьці яшчэ Вітаўт выгнаў яго з Віцебска, дзе ён княжыў. Свідрыгайла ўцёк у Маскву. У Маскве высока ацанілі яго воінскія здольнасці. Князю далі ва ўладанне горад Уладзімір. Але ён не ўседзеў доўга на адным месцы і збег з Масковіі аж да немцаў, бо хацеў адпомсціць Вітаўту. У адным з баёў ён трапіў да Вітаўта ў палон і аказаўся ў падзямеллі віленскай турмы.
У ноч перад Вялікаднем два праваслаўныя князі Фёдар Астрожскі і Аляксандр Нос патаемна вызвалілі Свідрыгайлу, і ён зноў набыў волю.
Калі Свідрыгайлу абралі вялікім князем, увесь народ прысягнуў яму на вернасць. Атрымаўшы ўладу, новы князь пачаў раздаваць землі і пасады толькі праваслаўным. Але на той час у Вялікім княстве было ўжо шмат католікаў. Цяпер пакрыўдзіліся яны і звярнуліся да Ягайлы, які заставаўся польскім каралём, але лічыў, што пасля смерці Вітаўта мае права патрабаваць, каб яму падпарадкоўваўся і вялікі князь Вялікага княства.
Ягайла адправіў да Свідрыгайлы пасла, які патрабаваў, каб той выконваў загады караля. Свідрыгайла раззлаваўся і кінуў пасла ў турму. Тады Ягайла павёў на Вільню войскі і заняў сталіцу. Польскі каталіцкі епіскап выступіў перад народам і ад імя папы рымскага вызваліў ад клятвы на вернасць вялікаму князю тых, хто прысягаў Свідрыгайлу.
Магнаты, самыя багатыя з паноў, што паспелі стаць католікамі, абралі вялікім князем малодшага брата Вітаўта — Жыгімонта.
Свідрыгайла ўцёк з Вільні, але не спыніў барацьбы. На яго баку былі Полацк, Віцебск, Смаленск, Кіеў, усё праваслаўнае насельніцтва. Яму пачалі дапамагаць Аўстрыя і Чэхія, якія варожа ставіліся да Польшчы і хацелі хоць нечым нашкодзіць ёй.
Ягайла і Жыгімонт некалькі разоў цярпелі паражэнні ў баях супраць войскаў Свідрыгайлы. Яны зразумелі, што ім не перамагчы сілаю. Тады Жыгімонт прыняў на сойме закон, які абвясціў роўныя правы католікаў і праваслаўных. Пасля гэтага большая частка праваслаўных пакінула войска Свідрыгайлы. Выкарыстаўшы гэта, Ягайла і Жыгімонт завалодалі Полацкам і Віцебскам, а потым разграмілі і Свідрыгайлу, у якога засталося зусім мала воінаў. Сам Свідрыгайла ўцёк за мяжу, дзе неўзабаве і памё'р.
Читать дальше