Так што я не ведаю, ці была млынароўна сапраўды такой непрыгожай, як захавалася ў паданні.
Млынар цяжка захварэў… Пасля таго, як вераб’інай ноччу пасядзеў на беразе, замест таго, каб хавацца ад навальніцы і залевы ля хатняга агменю. Такі ўжо быў звычай у млынара – па начах гуляць па беразе ракі. Перад смерцю ён сказаў дачцэ, якая ўчарнела ад гора: «Ты не застанешся адна. І справа мая не загіне. На трэці дзень пасля майго пахавання да цябе прыйдзе жаніх. Ён скажа: «Блаславі цябе маці Божая Менская»… Слухайся гэтага чалавека».
І сталася так. Той, хто раптам пасватаўся да млынароўны, быў сапраўдны шляхціц, рыцар, які прайшоў не адну вайну, увесь у шнарах, як дзверы піўніцы… Шляхціц, які бярэ шлюб з простай ды яшчэ касавокай – гэта было нечуванае дзіва… Адны гаварылі, што жаніх – яго звалі Даніла – звар’яцеў. Нездарма перад гэтым у манастыр прасіўся. Рыцар – ды ў мніхі! Другія казалі, усё ад галечы. Не прывёз Даніла з вайны поўныя рукі сыгнетаў – адны толькі раны… Таму і ў манастыр прасіўся… Так млынароўна атрымала прыгожага і высакароднага мужа. Малілася на яго… Ветрыкам слалася пад ногі. Як быццам бы пакорлівасць можа спарадзіць каханне – яно ж, як іскры, высякаецца пры сутыкненне двух вартых…
Даніла амаль не глядзеў на жонку. Усе ночы праводзіў ён не на ложы, побач з ёю, а на беразе Свіслачы. І меч свой з сабою неадменна браў… І калі часам унізе па цячэнні гайдалі хвалі мёртвае цела бадзягі – каму была справа, хто рассек нябогу галаву? Жыццё чалавечае не каштавала і шэлега… Але млынароўна не задумвалася над гэтым. Яе свет быў – яе любы муж, які не глядзеў на яе. І яна шчыра верыла, што віной таму яе касыя вочы. Так і ўяўляю: ідуць пляцам з кірмашу, наперадзе змрочны плячысты мужчына з упартымі халоднымі вачыма, за ім, укруціўшыся ў плашч і нізка нагнуўшы галаву, дробным крокам спяшаецца жанчына. Яна абедзьвюма рукамі прыціскае да сябе цяжкі кошык, а нехта абавязкова крычыць ёй у спіну дражнілку… І аднойчы, у час першых веснавых дажджоў, калі Даніла вярнуўся пад раніцу на млын, яго чакала жахлівае відовішча: жонка нерухома ляжала пасярод пакоя, уся ў крыві, рука сціскае вострае шыла… А вочы выкалаты.
Упершыню жаль да няшчаснай дзяўчыны крануў сэрца воя… Але млынароўна ўжо схаладнела.
Даніла выйшаў на бераг Свіслачы, дастаў меч і пачаў раскідваць ім вільготную зямлю ля самага млынавога кола… І вось ужо ён стаіць, і поўня робіцца чырвонай ад каменя ў ягоных руках. Размахнуўся Даніла – і кінуў бясцэнны камень у ваду. Хвалі на нейкі момант напоўніліся барвай, потым згаслі, пачарнелі… І раптам узняліся, пагрозна зашумелі…
Так пачалася страшная паводка, якой не памяталі дагэтуль. І тыя паводкі будуць паўтарацца, пакуль на дне Свіслачы ляжыць святы карбункул, чырвоны, як сонца на захадзе, камень…
– Дык усё-ткі пад якім млынам быў закапаны карбункул – архіерэйскім ці касцёльным? – пацікавіўся Улад, які, здавалася б, не вельмі ўважліва слухаў Дароту.
Тая паціснула плячыма:
– Ніхто не ведае…
У акулярах пана Беларэцкага люстраваўся агеньчык пахавальнай свечкі, нібыта агнём гарэлі ягоныя інтэлігенцкія вочы.
– Цікава, гэта даволі распаўсюджаны ў свеце, так званы магістральны сюжэт. Нешта падобнае я чуў у Англіі, пра тры кароны, якія кароль саксаў загадаў закапаць на ўзбярэжжы краіны – нібыта ў якасці ахоўнага талісману ад нарманаў… Што, дарэчы, не перашкодзіла нарманам захапіць Англію і асіміляваць саксаў.
– Бацька казаў, што ў добрае надвор’е з мосту можна разгледзець, як у вадзе блішчыць карбункул… – задумліва прамовіла Дарота. – І калі-небудзь з’явіцца рыцар, які яго дастане і верне на абраз Маці Божае Менскай…
– Тады спадзе паводка, і сюды заявіцца камуністая навалач, – здзекліва прамовіў Улад.
– Чаму адразу «навалач»? Не трэба агулам абражаць людзей, якія змагаюцца за добрую ідэю, – ускінуўся Ной. – Ідэя рэвалюцыі справядлівая. Няўжо ты хацеў бы, каб тут раскашаваліся чарнасоценцы з нагайкамі? Проста кожная добрая ідэя, нібы карабель – ракавінамі, абрастае дурнямі, якія ўсё псуюць.
– Вось гэтыя дурні і выставяць нас на вуліцу… А мяне яшчэ і расстраляюць, як сына арыстакрата… – дадаў Улад.
Зося фыркнула:
– Таксама мне, вялікі арыстакрат твой бацька… Начальнік паштовага аддзялення, чыноўнік дзясятага класа… А што, палякі, якія за адно беларускае слова садзілі, або немцы, былі лепшыя за тых камуністаў? А можа, твае эсэры, з якімі быў звязаўся? Добра, бомбу кінуць ні ў кога не паспеў…
Читать дальше