Шпалеры для свайго пакоя Соня выбрала белыябелыя. Калі ўжо з новага аркуша, дык з самага чыстага! Хопіць азірацца. Тут у высотным доме так вабіць далячынь, якая праглядаецца ва ўсіх трох вокнах яе кватэры, яе хуткаснага лайнера пасярод аблокаў! Далей ад свайго мінулага жыцця, прэч насамрэч! І чым хутчэй, тым лепей. Каб заквітнець буйным цветам, трэба пусціць новыя карані, не шкадаваць вады, каб не перасохлі, адшчапіць змарнелыя старыя, каб новая кроў пацякла праз новыя пуцявіны.
Першая ж ноч на новым месцы прынесла Соні незвычайны спакой. Так глыбока і соладка яна не спала з маленства. Кладучыся, не забылася загадаць старое, з бабчынага: «На новым месцы хай прысніцца жаніх нявесце!» Прысніўся чыйсьці голас, але праз плюскатанне вады было не разабраць слоў. Пасля, прачнуўшыся, Соня вывудзіла з памяці пра сон яшчэ адзін пошум, які замінаў пачуць словы. Так калісьці шамацеў чарот, калі яе бацька рассоўваў вёсламі сухое сцябло, прабіраючыся да берагу скрозь густы зараснік. А яна, Соня, крышыла пальцамі варсістую рудую галоўку чарота, здзьмухваючы пасля з каленяў мяккі паветраны пух.
Апоўдні яна ўжо не згадвала пра голас, занятая ўладкаваннем свайго новага жыцця. Рэчаў было няшмат, ламачча і рыззё засталіся па старым адрасе. Усё з нуля, усё з чыстага аркуша! Адмовілася нават ад альбома са старымі фотаздымкамі. Тых людзей ужо даўно няма ў яе жыцці, унівеч абярнулася і памяць пра іх. Пакінула адно картку з бацькамі і немаўлём на руцэ. Не ведала толькі яе ці сястру, укручанаю ў коўдру, трымае на здымку маці. Міжволі падумалася пра тое, што маці трымае не проста скрутак з дзіцём, а лёс, які хтосьці ўклаў ёй у рукі. Прычым лёс пэўнага чалавека. Бо калі гэта сястра, дык гэта адзін лёс, а калі гэта Соня – дык зусім іншы.
Увечары, на пустой яшчэ кухні, Соня згатавала сабе зялёную гарбату. Пакуль тая настойвалася ў празрыстым цыліндрычным імбрыку, яе так моцна пацягнула на сон, што Соня разам з танцуючымі ў кіпені пялёсткамі язміну павольна апусціла голаў на рукі і правалілася кудысьці долу. Сон быў працягненнем явы, адно што свет гарбаты памяняўся нейкім чынам месцам са светам, у якім яна была дагэтуль.
Жыццё, якое віравала ўнутры, патанала і нараджалася кожную хвіліну нанова. Бурштынавыя ясвінкі святла праціналі тут і там густую слаістую прастору ды высвечвалі абрысы доўгіх цёмных сцяблінаў, што цягнуліся ўгору, падобныя на ножкі рачных жоўтых гарлачыкаў. Яны павольна разгойдваліся, калышучы зверху тое, што ў нас завецца небам. Нябачная апона затуляла гэты безбярэжны свет, кладучыся ценем на здзіўлены Сонін твар. Ізноў яе наведаў незвычайны спакой, нібы яна завітала ў госці да нейкага вельмі надзейнага сябра, які з гатоўнасцю прыняў на сябе ўсе яе турботы. «…тут, на том свеце, цяпер і заўжды…» шаптаў побач чыйсьці голас, поўны пяшчоты і спагады.
Апрытомнела Соня ад прыступу блізкіх ванітаў, бы яе хто кульнуў зверху ўгару нагамі ды напхаў поўны рот нейкай вострай драбязы, якая да таго ж яшчэ смярдзела пахам потных далоняў, што з квадранец часу шоргалі па парэнчах электрацягніка. Рот распірала, душыў металёвы пах, ваніты падбіраліся вышэй, і ўрэшце-ткі Соніна нутро скаланулася ды выпхнула з сябе ўсю непатрэбшчыну, пасля чаго, і праўда, ёй стала адразу вельмі лёгка. Збіраючы з падлогі, Соня прыгадала, што раней, па прыездзе ў кватэру, першае, што мусіла зрабіць, – сабраць у куце ды зліць у вадасцёк нейкую тваністую куламесу, бы рэшту засохлай ціны і водарасцяў, абцягнутых ледзь прыкметнаю плеўкаю. Скуль тое ўзялося ў новым доме, Соня даўмецца не магла. Хіба што будаўнікі прыцягнулі адкульсці на сваіх ботах, калі па нейкай там патрэбе прашкандыбалі па навюткім блішчастым паркеце яе пакоя.
Вясна ўсталявалася позняя, чым далей, тым больш мокрая: спачатку доўга таяў снег, пасля над горадам навіслі амаль нерухомыя, набрынялыя вільгаццю воблакі-цэпеліны, з якіх амаль без перастанку церусіў не па-вясноваму занудлівы дожджык. Паветра пахла нябеснай вадой упярэмешку з духам вільготнай зямлі. Вяртаючыся з працы, Соня найперш зачыняла фортку, з якой цягнула вільгаццю, але шчодры пах вады не знікаў з кватэры і праз усю ноч.
Новае жытло мала што змяніла ў Сонінай штодзённасці. Сястра па-ранейшаму адмоўчвалася, затое апошняя паездка ў Заслаўе да бабкі пасяліла ў душы шчымлівую пяшчоту. Старая, прытуліўшыся да яе на развітанне, раптам зашаптала, зазіраючы ў вочы: «Зафейка, ці памятаеш той грабеньчык, што ляжаў у нас на камодзе, то гэта ж яго Рагнеда згубіла, калі на кані праз роў скакала, а я яго і падняла. Во там тыя равы!», – махала рукой кудысьці ўбок. Бабуля – вядомая мудрагелька ды прыдумшчыца. З дзяцінства стаіць у Соніных вачах карцінка: баба Ядзя сядзіць жнівеньскім надвячоркам на ганку, узіраецца пільным вокам у край далягляду, услухоўваецца ў маўклівы ўжо без птушак сад, і сама сабе кажа весела так: «Лецейка-та – брык». Шмат чаго памятае Соня, не памятае толькі, з чаго тое сталася, што расцягнула іх усіх па розных кутах, сцёршы да белаты мінулае, пакінуўшы хіба адно горкае шкадаванне.
Читать дальше