– Ды кіньце вы дурное! – Скарына адмахнуўся, нібы ад надакучлівай мухі. – Гэта ўсё казачкі для прафанаў. Вось Ластоўскі, які сядзіць у Коўне, у сваім часопісе «Крывіч» таксама ўсё прапануе такія тэорыі – пра беларусаў як самую чыстую славянскую нацыю, якая не зазнала моцнага чужынскага ўплыву.
– Дык а хіба ён не мае рацыі? – Шумскага зачапіў безапеляцыйны тон Скарыны. Колішняй абыякавасці ў паглядзе ўжо не адчувалася.
– Гледзячы ў чым. Калі даследаваць чысціню крыві, то для гэтага пакуль мала звестак. Магчыма, што тут ён і не памыляецца: беларусы – самая чыстая з славянскіх нацыяў. Магчыма… Але што тычыцца культуры і цывілізацыі, дык тут я толькі паўтаруся: кім бы мы былі без уплываў як з Захаду, так і з Усходу? Вы згадайце хіба толькі тое, што грамату для славянаў прыдумалі грэкі – Кірыла і Мяфод. Нашыя продкі, можа, на той час і не былі абсалютнымі дзікунамі, але ўсё ж мала ад іх адрозніваліся.
Для Вітушынскага ягоныя словы гучалі калі не абсалютнай ерассю, то прынамсі досыць дзіўным цверджаннем. Але пакуль што ён не мог знайсці ў вычварнай логіцы Скарыны слабога месца. А так хацелася знайсці – і ўдарыць. З усяе моцы. Самымі забойчымі аргументамі.
– Ну вось, пра жанчыну ніхто і не думае: завялі сваю катрынку пра навуку ды вынаходствы, – Алена спрабавала ўвязацца ў размову. – Ясна, што ў нас шмат чужога, прывезенага. Нават мяса, і тое гатуецца па-французску!
Тым часам Скарына, не зважаючы на сестрыны словы, працягваў:
– Вось і атрымліваецца, што без замежных уплываў мы самі па сабе нічога не можам паказаць. Няма ў нас нічога свайго.
Вітушынскі, які спярша хацеў падтрымаць Алену якім-небудзь жартам, ад доктаравых словаў завёўся і адказваў ужо яму, абмінаючы ўвагай дзявочую рэпліку:
– Але ў такім разе мала хто можа паказаць нешта сваё: французы пазычалі ідэі ў італьянцаў, немцы – у ангельцаў. Чаго варты быў бы французскі Рэнесанс без італьянскага? Ці быў бы магчымы нямецкі пратэстантызм без таго выпадку, калі брытанскі кароль абвясціў сябе кіраўніком англіканскай царквы?
– Дык і я ж пра тое вяду гаворку, – Скарыну відавочна забаўляла тэма. – Мы не можам разглядаць нашую гісторыю ў адрыве ад еўрапейскай – ад яе ўплываў, ад яе падзеяў.
Антон набычыўся і прывёў аргумент, які падаваўся яму важкім і неаспрэчным:
– Аднак жа не варта механічна пераносіць на нас іх падзеі. Напрыклад, рэлігійныя войны, якія скаланалі Еўропу, нас не закранулі. Не было ж у нас такой Баўтрамеевай начы, падчас якой у Парыжы кроў залівала вуліцы!
– Ці дакладна вы гэта ведаеце? А калі я дакажу вам іншае? – з твару доктара не сыходзіла скептычная самаўпэўненая ўсмешка. – Гісторыю пра Язафата Кунцэвіча ведаеце? Яго ж проста не пускалі ў гарады: у Магілёве і Воршы з гарматаў стралялі, каб не заехаў уніяцкі казаннік у горад. І што гэта, на вашу думку, калі не рэлігійная вайна? А такіх прыкладаў безліч. Кунцэвіч – хіба што самы вядомы і самы вымоўны. Былі ж яшчэ і выгнанні з цэркваў, смяротныя бойкі паміж уніятамі й праваслаўнымі. Вы мне скажаце пра дыспуты. Канечне, было і такое. Але хіба не тое ж самае – з дыспутамі і адначаснымі крывавымі закалотамі – дзеялася ва ўсёй Еўропе? Магу вам нагадаць толькі, што забойства Кунцэвіча – гэта гадоў праз сорак пасля Баўтрамеевай начы і гадоў за дваццаць да аблогі Ля-Рашэлі. Немцы гэтым часам рэжуць адзін аднаго ў Трыццацігадовай вайне, у ангельцаў выспявае антыманархічная рэвалюцыя…
Задаволены сваімі аргументамі, Скарына адкінуўся на спінку крэсла.
– Але цяпер жа ў нас не так, як у Еўропе, – Вітушынскаму ўсё ж карцела настаяць на сваім.
– Чаму вы так упэўнены ў гэтым? – Скарыну, здаецца, нават здзівіў факт, што нехта імкнецца аспрэчыць ягоныя тэзісы. Ён выцер насоўкай лоб і працягваў: – Мы цяпер жывём паводле дактрыны Карла Маркса, народжанай у Нямеччыне. Канцэпцыі, на якіх спрабуюць збудаваць сваю дзяржаву тыя ж чэхі, палякі ці балгары, – таксама карэняцца ў Заходняй Еўропе: ідэя нацыянальнай дзяржавы прыйшла да нас адтуль, і досыць нядаўна. Зрэшты, і ў саміх французаў альбо ангельцаў яна выкрышталізавалася параўнальна не так даўно – гадоў трыццаць-сорак. Час пакажа, наколькі гэта жыццяздольная ідэя.
– Думаю, вельмі разумная, прадуктыўная і жыццяздольная. Гэта прызнала нават новая ўлада: нездарма ж яна правяла ўзбуйненне Беларусі! – выдыхнуў Шумскі з відавочным раздражненнем. Вітушынскаму зноў драпнула слых вымаўленне Шумскага.
Алена яўна ўстурбавалася тым, які кірунак атрымала гутарка. Было відаць, што яна сумнявалася, ці варта дазваляць мужчынам спрачацца далей. Спрабуючы перавесці размову на іншае, яна ціха заўважыла брату, што, магчыма, злоўлены бандыт усё ж не той бадзяга, пра якога распавядала суседка:
Читать дальше