…Другі вялізны вікінг з капой рудых валасоў і рудой барадой наблізіўся да хлопца і павольна вымавіў: «Ну, калі ты скальд, пакажы, як ты на сваіх дудках распавядзеш пра нашую сустрэчу…» Хлопчык стаяў, апусціўшы ўніз галаву, і цяжка дыхаў. Адчувалася, што ён вельмі напружаны, але ніякіх рухаў рабіць не спяшаўся. Руды вікінг павысіў голас: «Ну, ты будзеш нам граць ці не?!» Хлопчык нерухома стаяў некалькі імгненняў. Потым паднёс маленькую дудку да вуснаў і зноў замёр, нібыта чакаючы патрэбнага моманту, каб зайграць. Ён згарбаціўся, уцягнуў галаву ў плечы і чакаў, чакаў, гіпнатызуючы сваім чаканнем і ўсіх астатніх. Як ні сачылі за ім ваярывікінгі, але ж першы гук прымусіў іх літаральна адхіснуцца, калі хлапец нечакана моцна і пранізліва віскнуў з дапамогай свайго інструмента. Ад напругі юны музыка пачырванеў. Ён зрабіў паўзу, набраў поўныя лёгкія паветра і зноў выдаў рэзкі, вельмі моцны і высокі гук. Ён працягваў выдзьмуваць гэтыя трывожныя, зусім немеладычныя гукі, увайшоўшы ў нейкі незразумелы экстаз, і дудзеў хвіліну, ду дзеў другую, дудзеў трэцюю, чацвёртую… Руды вікінг так сама пачырванеў і напружыўся, нават неяк ненатуральна надзьмуўся, нібыта разам з хлопцам і яму вельмі цяжка да валіся гэтыя крыклівыя, вельмі трывожныя, нервовыя гукі…
Мне здавалася, што першы настаўнік па спецыяльнасці мяне адразу не ўпадабаў. Можа быць, таму, што з-за баяна мяне было дрэнна відаць? Ці за тое, што адчуваў сябе вінаватым, што не ўмею на ім граць? А гэты вялізны чалавек любіў канкрэтыку. «Цягні мацней!» – крычаў ён, патыхаючы перагарам, і ператвараўся ў маіх вачах у сапраўднага Змея Гарыныча з казак, выпуск якіх наладзіла выдавецтва «Дзіцячая літаратура». Я ж, як ні намагаўся, усё не мог ператварыцца ў Іллю Мурамца з тых жа казак, каб спрачацца са Змеем Гарынычам. Таму з усёй моцы цягнуў мех і выдаваў гукі, больш падобныя на нягучнае ржанне каня вядомага асілка. Чым, напэўна, вельмі раздражняў Гарыныча (на самай справе настаўніка звалі Леанід Восіпавіч, і ўсё насельніцтва мястэчка ведала яго па мянушцы «Уцёсаў»).
Леанід Восіпавіч, расхваляваўшыся, што я не дужа добра імітую голас багатырскага каня, выходзіў у суседні кабінет, дзе яго калега выкладаў акардэон. За перагародкай з фанеры, што замяняла сцяну, яны нядоўга абмяркоўвалі некаторыя вытворчыя пытанні, прычым амаль заўсёды быў чутны ціхенькі звон бутэлечкі аб шкляначку. Ведаеце тост за міла гучнасць беларускай мовы? «…Ці лілі, ці не лілі? Ці лілі, ці не лілі?»… Чамусьці ўсё, што адбывалася ў той час з маім настаўнікам, зараз асацыюецца ў мяне з гэтым выдатным беларускім музычным тостам. Калі настаўнік вяртаўся, то дыхаць было ўжо ўвогуле праблематычна, таму што з рота ў яго вылятаў амаль што сапраўдны агонь, які, здавалася, выпальваў увесь кісларод вакол Леаніда Гарыныча і яго колішняй ахвяры.
…Вялізны ўскудлачаны рудабароды чалавек бег за юнаком і раз’юшана крычаў: «Шчанюк! Я цябе навучу, як пава жаць старэйшых! Ты, напэўна, хацеў мяне абразіць! Клянуся Одзінам, у цябе гэта не атрымаецца!..» Але той, каго ён так прагнуў дагнаць, быў маладзейшы і спрытнейшы. Да таго ж маладому хлопцу, які прыціскаў да грудзей свае дудкі, да даваў моцы страх апынуцца ў руках раз’юшанага варвара. Астатнія вікінгі са смехам назіралі гэтую пагоню і толькі выкрыквалі: «Ды пакінь ты яго, Дацкая Галава! Мы ж табе казалі, што гэта сын Густафа, вельмі дзіўны скальд! Ты ж сам напрасіўся на яго музыку!..»
Апісваючы ў такіх фарбах свайго першага музычнага на стаўніка, я карыстаюся зараз усё ж дзіцячымі ўражаннямі. Нікуды не падзець пэўны перыяд «вогнепаклонства» майго выкладчыка, але ўвогуле гэты чалавек быў нядрэнным спецыялістам, зусім не апошнім у нашай музычнай школе. Які да таго ж у свой час, у сярэдзіне 60-х гадоў, гэтую школу (разам з калегам па суседнім кабінеце) уласнаручна пабудаваў. Пазней мяне яшчэ вельмі ўразіў той факт, што ў сваёй працоўнай кніжцы Леанід Восіпавіч меў толькі адзін запіс: ён быў прыняты на працу пасля заканчэння музычнага вучылішча, а праз сорак з нечым гадоў звольнены ў сувязі з выхадам на пенсію. Для мяне з маімі дзясяткамі працоўных запісаў з розных гарадоў і з самых разнастайных арганізацый гэта быў узорна-паказальны выпадак.
Вяртаючыся да адноснай храналогіі, хачу дадаць, што, калі праз гадоў пятнаццаць пасля сумнага досведу навучання на баяне я ўладкаваўся на працу ў тую ж школу выкладаць гітару, мы сябравалі з Леанідам Восіпавічам, і я часта заходзіў да яго ў кабінет. На яго пытанне «Як жа такое здарылася?» я заўсёды адказваў: «Не турбуйцеся, Леанід Восіпавіч, гэта не той выпадак, калі здарылася нешта жудаснае…»
Читать дальше