Як дзіўна ўсё пераплятаецца ў гэтым свеце – значна пазней я адыграў шмат блюзавых канцэртаў менавіта на «стратах». А бацька ўжо ў сталым узросце ўспамінаў, што далучыўся да сапраўднай таямніцы перадачы і прыёму тэлехваляў на вялікія адлегласці, калі наладзіў своеасаблівы фізіка-біятэхнічны ланцужок: крыніца энергіі – прымач тэлехваляў – аператар, кіраўнік працэсу. Лічы, сапраўдны «тэлекастэр».
Я ні ў якім выпадку не паэт і ні ў якім выпадку не музыкант. Дзесяць стагоддзяў таму гэта не падзялялася, і я не бачу нагоды, каб падзяляць гэта сёння…
Б. Г.
Саксафаніст Мат Густафсан заплюшчыў вочы, паднёс інструмент да вуснаў і знерухомеў, нібыта шукаючы патрэбную хвалю, на якой павінна пачацца музыка. У святле пражэктараў ягоная адзінокая постаць на аграмаднай сцэне выглядала загадкава і вымушала чакаць чагосьці цікавага, нязвыклага, неверагоднага. Перапоўненая зала сталічнай філармоніі ўважліва чакала. Зорка скандынаўскага фрыджазу раптам напружыўся, згарбаціўся, прысеў і, рэзка выпрастаўшыся, выдаў першы гук. Гэта не была музычная нота. Гэта быў сіп з пераходам у віск. Потым сіпатыя гукі пасыпаліся бязглуздымі, неўпарадкаванымі плынямі. Яны лу пілі па свядомасці, і здавалася, што галоўнай мэтай вядомага саксафаніста і яго інструмента было выдаваць любыя гукі, акрамя тых, што за доўгую гісторыю станаўлення сучаснай культуры стала прынята называць музычнымі. Ён хацеў здзівіць, хацеў паказаць нешта такое, чаго не паказвае ні хто, акрамя яго, хацеў шакіраваць, збіць са звычайнай хвалі ўспрымання музыкі. Увесь час карцела спытацца – чаго яму не хапала ў дзяцінстве, што ён страціў ці не паспеў набыць?..
Школа, дзе выкладаюць, адпаведна, і вывучаюць, музы ку, магчыма, з’яўляецца адным з найцікавейшых вынаходніцтваў чалавечага грамадства ў перадачы пэўнага досведу. На пытанне «Якога менавіта?» звычайна адказваюць: «Культурнага». Але ж нам да сённяшняга часу так і не вядомы сапраўдныя таямніцы мелодыі, гармоніі і рытму. Як і на каго яны ўплываюць, хто і ў якой меры адчувае гэты ўплыў, а хто толькі памыляецца, думаючы, што адчувае? І самае галоўнае – якая інфармацыя перадаецца, адкуль і куды? З’яўляемся мы першапачатковымі стваральнікамі і адзінымі ды апошнімі спажыўцамі вынікаў гульні з рэзанансам гукавых хваляў ці толькі медыумамі, якія аднекуль атрымліваюць і перадаюць далей нешта такое, што закранае нас, магчыма, толькі на падсвядомым узроўні? Ці мелі старажытныя музыкі свае школы? Ці іхні сакральны досвед складаўся дзякуючы бесперапыннаму руху, бясконцай да розе, таму і звалі іх вандроўнымі? І што клікала іх у тую дарогу – прага да дзіўных прыгодаў ды неверагодных спатканняў ці неадольнае жаданне адкрыцця, звязанае з іншымі краямі ды невядомымі культурамі?
…Барадатыя, з пасечанымі тварамі, аграмадныя мужчыны, трымаючы ў руках мячы, баявыя сякеры, вострыя коп’і, акружылі зусім яшчэ юнага хлопца, які з жахам прыціснуў да грудзей дзве дудкі. Адну маленькую, крыху большую за даўжыню далоні, другую вялікую, амаль на два ўласных локці. Уперад выйшаў сапраўдны волат, на галаве якога спраўна сядзеў шлем з рагамі быка. Ён быў апрануты ў ваўчыныя шкуры.
– Я ведаю яго. Гэта сын Густафа з Берага Арлінага Возера. Ён лічыцца скальдам, але кажуць, што галава яго крыху не ў парадку. Вельмі дзіўна грае на сваіх дудках…
Верагодна, у малодшым школьным узросце медыум з мяне атрымліваўся не дужа добры, бо пасля года навучан ня ў музычнай школе я быў адлічаны як «неперспектыўны». З гэтага перыяду выдатна запомніліся ўступныя экзамены, аўтарытэтная камісія чалавек з васьмі за сталом з традыцыйным графінам, а таксама стан той камісіі, блізкі да сапраўднай медытацыі. Жадаючых авалодаць музычнай практыкай ды тэорыяй, карацей кажучы, палепшыць майстэрства медыумаў, набілася ў маленькі калідорчык музычнай школы столькі, што было вельмі складана праціснуцца да дзвярэй прыёмнай камісіі. Хаця, здаецца, «ціснуцца» трэба было больш праз бацькоў патэнцыйных медыумаў. Будучы гонар музычнага мастацтва, гэта значыць мы, самыя маленькія ўдзельнікі ўрачыстай акцыі, па чарзе падыходзім да ка місіі і барабанім па стале, адбіваючы нескладаныя рытмы.
Атмасфера мерапрыемства чамусьці засталася ў памяці нейкай напружанай і нервовай. Амаль што ўсе дзеці ўпершыню сутыкнуліся з такім «выпрабаваннем», таму некаторыя, не разумеючы, чаго ад іх хочуць, перадаюць не зусім рытм, а недзе і дынаміку. Зараз я стаўлюся да гэтага менш за ўсё з іроніяй – дзеці на такіх «экзаменах» не выстуквалі патрэбны рытм зусім не з-за таго, што не чулі яго, а, магчыма, з-за таго, што, напрыклад, адчувалі сябе няёмка ці не жадалі нешта паказваць перад кімсьці, хто ім не спадабаўся. Шмат з тых, хто ў свой час атрымаў адзнаку «незадавальняюча», на самай справе маглі валодаць і выдатным слыхам, і цудоўным пачуццём рытму. Памятаю, што майму школьнаму сябру на прыёме ў музычную школу не пашанцавала. Ён не прайшоў выпрабаванне рытмам, засяродзіўшыся на тым, чым менавіта гэты рытм адбівалі. У будучым ён скончыў тэхнічную ВНУ і стаў неблагім інжынерам.
Читать дальше