У выходныя дні ў Полацку было больш вайскоўцаў, чым цывільных асобаў. Паводле ўрадавае пастановы пачаліся працы па ўмацаваньню межаў, латыскае і асабліва польскае. У тыя гады панавала дактрына ўмацаваньня дзяржаўных межаў праз будаўніцтва ўмацаваных лініяў. Францыя збудавала «лінію Мажыно», Фінляндыя — «лінію Манэргайма», японцы стварылі ўмацаваную лінію на межах Манчжурыі, Чэхаславаччына — на мяжы зь Нямеччынай. Да будаўніцтва падобнае абарончае лініі прыступілі і тут. Лінія падзялялася паводле кіраваньня на часткі, адна зь якіх атрымала назву «Полацкі ўмацаваны раён» са штабам каля Спаскага манастыру па вул. Фрунзэ. Разьмешчаны ён быў у двухпавярховым каменным будынку былога манастырскага гатэлю, за цяперашняй таксаматорнай базай. Гэты будынак быў пушчаны немцамі да паветра і разбураны пасьля вайны, цяпер на гэтай тэрыторыі збудаваныя два «фінскія дамкі». Будавалі ўмацаваны раён адмысловыя вайсковыя аддзелы, з захаваньнем строгае сакрэтнасьці і выкарыстаньнем маскавальных сетак, саджэньнем вялікіх дрэваў, хмызоў, абкладаньнем дзірваном даўгатэрміновых агнявых пунктаў (ДОТаў) і да т. п. [1] Умацаваны раён (УР) быў складовай часткай гэтак званае «Лініі Сталіна», што цягнулася ад Балтыкі да Чорнага мора і мела 21 УР. Полацкі УР быў 56 км шырынёй і каля 5 км глыбінёй. Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, люд на пабудову яго прывозілі аднекуль з-пад Ніжняга Ноўгараду. Ім пад страхам турмы забаранілі кантакты з тутэйшымі людзьмі. Пасьля сканчэньня будоўлі ўсе былі вывезеныя назад у Расею. — тут і далей камэнтары Міхася Баўтовіча
Будавалі агнявыя пункты грунтоўна з жалезабэтону, з жалезнымі дзьвярыма, амбразурамі, з пад'ёмнымі жалезнымі каўпакамі з гарматамі. Некаторыя агнявыя пункты будаваліся ў 2–3 паверхі глыбока ў зямлі. У гэтых агнявых пунктах месьціліся казармы, шпіталі, склады вопраткі, харчовых прадуктаў, запасы вады, электрастанцыі, вузлы сувязі.
Акрамя буйных агнявых пунктаў, было параскідана шмат дробных у выглядзе курганоў, абкладзеных дзірваном зь невялікімі амбразурамі для назіраньня і кулямётамі. Умацаваны раён уяўляў сабой сыстэму глыбока эшалянаваных умацаваньняў. Пачыналіся яны ад гарадзкой ускраіны на Задзьвіньні і пралягалі ў накірунку да Лепелю і да мяжы. Усе ДОТы былі разьмешчаныя гэтак, што сваёй пальбой падтрымлівалі суседзяў, і пры наяўнасьці драцяных загароджаў і замінаваных палёў атрымлівалася паласа, для супраціўніка непраходная. Недзе недалёка ад Экімані быў збудаваны завод для рамонту танкаў і рознага ўзбраеньня ўмацаванага раёну. Завод быў закансэрваваны і ў часе вайны захаваўся. Некаторыя жыхары ведалі пра яго, але немцам не паведамілі. Пасьля вайны завод быў раскансэрваваны, а ягонае абсталяваньне зьвезенае. Полацкі аблвыканкам зьвяртаўся з просьбай, каб абсталяваньне перадалі полацкім прадпрыемствам, але не атрымаў дазволу. Абсталяваньне захавалася вельмі добра і ўяўляла вялікую каштоўнасьць. Пасьля дэмантаваньня заводу, ягоны будынак быў зноўку замаскаваны. Пра будову ўмацаваньняў раёну шырокай грамадзкасьці стала вядома толькі пасьля вайны. У сувязі з будаўніцтвам умацаванага раёну на захад ад Экімані быў збудаваны невялікі вайсковы гарадок. Каля вёскі Бецкае быў збудаваны рэзэрвовы аэрадром, ператвораны цяпер у аэрадром грамадзянскае авіяцыі. Штаб раёну быў злучаны кабелямі з каманднымі пунктамі ўмацаваньняў. Капаньне траншэяў для кабелю рабіла хутка адмысловая машына — малы стужкавы экскаватар. Гэтак да штабу раёну быў працягнуты кабель па вул. Фрунзэ. Акрамя пабудовы ўмацаванага раёну будавалася шмат вайсковых дарог, якімі злучаліся між сабой вайсковыя гарадкі. Бальшыня іх ішла ў бок Дрэтуні, на іх будаваліся масты з разьлікам на праезд цяжкіх машынаў. Быў збудаваны шэраг мастоў праз Палату, адзін — ля Спаскага гарадку, а другі — драўляны на палях з узмоцненым пакрыцьцём з разьлікам на праезд па ім цяжкіх танкаў у горадзе па вул. Кастрычніцкай. Дарогі былі грунтовыя зь пясчанай укатанай паверхняю з канавамі для адвядзеньня дажджавых водаў і асушэньня мясцовасьці. Гэтыя дарогі ў часе вайны паказалі сябе мала прыдатнымі.
У 1941 г. напярэдадні вайны распачалі рэканструкцыю ўмацаванага раёну, плянаваліся падземныя ангары, майстэрні, склады паліва ды боезапасаў, казармы і да т. п. Прадугледжвалася падаўжэньне бэтонных узьлётных палосаў, але вайна парушыла ўсе пляны. У горадзе былі збудаваныя два жалезабэтонныя бункеры: адзін — каля цяперашняга гатэлю для штабу Міністэрства супрацьпаветранае абароны (МПВО), а другі — каля вакзалу, над ім цяпер збудаваная кавярня «Хвілінка» [2] Потым мела назву «Бульбяная».
. Штаб МПВО меў на суседнім даму назіральную вежу і быў злучаны з шэрагам іншых назіральных пунктаў, з радыёвузлом і шэрагам сырэнаў для падаваньня сыгналаў. Разбураны ў 1976 г. Лёс умацаванага раёну быў гэткім: у 1940 г. ён быў раззброены, усе ягоныя агнявыя пункты дэмантаваныя і перавозіліся на новую заходнюю мяжу, на гэты раз ужо зь Нямеччынай. Там пачалося будаваньне ўздоўж мяжы новай умацаванай лініі. Да пачатку вайны пабудова новага ўмацаванага раёну ня была скончаная, а стары быў раззброены, і калі грымнула вайна, ён застаўся бяз зброі і гарнізонаў. Акрамя таго, як паказаў досьвед вайны, усе гэтыя ўмацаваныя лініі ня спраўдзілі спадзяваньняў, што на іх ускладаліся. Узбраеньне войскаў было гэткім, што ўмацаваньні не маглі іх стрымаць, і лініі праломваліся. Умацаваньні цягам баёў выкарыстоўваліся часткова палявымі часткамі, месцамі даволі ўдала.
Читать дальше