Яны паволі рушылі ўздоўж залацістай берагавой стужкі. Пры бачанні поруч вытанчанага дзявочага стана знатны ваяр адчуваў нясмеласць і нейкае незразумелае дрыготкае трымценне ў грудзях.
– Не разумею, як у чароўнай вяшчункі атрымалася гэткае дзіва – падпарадкаваць сваёй волі нябесныя маланкі? – абы не маўчаць, спытаўся князь.
– Гэта воля наймагутнага Пяркунаса і дзівоснай Аўштры! – хутка адказала Мірута. – Добры ж кунігас сам, нягледзячы на тое, што пакланяецца цяпер іншаму богу, пакінуў у сваім вялікім паселішчы капішча волата грому.
Светавар хацеў быў запярэчыць сваёй чароўнай спадарожніцы, што Бог на нябёсах адзіны, але стрымаўся. Відаць, не зразумее тое паганская вяшчунка.
– А хто чакае слаўнага ваяра дома ў Троках? – раптам пацікавілася спадарожніца.
– Ды, акрамя служак, ніхто, – нягучна вымавіў Светавар, змоўчыўшы пра сваю маладую княгіню, што летаў з тры таму памерла ад раптоўнай хваробы, не пакінуўшы яму спадчыннікаў. Гэту цяжкую страту валадар Трокаў перажываў доўга. У сваім палацы, дзе ўсе сцены нема сведчылі аб пайшоўшай любай, амаль не затрымліваўся. Шукаў забыцця ў баявых паходах і бітвах з ворагамі. І вось сустрэча з гэтай надзвычай прыгожай маладой жамойткай растапіла лёд у сэрцы знатнага ваяра.
– Ну, мне ўжо час ісці. Патрэбна гатавацца да вечаровага служэння Аўштры. – Прыпынілася дзяўчына ля сцяжыны, якая вяла ад мора да жытла вайдэлотак.
Колькі імгненняў яна задуменна ўзіралася ў пахмурны нябесны блакіт.
– Як я разумею, заўтра знатны кунігас ад’язджае дамоў? – ціха спыталася Мірута.
– Так, нам пара вяртацца на радзіму, – хутка кінуў Светавар. – Загасціліся мы ўжо ў вашым закутку. Ледзь не наклікалі на яго бяду.
– Што ж, жадаю слаўнаму кунігасу гладкай дарогі,– адчуўся ў голасе вайдэлоткі сум. – Як у нас кажуць: Bon voyage! [8] Шчаслівага шляху!
Яна павярнулася і таропка, не азіраючыся, пайшла па сцяжыне. Князь Светавар узрушана праводзіў яе позіркам. Няўжо вось так усё скончыцца – дзяўчына схаваецца ў бары, і ён больш ніколі не пабачыць ейных дзівосных светлых зорак?
У паселішча ён вярнуўся пад вечар і адразу рашуча скіраваўся да дома старэйшыны. Кушніс запрасіў знатнага госця адвячэраць. Уважыўшы сівога правадыра, Светавар адведаў стравы з марской рыбы, папіў гарачага траўнага напою. І звярнуўся да старога з тымі думкамі, якія валодалі ягоным сэрцам.
– Моцна падабаецца мне, мудры Кушніс, адна ваша дзяўчына. Усе думкі і днём і ноччу мае адбірае, – шчыра мовіў ён да мясцовага правадыра. – Аддай за мяне замуж Міруту. Як вярнуся ў свой кут, вышлю табе за яе багатыя дары!
Твар сівога жамойта пашарэў.
– Што ты, слаўны кунігас, – спалохана вымавіў ён. – Мірута ж – вайдэлотка! Яна давала зарок нявіннасці і вернасці нябеснай Аўштры! Калі мы па ўласным жаданні парушым гэты запавет, багі ўгневаюцца і пашлюць на наш гаротны народ свае страшныя нябесныя кары! Таму прабач, добры кунігас, не ў маёй волі дапамагчы тваёй шчырай сардэчнай просьбе, – цяжка ўздыхнуў старэйшына.
Князь Светавар – змрочны і расхваляваны – пайшоў у сваю спачывальню. Ноччу доўга не мог заснуць ад тужлівых думак…
На золку ліцвінская сотня пакідала гасціннае жамойцкае паселішча. Праводзіць хаўруснікаў у дарогу выйшлі амаль усе ягоныя жыхары. Шчыра абняўшыся на развітанне са старэйшынай Кушнісам, які даў на колькі дзён ім прытулак, князь Светавар ускочыў на баявога каня і не стрымаўся, міжволі пашукаў вачыма сярод натоўпу Міруту. Але маладой вайдэлоткі сярод жанчын, што жадалі ліцвінам шчаслівай дарогі, не прыкмеціў.
«Развіталася з табой учора. Таму і не прыйшла», – няпэўна разважыў ваяр і скіраваўся ўслед за сваімі воямі.
Апынуўшыся ўжо за брамай пасялення, ён прыпыніў на імгненне каня, азірнуўся на той кут лесу, дзе знаходзілася жыллё вайдэлотак. Выразныя вочы прыгожай жрыцы раптам паўсталі перад ім, бы тыя далёкія вечаровыя бліскучыя зоркі. Няўжо ён вось так проста ад’едзе і больш ніколі іх не пабачыць? Ад гэтай невыноснай думкі ў сэрца ваяра нібы ўпілася вострая стрэмка.
«Вядзьмарка!» – у адчаі падумаў ён пра вайдэлотку.
І раптам у галаве князя маланкай пранесліся выратавальныя думкі.
«Чакай, як гэта казаў учора старэйшына наконт Міруты? Здаецца так – калі мы па ўласным жаданні парушым ейны зарок, то багі ўгневаюцца на нас. А калі не па сваёй волі?.. Калі ён проста выкрадзе вайдэлотку… Што тады? Паганскія багі разгневаюцца толькі на яго, Светавара!»
Читать дальше