Адзін з такіх князёў і стаў пачынальнікам новай беларускай дзяржавы. Яго звалі Міндоўг. Ён быў старэйшым сынам Рынгольда, правадыра аднаго з літоўскіх плямён. Як і вікінгі-варагі, Міндоўг вёў ваяўнічае жыццё. Аднаго разу ён даў сваім братам зусім невялікія дружыны і адправіў іх па здабычу. А калі яны вярталіся, падсцярог і забіў іх. Так ён захапіў уладу і стаў адзіным уладаром племя літвы.
Праз нейкі час Міндоўга запрасілі на службу ў Новагародак (цяпер Навагрудак). Ён згадзіўся абараняць горад ад нямецкіх рыцараў і набегаў мангола-татараў. Міндоўг тут ахрысціўся і хутка гараджане сталі лічыць яго сваім князем. Новагародскі ўладар удала вёў войны супраць ворагаў і паступова княства стала самае значнае і магутнае на беларускіх землях. Новагародку сталі падпарадкоўвацца спачатку суседнія, а потым амаль усе гарады былога магутнага Полацкага княства. Нават у самім Полацку кіраваў пляменнік Міндоўга — Таўцівіл. Так утварылася новая беларуская дзяржава, якая атрымала назву Вялікае княства Літоўскае.
Многіх у наш час здзіўляе, чаму беларуская дзяржава называлася літоўскаю. Адбылося гэта таму, што звычайна дзяржаву называюць па паходжанні княжацкай або царскай дынастыі. Чаму, напрыклад, славянская дзяржава са сталіцай у Ноўгарадзе, а потым у Кіеве атрымала ў гісторыі назву Русь. А таму, што некалі запрасілі княжыць князя з варагаў, якіх называлі русамі або руссю. А такая дзяржава, як Францыя (яе насялялі галы), атрымала сваю назву ад нямецкага племя франкаў, бо ўлада належала франкскім каралям. Франкаў было мала, яны хутка зніклі сярод галаў, а назва засталася. Гэтак жа было і на беларускіх землях. Вялікае княства называлі літоўскім, бо княжацкая дынастыя пачалася ад Міндоўга, які паходзіў з літоўскага племя. Да таго ж тыя, каго сёння называюць літоўцамі, у той час называліся жмудзінамі, а месца, дзе яны жылі, — Жмуддзю, краіны і дзяржаўнасці яны яшчэ не мелі.
Міндоўг увайшоў у гісторыю як мужны воін і таленавіты дыпламат. Вялікі князь сабраў моцнае войска і некалькі раз адбіваў набегі манголататараў. Але змагацца з нямецкімі крыжакамі было цяжэй. Іх падтрымліваў папа рымскі, які не прызнаваў праваслаўнага хрысціянства. Ён наперад адпускаў рыцарам усе грахі, калі яны ваявалі супраць славян. Кожны год папа рымскі збіраў больш як мільён залатых, каб дапамагчы заваёўнікам.
Барацьба з нямецкімі рыцарамі цягнулася доўга. Неаднойчы Міндоўг перамагаў іх, але здараліся і паражэнні. Тады князь ішоў на перамовы і іншыя дыпламатычныя захады. Ён уступіў у саюз з крыжакамі. Праз пяць гадоў пасля хрышчэння па праваслаўным абрадзе яму давялося перайсці ў каталіцкую веру. Пасля гэтага Міндоўга прызнаў і папа рымскі. Ён прыслаў яму карону, князь каранаваўся ў Новагародку як сапраўдны кароль. Нямецкія рыцары прыпынілі націск. Але войны не сціхалі. Міндоўг ваяваў і з рускімі князямі — са Смаленскім і Галіцкім княствамі, з суседзямі, у тым ліку з Полацкам, які на хацеў яму падпарадкоўвацца.
I ўсё ж Міндоўг, заключыўшы саюз з рускім князем Аляксандрам Неўскім, які ажаніўся з полацкай князёўнай, і праз нейкі час, злучыўшыся з войскамі Віцебска і Полацка, разграміў крыжакоў.
Сярод правадыроў літоўскіх дружын было шмат тых, хто быў пакрыўджаны на Міндоўга. У аднаго з іх — Даўмонта — Міндоўг адабраў жонку. Родзіч Даўмонта, жамойцкі князь Транята, параіў яму адпомсціць вялікаму князю, і Даўмонт паздрадніцку забіў Міндоўга.
Транята падштурхнуў Даўмонта да забойства, таму што сам марыў стаць вялікім князем. Ён забіў двух сыноў Міндоўга і хацеў заняць месца на прастоле. Але заставаўся даволі моцны сапернік — пляменнік Міндоўга Таўцівіл, што княжыў у Полацку.
Транята запрасіў яго да сябе, каб дамовіцца, як падзяліць уладу. На самай справе Транята вырашыў пазбавіцца і ад Таўцівіла. Таўцівіл добра разумеў гэта. Але ён лічыў, што зможа завалодаць прастолам, і сам рыхтаваў забойства Траняты. У час перагавораў полацкі баярын Пракопій здрадзіў свайму князю, і Таўцівіл загінуў. Транята ўжо збіраўся прыняць карону. Але ў гэты момант конюх Міндоўга, які шанаваў памяць свайго былога гаспадара, нанёс Траняту смяротны ўдар.
Пачалася барацьба за прастол. Пераможцам выйшаў сын Міндоўга — Войшалк.
Гістарычныя крыніцы апавядаюць, што ў маладосці Войшалк быў язычнікам і неаднойчы жорстка распраўляўся з хрысціянамі, але потым перайшоў у новую веру і стаў дбайным хрысціянінам. Лёс звязаў яго з князямі Галіцкага княства Шварнам (Сварамірам) Данілавічам і Львом Данілавічам. Родная сястра Войшалка была жонкаю Шварна Данілавіча. У адным з манастыроў Галіцкага княства Войшалк пастрыгся ў манахі, потым зрабіў падарожжа на святую гару Афон. Вярнуўшыся на радзіму, князьманах пасяліўся ў заснаваным ім манастыры.
Читать дальше