У цэнтры мы сталі ланцугом насупраць міліцэйскага ачапленьня. Турнікетамі ўжо былі агароджаныя адміністрацыйныя будынкі.
Амонаўцы затаіліся ў дварах, а потым выскачылі на нас. Спачатку, каб спалохаць, стралялі, а потым узяліся біць. Мяне звалілі з ног. Адзін амонавец нагой у берцах „раскочваў“ маю галаву, а астатнія білі дручкамі і нагамі па сьпіне, галаве, у пахвіну. Затым зьвязалі рукі клейкай стужкай ды закінулі ў аўтазак на падлогу. Наверх кінулі хлопца, а потым яшчэ аднаго, і роварам „накрылі“.
Даставілі ў аддзел міліцыі на вуліцу Энгельса. Там мясцовыя міліцыянты пашыхтаваліся калідорам і білі на праходзе прывезеных людзей. Паставілі да сьцяны. Я быў увесь у крыві. Склалі пратакол і кінулі ў перапоўненую камэру. Пабітыя здымалі майкі і перавязвалі сабе раны. Мне стала кепска. Людзі пачалі грукатаць у дзьверы камэры. Міліцыянты вынесьлі мяне на руках у суседнюю камэру, дзе былі мэдыкі з «хуткай дапамогі». Яны абураліся тым, што робіцца ў міліцыі. Казалі, што ня хочуць жыць у такой краіне.
Пад канвоем прывезьлі ў гарадзкую лякарню імя Сямашкі. Дзяжурны лекар сустрэў словамі: „Што вам, нягоднікі, не падабаецца наш прэзыдэнт Лукашэнка?“ і намазаў лоб зялёнкай. Галава крывавіла. Мне зьвязалі рукі ды ногі і паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленьне. Паставілі два катэтары: адзін на правую руку, а другі на чэлес. Камандзір амону, крыклівы, нахабны падпалкоўнік, а таксама супрацоўнік са сьледчага камітэту патрабавалі, каб мяне выпісалі. Мэдыкі пераконвалі, што гэтага рабіць нельга, бо я ў цяжкім стане. У мяне была чэрапна-мазгавая траўма, уся сьпіна сіняя. На целе жывога месца не было.
Пазьней мяне адвязалі ад ложка і таемна вынесьлі зь лякарні. Неяк удалося адцягнуць увагу ахоўнікаў. Колькі дзён я жыў на кансьпірацыйнай кватэры. Стан мой пагаршаўся. Тэмпэратура была высокай. Ужо ня мог есьці і хадзіць. Мае аднапартыйцы знайшлі варыянт лячэньня за мяжой. Спачатку я адмаўляўся, бо не хацеў пакідаць радзіму, а потым зразумеў, што сканаю. Параілі ехаць у Латвію. Праваабаронцы дапамаглі зрабіць дакумэнты на выезд.
У Латвіі, на самай мяжы, мяне чакала „хуткая дапамога“. Мне зрабілі некалькі ўколаў, начапілі кіслародную маску і адвезьлі ў цэнтральную лякарню Рыгі. Паклалі ў рэанімацыю. У ёй я правёў 15 дзён. Зрабілі апэрацыю. Выдалялі нагнаеньні ля страўніка і праводзілі дрэнаж правага яечка пасьля катэтараў, пастаўленых у аршанскай лякарні. Я ляжаў адзін у палаце. За сваё жыцьцё такога догляду ня меў. З рэанімацыі перавялі ў траўматалёгію.
Потым мяне адвезьлі ў рэабілітацыйны цэнтар у Юрмале. Дапамаглі з адзежай, бо на мне было толькі трыко ды кеды, і іншымі неабходнымі для жыцьця рэчамі. У цэнтры прабыў 21 дзень. У ім мне дапамагала паправіцца латышка Дыяна. Зь ёю шпацыравалі па ўзмор’і. Закахаліся. Цяпер разам і налета зьбіраемся пажаніцца. Жыву ў цэнтры для ўцекачоў у Муцэніеках. Мая каханая прыяжджае да мяне, а я наведваю яе.
9 жніўня сілавікі чынілі зьверства. Сямнаццаць гадоў я ў апазыцыйнай партыі. Супраць рэжыму Лукашэнкі выступаю, як толькі ён дарваўся да ўлады. Удзельнічаў у пратэставых акцыях, але з такой жорсткасьцю, як у дзень сёлетніх выбараў, не сутыкаўся. Яны забівалі людзей. Мая вэрсія — што гэта ўсё рабілі не беларусы, а расейскія найміты.
„Чую, як за вокнамі крычыць мая мама“
Наста, 18 гадоў:
— Мая гісторыя пачалася ў Менску 9 жніўня. Мы з маім хлопцам надзелі белыя майкі і прымацавалі чырвоную стужку, каб майка была як сьцяг. Схадзілі ў галерэю і шпацыравалі ў бок стэлы, спыніліся каля гатэлю „Менск — горад-герой“.
Там размаўлялі зь нейкім мужчынам, і за долю сэкунды гэтага мужчыны ня стала, а мяне ўжо вялі людзі ў чорнай форме. Майго хлопца таксама вялі. Нас пасадзілі ў сіні бус без нумароў і з чорнымі шторамі. Паставілі на калені, а каля нас селі трое амонаўцаў, сярод іх была адна жанчына.
Пасьля гэтага нас завезьлі за музэй Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца за стэлай, і паставілі тварам да аўтазакаў. Мы прайшлі праз калёну амону. Хлопцаў білі дубінкамі. Пасьля нас завялі ў аўтазак, які быў цалкам забіты людзьмі. І там ужо стаялі каля 30 хлопцаў. Яны ўсе былі зьбітыя, з акрываўленымі галовамі.
Нас прывезьлі, вывелі з гэтага аўтазака і проста, як быдла, сталі штурхаць, білі, нехта крычаў, лямантаваў. Нас паставілі да сьцяны. Мы стаялі ўтрох, я і яшчэ дзьве дзяўчыны. Нас павялі на подпіс чагосьці, пыталіся: што, дзе, адкуль, хто мы такія. Прымусілі цалкам разьдзецца, прымусілі прысядаць, адціскацца. Зьнялі ўсе каштоўныя рэчы, якія на нас былі. Пасьля гэтага нас завялі ў камэру, штурхаючы ў сьпіну. Кінулі, проста як нейкіх сабачак, у гэтую камэру і зачынілі жалезныя дзьверы.
Читать дальше