– Kto ty jesteś? – спытае такі ашавурак у Кабылінскага.
– Чалавек, – адказвае.
– A kto pan twój? – пакепліваюць.
– Бог.
– Hm, – злуюцца, – lecz wszystko ż, czy możno smykać dotąd, gdzie siedziać pany? Moguć prognać.
– Сядзі, дурню, каля мяне, і ніхто цябе не прагоніць.
Але гэткія прыклады былі, баржджэй, выняткам, бо агулам становішча беларускае мовы было не дужа прыглядным. І маё веданне яе нічога б не змяніла ў існай раскладцы рэчаў. Я гэта разумела, але, як адзначыла вышэй, дужа засаромілася пасля пытання Вайніслава. І каб хоць неяк загасіць тое адчуванне, сказала, як цяпер помню, па-беларуску: «Ведаеця, паночку Вайніславу, мой суджаны Паўлюк саўсём ня дбаець аб тоя. Можа б паночак паўчыў міне?» . Я досыць глупа засмяялася. Слава ж пахітаў галавою і ціха абвясціў чароднае ўз’яўленне (откровение):
– Крывіцкая мова – мова Еўропы. А мы зараз у Азіі і, адчуваю, што надоўга. Гэта страшна. Зямля наша нікуды не зрушыла, але мы ў Азіі. Некалі татарскае ярмо абмінула нас. Цяпер мы яго маем на плячах [4] Так у арыгінале (зацем С. Б. ).
у больш дасканалым выглядзе. Мы ў Азіі. Азія змушае нас гуртавацца вакол магілы караля Ягайлы. Мы стаім разам і кажам пра Polsku od morza do morza, але нават памысліць баімося, што гэта Азія закралася ў нашую свядомасць ды кіруе нашымі паводзінамі і словамі.
Павел, што надзьмуўся, як мыш на крупы ад майго непрыхаванага какецтва з Вайніславам, быў агаломшаны і толькі прашаптаў:
– Вайніславе, гэта справы палітычныя. Лепш пра іх не прамаўляць. І тыя і другія раз’юшыцца могуць.
– Ніхто не адкажа, – улучыўся ў гаману Людвік Ляхоўскі, – ці няма шпегавання за намі. Філарэты гадоў трыццаць таму таксама збіраліся. Пра дабрачыннасць ды асвету для краю разважалі. Збіраліся. І дазбіраліся… За Уралам, канечне, людзі ё, але мне чамусьці іх не хочацца бачыць. Ссылка штука паганая.
– Філарэты пілі малако за Крывію, а гарэлку з мёдам за Польшчу, – нібыта між іншага выдаў Славачка.
– Вы толькі не сярдуйце, – звярнулася да яго Ірэна Галавацкая. – Мо’ чулі, што ў Полацкай акадэміі мэханічная гаваркая галава была? Дык вы, як бачу дужа да яе характарам прыпадабняецеся.
Майму гневу не было межаў. Што яна сабе дазволіла? Абразіла, зняважыла харашэнькага-разумненькага Славачку. Параўнала з якімісьці механізмусамі… Тады ў маіх думках такія словы скакаць сталі, што і прыпомніць сорамна. Ажно не верылася, што я іх трымала ў памяці сваёй. Але навочна я аніяк успратэставаць не магла.
