– Мяне клічуць Альгердам. Я – настаўнік касмічнай вучэльні.
– Якой?
– Касмічнай, – больш выразна вымавіў Альгерд. – Я буду аэранаўтам?
– Не. Міжпланетныя караблі цябе не чакаюць, хоць лятаць ты зможаш паўсюль.
– Як яны? – кіўком галавы Кастусь паказаў на акно.
– І як яны таксама. – Дзе я? У якой краіне?
– Ты ў Самбале, мясціне вышэйшага чалавецтва і правідэнцыйных сілаў.
– Я не ведаю такой.
– На Зямлі яна вядомая толькі некаторым. – Як я сюды трапіў?
– Я цябе забраў.
– Навошта?
– Каб выхаваць і навучыць. – Чаму?
– Нашай навуцы.
– А як яна завецца?
– Творчасць.
– …Не разумею. Чаму я?
– Ты – абраны.
Кастусь занепакоіўся і падумаў пра няпэўнасць, нават уяўнасць свайго становішча.
– Хаманея. Мне сніцца?
Нешта ўспомніўшы, ён здрыгануўся і хуценька абмацаў свае грудзі. Адчуўшы пад далонню амулет, задаволена ўздыхнуў.
– Ты не спіш і даўно ачуўся.
– Я жывы?
– Канечне.
– Што з людзьмі?
– Жывуць па-ранейшаму.
– А мае родзічы?
– Турбуюцца пра цябе, шукаюць.
– Я вярнуся да іх?
– Не.
Сэрца Кастуся балюча ёкнула ад раптоўнага прыліву горычы, і ён, узрушаны, ускочыў з пасцелі.
– Гэта жорстка. Яны будуць пакутаваць і сумаваць. І ніхто іх не суцешыць. Я хачу дадому.
– Твой дом тут.
Альгерд знарок паддаваў жару, каб пабачыць, як шугае вогнішча.
– Няпраўда! – цвёрда выгукнуў Кастусь і паглядам паімчаў удалячынь. – Ён там, дзе мае маці, бацька, браты, сястра, сябрукі…
– …альбо іншае атачэнне і нават адзіноцтва, калі імі прасякнеш.
Усхваляванасць не пакідала Кастуся. Ён сердаваў, што суразмоўца ўпэўнена і лёгка расхіствае ягоную пазіцыю, а ў яго не стае пераканаўчых аргументаў, каб трымацца.
– Тое, ад чаго пайшоў, нішто не заменіць, – злосна буркнуў ён, ледзь стрымліваючы сябе.
– Правільна. Ты ведаеш, ад чаго?
– Так, я ўжо сказаў.
Альгерд усміхнуўся, і Кастусю падалося, што паблажліва.
– Вы з мяне кпяце?
– Ніколькі. Мне імпануюць твае разважанні. Ты не па веку кемлівы – гэта вельмі добра. Значыць, нашая справа пойдзе належным чынам.
Кастусь маўчаў. Яму хоць і спадабалася хвала Альгерда, але надакучыла барукацца. Ён адчуваў глыбокую самоту і вельмі хацеў дамоў. Горкасць сціскала грудзі і спірала дыханне.
Нікога няма. Куды ўсе падзеліся?
– Мама! – крыкнуў ён і палахліва зіркнуў па баках.
На панадворку не было ні курэй, ні качак, ні сабакі. У хляве не рохкалі свінні, не пыхкала карова.
Бразнуў клямкаю веснічкаў і выбег на вуліцу. Таксама пуста. Цішыня аж увушшу звінела.
– Мама! – паклікаў гучней і, праглынуўшы горкі камяк крыўды, пабег у хату.
Калі адчыніў дзьверы, пачуў нязносны крык матулі. Адразу кінула ў жах – і ён ірвануў у трысцен.
Напаўаголеная маці ляжала ў ложку на пакамечаным хаўбосці і чамусьці ненатуральна курчылася. Над ёю схілілася баба Акуліна, якая з падазронай зацятасцю варочала рукамі і аднастайна мармытала штосьці недарэчнае, нібы замаўляла.
– Не, не, не! – залямантаваў Косцік і з кулачкамі наляцеў на старую.
Тая ад нечаканасці здрыганулася і раззлавана адпіхнула яго. Але ён не адступаў і апантана каёчыў яе. Суседка Пелагея, што стаяла побач са скарачом, рашуча ўзяла хлопчыка за руку і пацягнула прэч. На парозе ён пачуў прарэзлівы крык дзіцяці і асалапеў.
Аднекуль выплылі незнаёмыя постаці і твары, якія заклапочана нешта абмяркоўвалі і кудысьці спяшаліся.
Ён мімаволі памкнуўся за імі – і знямеў ад нечаканага светлавога пошугу, за якім узніклі могілкі.
Халодны смутак ахутваў гэтае журботнае месца. Сцюдзёнасці дадавалі горкія слёзы, немае галашэнне і няўцешны плач, што вывяргала гаротная купка людзей ля труны ўскрай свежай ямы. Святар прачула казаў пра вечны спачын.
Косцік панура назіраў панахвіду і не разумеў, навошта яна, бо нябожчык усё роўна ўжо нічога не ўспрымаў. Хлопчык не ведаў, чаму і куды знікаюць людзі, і злаваў на бездапаможнае жыццё, якое збяднела на яшчэ аднаго чалавека. Якім яно будзе, калі нікога не стане?
– Косцік, чаму ты на мяне так жаласліва пазіраеш?
– Крыўдзіцца не будзеш?
– Не.
– Мне шкада цябе.
– Гэта чаму ж?
– У цябе было цяжкае жыццё, ты шмат пакутаваў…
– Сапраўды, нялёгка прыйшлося. Ды хіба я адзін такі: многія зносілі трасцу.
– Так, усім нашым продкам было бядотна. Марыя Іванаўна казала, што мы, бялусы, вякамі жылі пад жорсткім прыгнётам ліцьвінаў і аслабаніліся толькі дзякуючы нашым братам – мусам. Каб не яны, дык мы б і дагэтуль гаравалі.
Читать дальше