Чалавек у ватоўцы, са спакутваным чорным тварам, сядзеў на драўлянай вакзальнай лаўцы, спрэс парэзанай ножыкамі. Худы вузельчык ляжаў ля ног, абутых у прывіды колішніх чаравікаў – перавязаныя вяровачкамі, дзіркі заторкнутыя газетамі.
— А што гэта, грамадзянін, у вас за газетка тырчыць?
Чалавек звыкла паслухмяна ўзьняўся, рукі самі склаліся за сьпінай. Адзін з патрульных нахіліўся. Тузануў за край паперы, што паказваўся з чаравіка незнаёмца.
— Ты… ты гэта што? Партрэт таварыша Берыі бэсьціць? А ну, дакументы!
Чалавек дрыготкай рукой дастаў з-за пазухі паперкі.
— Ага, вяртаемся з месцаў далёкіх. Вызвалены за актыўны ўдзел у агітбрыгадах. Артыст, значыць… Камандзіраваны ў Віцебскі тэатр… Хто гэта ў вас такі добранькі ў начальніках? Разьбярэмся, гніда! А ну, пайшоў…
— Гэтая рэформа правапісу не адпавядае самой прыродзе нашай мовы, — голас загадчыцы кафедры, высахлай кабеты з рана пасівелымі, калісьці чорнымі, косамі, укладзенымі каронай, быў ціхі, роўны, зусім пазбаўлены эмоцыяў. Але прысутных апаноўваў жах, нібыта яна нема крычала. – Набліжэньне да расейскай мовы – ня той шлях, на якім наша нацыянальная культура можа напоўніцу раскрыцца. Бо кожная мова – жывы арганізм, які разьвіваецца па сваіх законах, і культурны чалавек мусіць берагчы ўсе мовы сьвету, не даваць ім зьнікаць і страчваць самабытнасьць. Тым больш мы, беларусы, мусім ганарыцца сваёй мовай, на якой пісаліся Статут Вялікага княства Літоўскага і прадмовы Скарыны, і захоўваць яе.
Два маладыя выкладчыкі, кідаючы адзін на аднаго насьцярожаныя позіркі, пасьпешліва занатоўвалі словы куратаркі. Адзін з іх мусіў пасьпець дакласьці куды трэба першым, і тым выратавацца.
Над верасовай пусткай гарэла вострая зорка, цені Дзікага Паляваньня сьлізгалі над зямлёй… Андрэй Беларэцкі здушыў крык і кінуўся бегчы ў лаўжы, што цямнелі побач. Цяпер ён ня мог бегаць так хутка, як у маладосьці. Ды і вочы, саслабелыя ад працы над неразборлівым почыркам сярэднявечных перапісчыкаў, нават поўню бачылі ў выглядзе сьветлай расплывістай плямы – нібыта паркалёвы каптур закінуты ў печку. Дом на Плябанскіх Млынах рабіўся сумным паданьнем, ператвараючыся ў попел.
— Стой, гад! — стрэлы за сьпіной ужо не турбавалі. Сьветлая беларуская будучыня была тут.