Ужо дома, выкладаючы з торбы бабчыны гасцінцы, на вочы трапіўся тэкст з газеты, у якую быў загорнуты кавалак заслаўскага цвёрдага сыру. «Паездкі ў Беларусь асацыююцца ў мяне з навуковай фантастыкай. Гэта нейкі сюжэт пра расшчапленне рэальнасці ці пра паралельныя сусветы. Я пачынаю разумець, што жыццё – гэта нейкая вадкая субстанцыя, якая можа набываць мноства розных нечаканых формаў…» Пісаў гэта вядомы «чалавек-аркестр» з Украіны, які быў праездам у Менску, і словы гэтыя чымсьці моцна ўразілі яе і зноў вярнулі памяць пра сны, якія апошнімі часамі трывала запанавалі над яе думкамі.
У гэтую ноч вільгаццю патыхала наймацней. Адчуваючы на сабе цёплы дотык коўдры, Соні тым не менш падалося на паўкроку ад засынання, што яна простатакі патанае, правальваецца ў мяккае воглае воблака, і раптоўная зеляніна шпалераў была апошнім, што здзівіла яе тут. А там ізноў быў спакой, цурчанне вады і раптоўнае дакрананне сухіх шурпатых вуснаў да яе, Соніных, крыху прыадкрытых у сне.
Прачнуўшыся, Соня ляжала, баючыся паварухнуцца, страсянуць штосьці ўнутры, таму што тое, што там цяпер знаходзілася, ціснула такім салодкім цяжарам, пякло такім нясцерпным агнём, што на хвілю яна перастала адчуваць свае межы. У сне хтосьці проста падышоў да яе і правёў далонню ўздоўж цела – па валасах, плячы, сцягну, па нагах, дакрануўшыся да самага мезінца. Пры гэтым другая частка цела заставалася халоднай і нямой на дотык, у той час як іншая залілася імгненнай гарачынёй. Чые гэта былі далоні Соні не было дадзена ведаць, таму што гэты хтосьці быў адначасова ўсімі яе знаёмцамі адразу. І тым не менш нейкі выразны ўспамін з мінулага проста прыціснуў яе да канапы.
Яны сустрэліся вачыма ў бібліятэцы і неяк адразу скіраваліся да выхаду. Была сярэдзіна восені, апошні яе цёплы дзень, і гарадскі краявід з акна, да якога яны падышлі не змаўляючыся, здзівіў абодвух. Дзве нерухомыя вялікія цёмна-зялёныя елкі завостранымі вершалінамі ўтыркаліся проста ў блакіт, ствараючы ўражанне маўклівых пірамідаў на тле адыходзячай на час прыроды. Карціна за акном рабіла дваістае ўражанне. Здавалася, што елкі са сваёй стромкай вертыкальнасці, не скранаючыся з месца, выпростваліся да кругагляду і ператвараліся ў шлях, указвалі напрамак. Трэба было проста задоўжыць на іх погляд, а, можа быць, гэта называецца змяніць гледзішча. Дарога клікала, і яны пайшлі на гэты покліч.
Пазней жыццё чыніла ім сітуацыі, калі змена арыенціра абрынала на іхнія плечы невядомыя дагэтуль адчуванні. У каго з іх першага зламаўся гэты каштоўны пачуццёвы механізм – невядома, але тады, калі, здавалася, свет належаў толькі ім, адбылася страта. Елкі з акна бібліятэкі яшчэ паказвалі шлях для абраных, але кожны з іх ужо вандраваў па сваім.
Соня ледзь перажыла той год. Зрабіла ўсё магчымае, каб вызваліцца ад успамінаў. Пераезд у новы дом быў адным са спланаваных крокаў у гэтым накірунку. Разлад у яе сям’і таксама, мусіць, быў водгуллем на гэта. (Як бы Соні ні хацелася так думаць.) Проста немажліва было тлумачыць сястры ды і старой тое, што ёй самой не ўкладалася ў галаве. Хацелася ўнікнуць усяго. З успамінаў таго перыяду найбольш выразным запомнілася пачуццё, калі даводзілася выходзіць у ноч з чужых асветленых пакояў. З якой асалодай твар акунаўся ў выратавальную немату. Цемра рабілася прыязнай, сваёй. Нарэшце можна было адпачыць, загаіць стаптаны цікаўнымі паглядамі твар.
Прахалода, якая цяпер амаль заўсёды панавала ў доме, была насамрэч патрэбна Соні. Жарсць і спакуса, гэтыя два пякучыя словы, з шыпеннем правальваліся ў нейкія сцюдзёныя воды, не пакідаючы нават бурбалак, ці, можа быць, адно бурбалкі і пакідаючы. Таму, прачнуўшыся пацалаванай, Соня баялася паварухнуцца. Каб не спужнуць, каб успомніць.
Тое, што пачало адбывацца з Соняй пазней, не мела для яе ніякіх тлумачэнняў. Чароды вобразаў цяклі ў яе душу амаль без перастанку, прынамсі, калі яна заставалася ў доме. (Хіба што апоўначы на кароткі час свядомасць вызвалялася, расцякалася спакойнай роўняддзю па-за ўласныя межы.) …Пад млынавы грукат да яе даносіліся галасы ўзброеных людзей. Змест гаманы было не ўцяміць, гаворка нагадвала птушыныя перагукванні. Варта было пасунуць галаву на падушцы трохі ўбок, і відзежа квітнеючай яблыні запаланяла сабой усю прастору яе пакоя (ці быў то пакой?). Дрэва, што ўвабралася ў самы росквіт, абтрасала ружовыя пялёсткі на цёмную галоўку малога пастушка, што сядзеў пад ім. Грукат млына раптоўна змешваўся з нарастаючым гулам падаючага з неба жалеззя, і пасля Соня ўжо не бачыла, але чула плач і стогн многіх людзей. Ізноў чула плюскатанне вады ды бачыла збялелыя вершаліны ўспоратага чароту, зялёныя пагоркі і горад на даляглядзе…
Читать дальше