Пасля ўсяго мой мілы ўзяўся-такі мяне ўшчуваць за празмерную сваволю ў словах пры звароце да Вайніслава. Я адсмейвалася і завірала яму вусны бусямі. Усё ж нам было добра. Але думка пра існаванне зусім блізка такога чалавека як Вайніслаў Боўт пачынала сушыць мяне і шторазу часцей а часцей. Заісце – нявызнаным ёсць тор кахання. І мне давялося баяцца. Баяцца і хавацца ад усяго на свеце, каб змаўчаць наяўнасць тут і цяпер чагосьці іншага, нестасоўнага з агульнымі ўяўленнямі. Было абсалютова неверагодна знаходзіцца ў пачуццёвай кругаверці. Адчуваць агонь жадання да аднаго мужчыны, але часіны бавіць з іншым. Сніць недазволенае цэнзураю і прачынацца з вільготным улоннем. Даруй, о чытачу, гэты міжвольны парнаграфізм! Я пакутвала. Я вельмі пакутвала, бо з Паўлушам у нас вобмаль спрэчак бывала. Мы і пасварыцца па-сапраўднаму не ўмелі. То ж і не зналі слодычы прымірэння. Ці мне яны да спадобы аднолькава двох сталі? Не ведаю. Шалі вагаліся. Толькі пра тое ні Паваел, ні Слава знаць былі не павінны. Але я не магла паручыцца за тое, ці не бачыў хто-колечы маіх уздыханняў.
Тым часам аб’явіўся труп яшчэ адной дзяўчыны. Казалі, што была то маладзенькая і вельмі пекная габрэйка. Ейнае аголенае растурзанае нелюдзем цела знайшлі недалёк ад упадзення Нямігі ў Свіслач. Згадаўшы праракаванні Вайніслава, я дужа пералякалася з той яскравай чартаўні, якім праменіла чароднае смяртэльнае здарэнне з асобай жаночага полу. Пэўна ніхто з ладнага ліку мяшчан не паспеў звязаць новае жахоцце з папярэднім, бо паліцыя спешліва назвала ахвяру прастытуткай, забітай сваім гаспадаром. Каго б захвалявала смерць прадстаўніцы гарадскога дна?! Спадарыня Шрэйдар, напрыклад, гідзілася гэтай гісторыі і сувора забараніла весці пра тое якія-заўгодна размовы з пансіянаркамі: «Kein word über tej мерзости». Хросная мая толькі ўздыхала і паўтарала: «Куды ж коціцца наша родная Беларусія? Наш мілы Севера-Западны край…». Было не па сабе. Паўлуша, як заўсёды маўчаў. «Ой, гора-бяда. Якая ўжо ж розніца ці блудніца то, ці цнатлівіца? Яе ж так жорстка замардавалі», – у такім сэнсе выказвалася Каміла Свентаржэцкая. Спадар Ляхоўскі наагул выказваў версію, што ніякіх забойстваў не было, а толькі паліцыя мяркуе спаралізаваць менскі люд страхам. Я не была з тым згодная. Вайніслаў жа, які троху спазніўся на чарговы «соймік» «Дасканалага Крывіча», меў поўныя вочы слёз, што мяне адначасова збянтэжыла, спужала і расчуліла. «Гандлярка з Нізкага рынку. Дзяўчо зусім», – прамовіў ён і ніхто не насмеліўся патрабаваць тлумачэнняў. Усё-ткі паліцыя хлусіла. Завінаваціць паліцыянтаў было зусім немагчыма. Такі быў век, час, эпоха, калі хочаце. Мікалай І пайшоў на піва да Абрагама , але шынель ягоны (а зусім не таго змаскаленага хохліка Гогаля) вісеў над імперыяй. Тады гэта ўсведамлялася мала. Я была маладою і дурною. Толькі ў шэсцьдзясят трэцім, калі расейскія салдаты забілі маю сяброўку – прыродную расейку, нібыта за сувязь з мяцежнікамі, мне пачало здавацца, што Расея вязніца. (Сяброўка, дарэчы, з паўстанцамі не кантактавала, а абдзяліла ўвагай аднаго афіцэрыка). Цяпер я стары чалавек і не пабаюся вывесці сваім почыркам на гэтай цудоўнай паперы словы – Карфаген павінен стаць руінай. Я пішу гэта па-расейску, але не маю ані каліўца спагады і шкадавання да расейшчыны. І нават стаўшы прахам, я засмяюся, калі ў Пецярбурзе і Маскве запануе лацінскі алфавіт ці арабскі аліф.
Читать дальше