– Здаецца, наклікалі мы на ваш гасцінны дом бяду, – вінавата мовіў старэйшыне князь Светавар, пільна аглядаючы з вежы варожы лагер.
– Ды не тужыся аб гэтым моцна, добры кунігас, – вымавіў у роздуме сівы правадыр жамойтаў.– Ты ж адразу па прыездзе да нас папярэдзіў, што за вамі ідуць следам крыжакі. Ноччу, падобна, яны не збіраюцца рабіць на нашыя ўмацаванні напад. Раніцой жа прыкінем, як ад іх адбіцца. – Павярнуўшыся, старэйшына пачаў няспешна спускацца па лесвіцы з вежы.
Светавар яшчэ раз уважліва азірнуў варожы стан. Атрад крыжакоў, які стаяў перад пасяленнем, налічваў больш за тысячу мячоў. Што яны змогуць заўтра ім супрацьпаставіць? Дзве сотні вояў разам з мясцовымі жыхарамі? І нетрывалае ўмацаванне ў выглядзе драўлянага частаколу? Тады чаму твар мудрага мясцовага правадыра колькі імгненняў таму захоўваў спакой? Яго зусім не хвалюе лёс жыхароў свайго пасялення, ці што?..
Ноччу князь спаў неспакойна. Варочаўся. Аніяк не мог пазбавіцца ад змрочных думак.
Раніцой ён у латах прайшоў да сваіх вояў, якія выстройваліся ў ланцуг уздоўж абарончага частаколу. Дзень абяцаў быць пахмурным. З мора дзьмуў прахалодны паўночны вецер. Спацелае шэрае неба зацягвалі вялікія калматыя хмары. Ступіўшы да назіральнага вакенца ў браме, князь бегла агледзеў варожы стан. У ім назіраўся рух нямецкіх крыгераў – тыя выстройваліся ў баявыя дзіды перад шапкамі шатроў. Наперадзе іх бачыліся на конях закаваныя ў браню рыцары.
– Падрыхтавацца да бою! – аддаў кароткі загад князь сваім воям і азірнуўся на натоўп жыхароў, што сабіраўся за ягонай спінай насупроць абарончай вежы – дзе ж старэйшына са сваімі мясцовымі воямі? І ў здзіўленні павёў брывамі.
Уздоўж натоўпу, які расступаўся, велічна ішлі вайдэлоткі з запаленымі факеламі ў руках. Узначальвала шэсце служанак Аўштры Мірута – у доўгай ружовай кашулі з чырвоным кветкавым вянком на галаве. Дасягнуўшы частаколу, жрыца грацыёзна ўзышла па лесвіцы на вежу і працягнула да змрочнага неба свае тонкія рукі. Пачуўся распеўны ўмольны прызыў да нябесных багоў.
Услухваючыся ў чужую мову, князь Светавар зразумеў толькі, што жрыца звяртаецца адначасова да багіні Аўштры і ейнага мужа-волата Перуна. І просіць у іх дапамогі – каб саслалі яны з нябес на галовы лютага ворага свае грымучыя вогненныя стрэлы.
І вось дзіва! Нябеснае прасцірадла раптам пацямнела, яго прашылі страшныя бліскучыя маланкі і гром. Вогненныя нябесныя стрэлы снапамі пранізалі за брамай крыжацкі стан.
– Šlovė ir garbė jums, didieji dievai! [6] – Хвала і слава вам, вялікія багі!
– Схіліла на вежы галаву перад нябёсамі ў знак удзячнасці маладая жрыца.
– Šlovė ir garbė jums, didieji dievai! – апусціўся ў пакоры на калені ўнізе натоўп.
Збянтэжаныя і перамяшаныя ўдарамі маланак варожыя рады тым часам у паніцы беспарадкава адступалі ад пасялення да выратавальнага лесу.
– Hexe! Hexe!.. [7] – Ведзьма! Ведзьма!.. (ням.)
– чуўся напужаны роў крыжацкіх райтараў.
«Вядзьмарка і толькі!» – ківаючы галавой, падумаў князь Светавар таксама пра маладую жрыцу-жамойтку і, ледзь варта рухава адчыніла па ягонаму знаку браму, уласна загадаў сваім воям:
– Па конях! Ворагу – пагоня!..
Калі ліцвінская сотня выехала з пасялення, ёй у якасці ўзнагароды ў пакінутым варожым стане дасталіся крыжацкія прыпасы і колькі ацалелых ад агню шатроў.
– Ну вось, харчамі на зваротную дарогу дамоў вы, лічы, разжыліся! – весела сустрэў у браме ліцвінскага ваяводу старэйшына Кушніс.
– Заўтра мы пакінем ваш гасцінны дом, каб не наклікаць на яго больш бяды, – хутка мовіў яму князь Светавар і, аддаўшы загад воям падзяліцца здабычай з мясцовымі жыхарамі, павярнуўся, прышпорыў каня да Варажскага мора.
Выкупаўшыся ў прахалодных водах, ён апрануўся, рушыў уздоўж берага да месца, дзе ўчора незнарок натрапіў на вайдэлотак, у тайнай надзеі сустрэць там Міруту, якая сёння адразу пасля паніковых уцёкаў крыжакоў пакінула спешна паселішча. Жрыцу ён адшукаў сярод вострых бурых скалаў. Седзячы на невысокім плоскім камені, дзяўчына задуменна ўзіралася ў бясконцы водны блакіт.
– Гэ, добры кунігас! – ледзь Светавар наблізіўся, усміхнулася вайдэлотка. – Як, задаволены, храбры ваяр, сваёй сёняшняй здабычай у ворага?
– Здавальненне ад здабычы ў мужных вояў бывае толькі тады, калі яны ў баі разгромяць ворага. Сёння ж ён сам кінуўся наўцёкі,– хутка адказаў Светавар.
– Прагуляемся крыху, – устала дзяўчына з каменя. – Люблю глядзець на мора. Калі на сэрцы нуда ці трывога, яно заўсёды заспакойвае.
Читать дальше