З часоў Гедзіміна пачалі складвацца асаблівыя адносіны паміж Вялікім княствам і Руссю, Масковіяй. Сталіцай Русі тады лічыўся Уладзімір. Русь знаходзілася яшчэ пад прыгнётам мангола-татараў. Адным з найбольш выдатных ваенных і палітычных дзеячаў тагачаснай Русі быў князь Аляксандр Неўскі, пасля смерці якога тытул вялікага князя ўладзімірскага перайшоў да яго пляменніка Міхаіла Цвярскога, што княжыў у Цверы, якая сапернічала з Масквою. Маскоўскі князь, у якога былі добрыя адносіны з татарскім ханам, хацеў пры яго дапамозе дамагчыся тытула вялікага князя. Цвярскія князі больш спадзяваліся на законныя правы і на моц войска.
Гедзімін выдаў сваю дачку Марыю за вялікага князя Цвярскога Дзмітрыя Грозныя Вочы і доўгі час дапамагаў Цверы ў барацьбе супраць Масквы. Але маскоўскія князі падкупілі і паклёпамі перацягнулі на свой бок татарскага хана і перамаглі Цвер. Асабліва вызначыўся ў гэтай барацьбе заснавальнік будучай Маскоўскай дзяржавы Іван Каліта. Гедзіміну давялося змагацца супраць яго. Аднак праз нейкі час другая дачка Гедзіміна Аўгуста-Анастасія стала жонкаю сына Івана Каліты Сямёна Гордага.
Пасля ўсіх гэтых падзей гістарычныя шляхі Вялікага княства і Масковіі неаднойчы перакрыжуюцца. Многія з вялікіх князёў у Вільні будуць мець жонак з Масквы або Цверы, а маскоўскія ўладары — жонак з Вільні. Здавалася б, з тае нагоды абедзве дзяржавы павінны жыць мірна. На самай справе было наадварот. Узаемныя непаразуменні і прэтэнзіі распальвалі войны, якія і пагубілі Вялікае княства.
На той час у кожнай дзяржавы вялікае значэнне мела духоўная ўлада. У Еўропе яе трымаў у руках папа рымскі, якому былі падначалены ўсе хрысціяне-католікі. На ўсходзе духоўная ўлада належала патрыярху канстанцінопальскаму і яго намесніку мітрапаліту маскоўскаму. Ім падпарадкоўваліся хрысціяне-праваслаўныя. Жыхары Вялікага княства — продкі сучасных беларусаў — былі ў асноўным праваслаўнымі хрысціянамі. Але паколькі яны не мелі свайго мітрапаліта, то знаходзіліся пад духоўнай уладай маскоўскага.
Сам жа Гедзімін заставаўся язычнікам, ён не прыняў новай веры. Пры ім у Вільні пабудавалі язычніцкі храм. Але Гедзімін ажаніўся з праваслаўнай князёўнай, пяцёра яго сыноў ахрысціліся. Каб насельніцтва краіны не залежала ад маскоўскай духоўнай улады, Гедзімін выпатрабаваў свайго мітрапаліта. Першага на беларускіх землях мітрапаліта звалі Феафілам. Пры ім хрысціянам Вялікага княства ўжо не трэба было падпарадкоўвацца мітрапаліту маскоўскаму.
Загінуў Гедзімін як сапраўдны князьвоін, у баі. Яго войскі ўзялі ў асаду крэпасць крыжакоў Баербург. Пад яе сценамі і забілі Гедзіміна.
Паводле завяшчання бацькі карона дасталася яго малодшаму сыну — Яўнуцію, або ў хрышчэнні Іаану. Але старэйшыя сыны Альгерд і Кейстут захапілі ўладу. Яўнуцій-Іаан збег у Маскву. Гэта пагоршыла адносіны дзвюх дзяржаў і браты вылучылі яму невялікае Заслаўскае княства (пад Мінскам).
Вялікім князем стаў Альгерд. Ён захаваў Кейстуту яго правы і правіў разам з ім.
Альгерд увайшоў у гісторыю як адзін з найбольш значных палкаводцаў таго часу. На захадзе ён адбіў усе напады нямецкіх рыцараў-крыжакоў. На ўсходзе падпарадкаваў Смаленск і Пскоў. Ноўгарад таксама знаходзіўся пад яго ўплывам. Ля рэчкі Сінія Воды ён ушчэнт разграміў татараў і іх саюзнікаў, былых кіеўскіх князёў. Кіеў увайшоў у склад дзяржавы Альгерда. У ім княжыў яго сын Уладзімір. Тэрыторыя Вялікага княства дзякуючы Альгерду павялічылася ўдвая і распрасцёрлася ад Балтыйскага мора да Чорнага. Вялікае княства стала буйнейшай еўрапейскай краінай.
Першы раз Альгерд ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай. Пасля яе смерці ён узяў за жонку дачку цвярскога князя Ульяну Цвярскую. Адносіны з Масквой былі вельмі складаныя. У Маскве тады княжыў Дзмітрый (пазней стане вядомы як Дзмітрый Данскі). Тройчы Альгерд падступаў пад сцены Масквы — сталіцы свайго суседа-саперніка.
Альгерд пакінуў пасля сябе аж дванаццаць сыноў. Нягледзячы на тое што ён быў хрышчоны, князь-воін загадаў пахаваць сябе паводле язычніцкага звычаю — спаліць на свяшчэнным вогнішчы разам са сваім любімым канём. Імёны Гедзіміна і Альгерда займаюць у нашай гісторыі вельмі пачэснае месца. Першы — заснавальнік княжацкай дынастыі, сапраўдны стваральнік новай дзяржавы — Вялікага княства. Другі — заснавальнік велічы і славы гэтай дзяржавы.
Читать дальше