У пад’ездзе зусім холадна, холадна стаяць нават каля адчыненых у кватэру дзвярэй, і Маладая жанчына прапанавала Цылі Львоўне зайсці, але тая адмовілася і пайшла на другі паверх – да сябе.
Маладая жанчына зачыніла дзверы кватэры на першым паверсе. Яна вярнулася да перапыненага занятку – упрыгожвання ялінкі. Быў 1996 год, яна ўпершыню адзначала Каляды ў гэтай кватэры, таму ёй давялося схадзіць у найбліжэйшую ад дома краму (а гэта быў ГУМ), каб набыць ёлачныя цацкі. Шары і дожджык, бліскучы дожджык – вось што яна хацела набыць.
Хацела набыць шары, каб усе былі рознага колеру, і зялёны ці залацісты дожджык. Але шары ў ГУМе прадаваліся толькі ў наборах – аднаколерныя.
Падлічыўшы грошы, яна вырашыла купіць набор срэбных шароў: каб атрымаць рознакаляровыя, яна мусіла набыць тры розныя наборы, а гэта было нерэальна. І дожджык для ёлкі прадаваўся толькі срэбны. Ад рознакаляровага свята давялося адмовіцца – набыла срэбныя шары і срэбны дожджык, хаця хацела штосьці зялёна-фіялетава-сіне-залацістае. Свята будзе срэбным.
Ялінка ўжо стаяла ў пакоі ў трохлітровым слоіку з вадой, пастаўленым у вядро, вядро было прымацавана да паркету скотчам. Ялінка будзе ўпрыгожаная срэбнымі шарамі і срэбным дожджыкам, быццам бы яна так захацела, спланавала, і ніхто не зразумее, што хацела яна зусім іншага.
І ялінка… Ялінка прыехала ў кватэру ў багажніку машыны яе каханка, ці, як кажуць, сябра. Хаця ці можна назваць гэта сяброўствам? Не, сяброўства – зусім іншае. У багажніку былі дзве ялінкі, толькі адна паехала далей – да сям’і яе «сябра».
А адна была занесена ў кватэру. А магло быць наадварот, тая ялінка засталася б ёй, а гэтая паехала б туды…
Думкі былі троху блытаныя, як заўжды, яна не магла зразумець, чаму ўсё адбываецца так, як адбываецца, і, што галоўнае, – хто ўплывае на тое, каб адбылося так, а не інакш. Ведала, што чалавек, які прывёз ялінку, прыйдзе да яе на свята.
Скажа дома, што паедзе на рыбалку, і з’явіцца ў абліччы зімовага рыбака – са скрыняй, з прыладамі і ў кажуху.
А пасля ад яе сапраўды паедзе на рыбалку, бо зімовая рыбалка для яго – сапраўднае свята.
Людзі па-рознаму адчуваюць сябе ў перадкалядны таямнічы і зіхоткі час.
Хочацца быць гераіняй паштоўкі з бліскучым снегам, маленькай ялінкай і дамком са свечачкай на падваконні. Але ж хто возьме цябе на тую паштоўку?
«Сама сябе ў абдымкі – і на самую любімую паштоўку. Толькі так яно і магчыма, баюся, – так параіла ёй сяброўка. – Трэба ўпрыгожыць ялінку, паставіць свечачкі – і ўлезці ў паштоўку. Пажадана яшчэ паклікаць сяброў, відаць, у ідэале».
Накінула куртку і пайшла выносіць смецце, дом быў стары, пасляваенны, без смеццеправода.
У марозным паветры моцна адчуваўся пах кухні ад рэстарана, што месціўся ў тым жа доме. Тое, што зусім нядаўна было калюжынамі, замерзла і ператварылася ў ледзяную бугрыстую паверхню, быццам бы замерзла хвалістае мора. Ісці па такой ледзяной паверхні трэба асцярожна, каб не паваліцца на лёд.
– Стаяць!
Спынілася. Перад ёй стаяў высокі Мужчына:
– Леанід, – прадставіўся ён.
Каля Леаніда стаяў чорны пудзель.
Яна нахілілася, каб пагладзіць сабаку, і зразумела, што сабака зусім стары – уся барада ў яго была сівая і ён цяжка дыхаў.
– Ці не твае гэта сяброўкі пілі ўчора на пляцоўцы паміж першым і другім паверхам?
– НЕ.
Яна спалохалася такога пачатку размовы.
– Ладна, я жартую. На самай справе я хацеў даведацца, чаму ты жывеш тут, у самым эпіцэнтры Мінска.
– У ЭПІЦЭНТРЫ?
Згадала заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. І малюнак з ядзерным грыбам.
– А ты нічога не адчуваеш у гэтай кватэры?
– Што я мушу адчуваць?
– Такое… накшталт туману? Туману, які ахутвае цябе… Як ты спіш? Жахі сняцца?
Яна шмат працавала апошнім часам і практычна не думала ні пра што, апрача працы і грошай, якія можна зарабіць працай. Часам думала пра свой лёс і пустую долю, але пра гэта – усё менш і менш. Стомленая, ледзь даходзіла да сваёй новай цёмна-чырвонай канапы (нізкай, амаль упоравень з падлогай), валілася і засынала. Ці былі жахлівыя сны і трызненні? Хто яго ведае, былі – не былі. Рэчаіснасць была як трызненне. Але яе сяброўка, якая заначавала ў яе аднойчы пасля карпаратыву, падхапілася пад раніцу з лямантам: «Як ты тут жывеш!» і стала ліхаманкава збірацца дадому, дзе яе чакалі муж і дзеці. Заявіла, што ўсю ноч яе нехта душыў. Але гэта больш падобна да гісторыі пра посталкагольнае пачуццё віны і прадчуванне сямейнага скандалу.
Читать дальше