А шчупак не бярэ – дык хоць бы
Перакінуцца з сябрам словам…
Неба шэрае на самоце
Ціха шэпча ў адказ: «Рыбно вам!»
Ноч хутаецца ў цішу давідна,
Застылі ў чорным небе аблачыны,
А недзе на самоце, ля акна
Сядзіць мая каханая жанчына.
Яна глядзіць на горад з вышыні,
На ззянне ліхтароў па-над дарогай —
Няхай мігцяць зіхоткія агні,
Але ў душы святла зусім нямнога.
Надзея легкакрылая жыве,
Пакуль заўчасна не пачнецца вечар,
Калі далёкі блізкі чалавек
Прыходзіць, каб абняць яе за плечы.
Яго пяшчотна ахінае змрок,
І падае сукенка на падлогу…
Яна магла б кахаць яго знарок,
Але ў душы святла зусім нямнога.
Заўжды ў трывозе, побач і адна,
Асвенчаная шчасцем, стратай, горам
Сядае на самоце ля акна
І роспачна глядзіць на сонны горад.
І я не абніму яе плячэй,
Уночы не прыйду – і дзякуй Богу!
Я б мог быць з ёй, я б мог кахаць яшчэ,
Але ў душы святла зусім нямнога.
Усё псуецца, гасне, гіне
З недасканаласцю сваёй,
А ў садзе нечая вяргіня
Блішчыць свавольнай чысцінёй.
Яна буяе. І спрадвеку
Паўсюль красуе прыгажосць,
Як быццам кажа чалавеку,
Што ён на свеце толькі госць.
Але ж успамінаць няпроста,
Што маеш ты кароткі век…
Калісьці я рыдлёўкай вострай
Вяргіню зрэзаў і пасек.
Раслін я многа бачыў рэдкіх,
Са дня таго гады прайшлі…
І толькі ссечаная кветка
Ад болю енчыць з-пад зямлі.
Апошні позірк вокамгненны,
Вакзал, цягнік, узмах рукой,
Крывёй напоўненыя вены,
Твой пульс і страчаны спакой…
Пакута развітання – гэта
Маўчанне, жэстаў мітусня.
Змяніць бы разам сродкі, мэты…
Няма ўжо часу, каб мяняць.
Гудок разносіцца ў паветры…
Мо мы спаткаемся яшчэ,
Але пакуль скрозь кіламетры
Чыгунка, быццам Стыкс, цячэ.
«Снег яшчэ на вопратку спадае…»
Снег яшчэ на вопратку спадае,
Толькі хутка знікне ён, бадай,
Бо вясна – матуля маладая —
Знічам зноў чырвоніць небакрай.
Лёд растане, і з яе далоняў
Жвавы сын саскочыць – красавік.
Малатком святла ён шпарка ўгоніць
У труну зімы апошні цвік.
Жыццё – старэнькі чэшскі трамвай на вуліцах Еўпаторыі,
Які паціху паўзе ў дэпо; за ім пляцецца гісторыя.
Вось ты старэеш і забываеш былых куміраў-герояў,
Але ж у памяці шчэ паўзе трамвайчык з краіны мрояў.
Наўкол квітнее жнівеньскі дзень, нябёсы промнямі пырскаюць,
І едзеш ты праз сцяну гадоў наўпрост у задуху крымскую.
Ізноў у вагоне віруе жыццё – курортнікі з пляжу вяртаюцца,
А дзеці ловяць сонца ў акне, трымаюць на кончыках пальцаў.
І пасажырка галосіць, вішчыць – ажно вылупляе вочы.
Кандуктарка моўчкі слухае, а бабка квітка не хоча:
«Пенсія трыццаць сем грыўняў! Скуль на трамвай знойдзеш грошы?!»
Кандуктарка ёй даруе, бо сёння настрой харошы.
А побач сядзіць рабочы, вясёлы з самога ранку:
Яму на заводзе далі адгул. Кульнуў ад радасці шклянку.
Другую шклянку ж – увечар кульне, каб быць найшчаслівым у свеце,
А потым сустрэне ён двух сяброў – і разам вып’юць па трэцяй.
І ты назіраеш за мітуснёй – наўкол мяняюцца людзі,
Вось нехта ўваходзіць у твой вагон, а іншы больш ездзіць не будзе,
А ты б яшчэ наведаў ліман, заскочыў па дыню на рынак,
Ды кажа кіроўца табе: «Выходзь. Гэта апошні прыпынак».
[1989 г. н.]
Усё губляе уласную значнасць,
Калi цень валадарыць над светам.
I салодка, i горка, i смачна
Ноч адчуць палахаючым летам.
Гучна цокаюць вострыя крокi,
Лiсце шэптам са мной размаўляе,
Месяц поўны глынаюць аблокi.
Ноч жыве, калi дзень памiрае.
З ветрам музыка л’ецца паўночная
I дурманяць магiчныя водары,
Ў цемру цягнуць чароўныя, змрочныя,
У паветры бягуць карагодамi.
Усё знiкае ў нябесным амшары,
Людзi ў чорным блукаюць, iм цесна,
I з’яўляюцца новыя твары,
I старым не знаходзiцца месца.
Ноч даруе свае таямнiцы,
Усё вядзьмарка чаруе над свечкай,
Напаўняе сухiя крынiцы
Бедных вераю душ чалавечых.
Читать дальше