Людміла Рублеўская
Ночы на Плябанскіх Млынах
Магчыма, я памыляюся, але мне
заўсёды здавалася, што на дарозе,
па якой возяць мёртвых,
нават трава і дрэвы мяняюць колер.
Густава Адольфа Бекер.
Гэты дом пабудаваў вар’ят у вар’яцкім месцы.
І не было лепшага дому і лепшага месца ў гэтым вар’яцкім часе.
Містычная аповесьць
Агонь дабраўся да срэбнай стужкі, якая далікатна абвівала сьвечку з белага, духмянага воску, створанага няйначай пчалінай каралевай (хаця не, каралевы не вырабляюць воску, нават такога белага). Стужка адразу сьціснулася, пачарнела, выяўляючы сваяцтва не з высакародным металам, а з паперай, цярплівай, як прыроджаная паслугачка, і гэткай жа пакорлівай любому гаспадару… Ад яе лісьліва пацягнуўся струменьчык чорнага сьмярдзючага дыму, нагадваючы няшчыры клічнік напрыканцы палітычнага лозунгу.
— І гэта вясельныя сьвечкі! – дакорліва прамовіла Дарота, прыціскаючы пацямнелай мельхіёравай лыжкай для гарбаты бліскучую паперку і спрабуючы атадраць яе рэшту ад васковага сьцябла. – Уявіце сабе, як гэткі дым выглядае падчас вянчаньня!
— Як папярэджаньне наіўным, – змрочна сказаў пан Беларэцкі, лысаваты брунет у акулярах на вяровачках, былы стыпендыянт Імператарскай Акадэміі, фалькларыст і аматар прыватнага вышуку. – У кожнай красе падчас выпрабаваньня вогненай стыхіяй выяўляецца дамешак… З пахам самага звычайнага, жывёльнага страху за сваё існаваньне. А ўрэшце, — пан Беларэцкі павярнуўся ўсёй сваёй худой, нязграбнай постацьцю ў бок вакна, – у нас дзесьці быў яшчэ цэлы жмут пахавальных сьвечак. Ты, Уладзе, прыносіў…
Высокі юнак з прыгожым тварам, які сядзеў ля вакна, апрануты ў паношаны сурдут, азваўся леным голасам, у якім адчуваліся інтанацыі шчырага прыхільніка чытацкае манеры беларускага хлопца з Вільні Шверубовіча (вядомага ў Імперыі як Васілій Качалаў). – Былі недзе і пахавальныя… Пашанцавала ж прайсьціся побач з царквой, якую пад склад экс-пра-пры-… Госпадзе, гэта ж вымавіць немагчыма… Два пакункі ля камісарскіх калёсаў і падабраў, няхай Бог даруе. Вясельныя сьвечкі і пахавальныя. Пахавальныя, здаецца, Даротка ў камоду паклала…
Дарота павярнулася, бліснула вялізнымі цёмнымі вачыма, у якіх калісьці наведвальнікі вечароў Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў бачылі люстраваньне вобразаў Рафаэля ды Батычэлі.
– Ніякіх пахавальных сьвечак! Гэта… Гэта ўжо занадта. У адрозьненьне ад вас, спадар, тэатральныя эфекты не шаную.
— Спадарыня лічыць за лепшае ўжыць лучыну? – зьедліва прамовіў Улад і дадаў з уздыхам. — Урэшце, калі хто-небудзь з нас не ўладкуецца на працу, пяройдзем і на лучыну.
Пан Беларэцкі пагардліва хмыкнуў наконт самой думкі ўладкаваньня на працу. За вакном плесканулася вада, нібыта дом быў вялізным караблём...
Улад прыціснуўся ілбом да шыбы, угледзеўся ў цемру.
— Не спадае паводка…
— Вось і добра… — стамлёна прамовіла Дарота, разьліваючы ў парцалянавыя кубкі напой з водарам ядлоўцу, верасу і восеньскіх яблыкаў – і дакладна з названага й звараны. – Значыць, у нас ёсьць яшчэ некалькі дзён. А потым…
Яна змоўкла, бо тое, што будзе потым – ведалі ўсе… Дом былога дырэктара рэальнай вучэльні, Даротавага бацькі, драўляны старасьвецкі будынак з мансардай і разьблёнымі калонамі, пацямнелы ад часу, нібыта твар рамізьніка, забярэ новая ўлада дзеля, вядома ж, справядлівых патрэбаў працоўнага люду, да якога кіраўнікі рэальных вучэльняў не належалі. Пан дырэктар даўно перабраўся да сваякоў у Лошыцу, а дачка вырашыла застацца. Зладзіўшы своеасаблівую камуну са сваіх сяброў, якіх час гэтаксама адарваў ад берагоў, загайдаўшы на халодных хвалях… Ды яшчэ бацькаў стрыечны брат, пан Беларэцкі, што зьехаў з Пецярбургу, і, пакінуўшы на дарогах ваеннага камунізму валізы, паліто і веру ў справядлівасьць, прыбіўся да маладой кампаніі…
Хвалі паводкі ля Плябанскіх Млыноў таксама былі халодныя – Сьвіслач і Няміга, разьліўшыся, ператваралі цэнтр мястэчка ў сапраўдную Венецыю, і човен менчука, звыклага да пераменлівага настрою губернатараў і стыхіяў, сьлізгаў побач з дахам вагону конкі, які ледзь быў відзён над бруднымі хвалямі… Вось і гэты дом у чарговы раз зрабіўся незалежным востравам – а тыя, што сабраліся тут, умелі цаніць часовую волю… Яны нават адпусьцілі па сівернай вадзе адзіны стары човен – каб не было спакусы.
— Наш каўчэг яшчэ не даплыў да Арарату! – з мансарды спускаўся чарнявы хлопец, трымаючы ў руках стос старых газетаў, зьнямелае рэха старога сьвету, якое больш аніхто ня хоча пачуць. – Таму не забывайце, што маё імя – Ной, і з гэтае прычыны мусіце прызнаваць мяне за капітана.
Читать дальше