Больш за тое, мяне 29 траўня не было ў Горадні. У той пэрыяд я была на самаізаляцыі і з сакавіка нікуды не хадзіла. А суполка „Армія з народам“ была створана толькі 26 чэрвеня.
21 ліпеня мяне зьмясьцілі ў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. На наступны дзень, 22 ліпеня, у ЦІП мяне ў прысутнасьці дзяжурнага адваката дапытала сьледчая СК. Яна вяла допыт карэктна, мае паказаньні запісвала дакладна. Аднак ужо пасьля допыту да мяне ў ЦІП зноў прыйшоў супрацоўнік ГУБАЗіК. Цяпер ужо размова ішла без адваката.
Ён зноў прынёс гэтую тэчку з раздрукоўкамі асабістых паведамленьняў, дзе маркерамі вылучаныя асобныя фразы. Напрыклад, ён зачапіўся за паведамленьне, якое я напісала знаёмаму. Я была ў напружаньні і напісала паўжартам, маўляў, вілы ў мяне заточаныя. Вось да гэтага прычапіліся. Але я кажу: даруйце, я жыву ў прыватным сэктары і вілы — гэта проста мой аграрны інструмэнт. Ён зноў сядзеў і паўтары гадзіны мне пагражаў, што мяне пасадзяць, што ў мяне адбяруць дачку.
У канцы ён кажа: ну што, можа нам заўтра прыехаць, ты больш лагодная будзеш? А я кажу: не марнуйце мае падаткі.
24 ліпеня я выйшла на свабоду. Шчыра, калі мяне выклікалі, я была ўпэўненая, што мяне перавядуць у СІЗА. Але мяне адпусьцілі. Я застаюся падазраванай, я абавязана зьяўляцца на допыты па першым выкліку. Хаця падпіскі аб нявыезьдзе ў мяне ня бралі.
Рэвалюцыя вуліц
15 ліпеня беларусы падавалі скаргі на нерэгістрацыю кандадатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Чарга ў ЦВК расьцягнулася больш чым на кілямэтар.
„Па два рублі ніхто не пашкадуе“
— Штаб Віктара Бабарыкі вельмі добра расьпісаў гэтую скаргу. Там ёсьць выдатныя пункты пра тое, каб камэры відэаназіраньня былі пастаўленыя, напрыклад, за кошт выбаршчыкаў. Я думаю, што па два рублі ніхто не пашкадуе скінуцца.
„Мы — сьведкі“
— Я стаю ўжо дзьве гадзіны і хлопцы, якія ўжо выйшлі адтуль, сказалі, што на дадзены момант прымае толькі адна жанчына. Адпаведна такая прапускная здольнасьць. Ці будзе з гэтага карысьць? Я думаю, што ўсё мае сэнс. Мы — сьведкі. А кожны чалавек, з гэтага ці з таго боку, калі ён робіць дрэнны ўчынак і калі за ім сочаць 10-20 чалавек, ён можа адмовіцца ад гэтага, адчуць сумненьні. І гэта мае вельмі вялікі сэнс. Калі скаргі ня будуць задаволеныя, а я ўпэўнены, што яны ня будуць задаволеныя, тым ня менш, мы атрымаем яшчэ адзін вялікі доказ адносінаў улады да нас.
„Мы вас ня бачым, мы вас ня чуем“
— Вось глядзіце, людзі хочуць быць назіральнікамі на ўчастках. Яны сумленна зьбіраюць подпісы ў сваіх суседзяў і знаёмых. Іх не рэгіструюць, ім адмаўляюць. Мы ставім свае подпісы за кандыдата, нам кажуць, што тры чвэрці подпісаў несапраўдныя. Мы прыходзім, кажам вось, гэта я, мой подпіс. Нам кажуць, не, няма. Мы вас ня бачым, мы вас ня чуем, у нас свае людзі падпісалі, усё, нам дастаткова.
„Гэта ня траты, гэта інвэстыцыі“
— Раздаю людзям ваду, бо сонейка, а чарга доўгая. Набыў ваду і прынес ужо другі раз. Мы павінны дапамагаць адзін аднаму. Скаргу буду падаваць таксама. Трэба рабіць сумленныя выбары. Колькі я патраціў? Ай, лухту. Тыя людзі, якія цяпер сядзяць на Валадарцы і на Акрэсьціна, яны патрацілі значна больш. Так што гэта ня траты, гэта інвэстыцыі.
„Дачку назвалі Монікай“
— Прыйшлі сям’ёй, каб падыхаць сьвежым паветрам. Я спадзяюся, што ў гэтым ёсьць сэнс. У першую чаргу, гэта як бы размова кожнага з самім сабой, таму вырашылі задэкляраваць сваім удзелам свае адносіны. Ну вось яшчэ і маленькая расьце. Моніка. Называлі так, каб было прасьцей на Захадзе — лацініцай, а ўвогуле хочам, каб і тут было добра. Зразумела, што ўсім усё зразумела, што гэта бессэнсоўна, але калі мы гэта зробім, калі яны адмовяць, то яны адпаведна падпішуцца пад тым, што яны АЗГ, то бок, злачынным спосабам утрымліваюць уладу.
„На працу ня выйшаў“
— Учорашнія падзеі дрэнныя. Бо так зь людзьмі абыходзіцца нельга. На маёй працы аднаго забралі. Ён выходзіў з кавярні. Да жонкі ішоў. Ён удзелу не прымаў. Тых, хто браў удзел, цяжка было выцапіць, яны былі сашчэпленыя. А чаплялі тых, хто проста ішоў, каб паказаць, што так, мы працуем, мы нягоднікаў ловім. А ён быццам бы і не нягоднік, ён проста ішоў да жонкі. Што зь ім, я ня ведаю, але ён сёньня на працу ня выйшаў. Магчыма яшчэ там.
„Калісьці сама галасавала за яго“
— Я ўжо перажыла ўсе выбары, на якіх быў Лукашэнка. Калісьці сама галасавала за яго, таму што лічыла, што гэта той чалавек, які павядзе нашу краіну наперад. Але цяпер я настолькі расчараваная, што ў мяне няма словаў. Калі я бачу тыя кадры, якія паказвалі ўчора, калі я бачу, як абражаюць нашых людзей, маладых, старых, ня важна, дзяўчынак, хлопцаў, мне вельмі балюча, мне горка, што наша краіна падышла з прэзыдэнтам да такіх жахаў.
Читать дальше