— Паслухай…
Ян таксама прыхінуўся да калоны з другога боку. Глухі гук – быццам пад зямлёй нехта біў вялізным молатам па вялізным кавадле, і ад удараў уздрыгвалі нават каменная падлога і калона.
— У кожным горадзе ёсьць такое месца, — ціха прагаварыла гаспадыня. – Сэрца горада… Магчыма, гэта волат Менеск усё яшчэ круціць свае жорны і перамолвае камяні – іначай яны будуць расьці і запоўняць усю зямлю. А можа, гэта б’юць крыніцы – кроў зямлі. Выпусьці яе дарэшты – і зямля памрэ. А можа, гэта барабаны, якія склікаюць падземную варту – ведаеш, пад кожным горадам ёсьць свая падземная варта?
— Я ведаю толькі адно – я кахаю цябе, — прашаптаў Ян і асьцярожна паклаў далонь на руку гаспадыні, прыцінутую да каменю калоны. Якія халодныя пальцы… Тонкія бровы пані выгнуліся, нібыта ў недаверы.
— Гэтае сутарэньне памятае гісторыю аднаго палкага каханьня…
Прыгажуня адышла ад калоны і пачала расповед тым жа ціхім голасам, нібыта хтось мог падслухаць.
— Гісторыя, старая, як гэты сьвет… Тут жыў купец з трыма дочкамі. Дзьве родныя, адна прыёмная. Да паненак узялі гувернанта. Ніхто не падумаў пра тое, што малады чалавек занадта гожы для таго, каб браць яго ў дом, дзе жывуць дзяўчаты. Усе трое марылі аб адным. Каханьне дасталося толькі адной з іх, няроднай. Старэйшыя даведаліся, што сястра змовілася ўцячы з каханым. Яны зьвязалі шчасьлівіцу шаўковымі шалікамі, замкнулі ў гэтым сутарэньні і пабеглі па бацьку. І якраз пачалася паводка. Сьвіслач разьлілася… Сутарэньне затапіла. Вось і ўсё… Калі жаніх, дарэмна прачакаўшы, прыйшоў сюды – убачыў труп, які плавае ў цёмнай вадзе… Норавы тады былі яшчэ больш дзікімі чым цяпер. Ён забіў абедзьвюх сясьцёр – забіў кінжалам мізэрэкордзія, адмысловым кінжалам, якім дабівалі паваленых рыцараў у шчыліну паміж латамі і шлемам. А потым павесіўся. Таксама тут, у сутарэньні. Страшна і банальна, праўда?
Незразумелая ўсьмешка кранула тонкія вусны дзяўчыны. Ян пацягнуўся да яе… І зноў сьвет расплыўся ў яго вачах… Ваньковіч ачуняў толькі ў ложку – як яна, бедная, яго сюды выцягнула з сутарэньня? Можа, у доме ёсьць яшчэ нехта?
Але праверыць не атрымлівалася. Пасьля свайго прызнаньня Ян аслабеў… З цяжкасьцю падымаўся, каб прайсьціся па пакоі… Затое цяпер кожны вечар да яго ложка падыходзіла гаспадыня, каб пацалаваць у лоб. Пасьля гэтага наставаў цяжкі сон… Цяжкі – бо ўсё больш вярэдзіла думка пра тое, што робіцца там, за зачыненымі ваканіцамі. Як ён мог так надоўга забыцца пра свой доўг перад айчынай, перад таварышамі? Ці паведаміла гаспадыня ім, што ён жывы? Чым далей, тым усё больш сумніў апаноўваў Яна, і да ягонага каханьня прымешвалася атрута. Ён кахаў – і баяўся гэтай бледнай прыгажуні, усё больш баяўся дотыку яе вуснаў да свайго гарачага ілба. У начных трызьненьнях прывідныя водарасьці апляталі яго, ён захлынаўся ў вадзе. Не, так далей невыносна. Урэшце, ён з роду тых, хто ня здраджваў радзіме нават дзеля каханьня. Толькі б адчыніць дзьверы… Усё часьцей прыходзіла жахлівая думка: гэта палон… Няўжо ён патрапіў проста ў рукі тых, з кім змагаўся? Але ж яна выратавала яму жыцьцё… Цяпер яна мусіць яго адпусьціць! Усё роўна ён вернецца – як вяртаецца навязаны на ланцуг зьвер… На ўсе роспыты і просьбы адказ – няпэўная ўсьмешка, пацалунак… А калі настойваў – яе твар па-дзіцячы зморшчваўся, з горла вырывалася жаласнае рыданьне… А вочы зноў напаўняліся болем. Так што рабілася сорамна за недавер. А потым – зноў апаноўваў жах, што гэта – назаўсёды… Гэты паўцёмны пакой, блытаныя размовы, асьцярожныя крокі… У Яна не было сілаў нават узвысіць голас. Рана ж загаілася, а ў яго ўсё яшчэ адчуваньне, што губляе кроў… І яшчэ… Толькі цяпер Ян усьвядоміў, што ў доме няма абразоў. Толькі выява крыжа – простая, з чорнага дрэва – над дзьвярыма, назаўсёды, магчыма, зачыненымі для госьця. Як яна казала? Гэтыя дзьверы адчыняюць толькі кроў і агонь? Можа быць, у гэтых словах зусім іншы сэнс? Крыві, калі Ян патрапіў сюды, было дастаткова… І ён жа тады, калі ўпаў на брукаванку, запаліў агонь перед сьцяной, у якой – магчыма, і праўда! – ня мелася дзьвярэй!
Калі дзяўчына прыйшла пацалаваць яго перад сном, Ян зрабіў выгляд, што моцна сьпіць, павярнуўшыся тварам да падушкі. Гаспадыня доўга стала над ім, Ян адчуваў яе пільны позірк. Дыханьне ў таго, хто сьпіць, роўнае і глыбокае. Толькі б не зварухнуцца, не ўздыхнуць перарывіста… Яшчэ крыху – і ня вытрывае… Але амаль бязгучныя крохі аддаліліся ад ложка. Ян вычакаў яшчэ трохі і ўстаў. Чаму ўсё-ткі яна, калі была ворагам, не схавала яго шаблю?
Читать дальше