Вечарамі і з надыходам цемнаты чалавек па імені Антон Лашкевіч ляжаў і думаў пра ўсякае. Ці кахала яго па-сапраўднаму жонка, якая засталася дзесьці там, у вялікім горадзе? А дачка? Як яна паставілася да яго знікнення? Што такое, напрыклад, святасць? І ці сапраўды яна – адна рэальная рэч, а ўсё астатняе – безнадзейныя крыкі ў цемры? Ці жыў ён, напрыклад, па тэме заданай яму аднекуль з нябачнай вышыні, альбо цяпер, ужо на Пераходзе, расцярушыў сваё жыццё на дробны, неістотны друз? Ці дасягнуў ён сваёй мэты? Ці была яна ў яго ўвогуле? Можа, спадзяваўся ён, у яго яшчэ не ўсё страчана, а татальная адзінота, якая звалілася на яго, нясе ў сабе шанц на своеасаблівую душэўную перамогу?
Дагэтуль усё яго жыццё забірала войска. Магчыма, калі б ён рос у забяспечанай сям’і, ён выбраў бы сабе іншы шлях. Часам ён адчуваў неасэнсаваны ўнутраны покліч да вайсковага парадку, але калі шчыра – ён не любіў армію, марыў – а служыць да сарака пяці яму заставалася зусім няшмат – заняцца потым зусім іншым: прачытаць шмат кніжак (а ён любіў чытаць і выкарыстоўваў дзеля гэтага кожную вольную хвіліну), засесці за камп’ютар, завесці якую сваю справу альбо падступіцца да чаго-небудзь, што яго апошнім часам цікавіла, – парапсіхалогіі, напрыклад. Цяпер усё гэта – пустыя мары, а рэальнае толькі адно – зарослая пустазеллем, кінутая хата і яго абсалютнае адзіноцтва.
У адзін з такіх дзён чалавек па імені Антон Лашкевіч якраз падпраўляў агароджу свайго жытла, калі нечакана з’явілася дзяўчына. Яна выбегла проста на яго з-за хмызняку і кустоўя, якімі даўно была зарослая вуліца. Дзяўчына, на першы погляд, мела гадоў дваццаць-дваццаць пяць, ва ўсякім разе так яму тады нагадалася. На змораным яе твары быццам занатавалася маска жаху, валасы былі ўскудлачаныя. На ёй быў заношаны і запэцканы танны трэніровачны касцюм, а на нагах брудныя красоўкі. Яна задыхалася.
– Ратуйце, дзядзечка!
– Што здарылася? – здзівіўся ён. – Адкуль ты і куды бяжыш?
– За мной гоняцца!
– Хто?
– Потым, дзядзечка. Вы ім толькі скажыце, што я пабегла ў той бок, – дзяўчына паказала на поўнач, – а я – у іншы. Я вас не падстаўлю, не хвалюйцеся!
Ён раздумваў нядоўга. Ружжо вісела на слупку плота, метры за два, ён зняў яго і коратка загадаў.
– Ідзі ў хату!
– Не, я баюся, яны вас заб’юць, спаляць, яны…
– У хату, я сказаў!
На імгненне дзяўчына замарудзілася, а потым узбегла на ганак і знікла за дзвярыма веранды. Бразнула клямка.
І амаль адразу, праз якую хвіліну ён убачыў дваіх яе пераследнікаў, якія выйшлі проста на яго і рухаліся рашуча, нібы вярталіся да сябе дамоў. Твары іх, пэўна, не абмінуў бы ўвагай Ламброза. Яны былі бамжаватыя на выгляд, але толькі на першы, бо хоць і непаголеныя, мелі ўкормленыя пысы, і целы ў іх былі маладыя, здаровыя, поўныя энергіі і незрасходаванай сілы.
– Дзеўка дзе? – спытаў адразу, не павітаўшыся, адзін з іх – каржакаваты, цёмнавалосы і з залатым ланцугом у проразі каўнера кашулі. – Ты яе бачыў?
– А што – іх тут шмат бегае? – у сваю чаргу спытаў ён. – Навошта яна вам?
– Ты дурня не ўключай, гавары, куды яна пасунулася?
– Не бачыў я дзеўку, – сказаў ён.
– А можа, яна ў хаце хаваецца? – абодва памкнуліся да яго бліжэй, адлегласць паміж імі адразу стала небяспечна скарочанай, і ён звыкла перакінуў ружжо пад левую далонь, пальцы правай ляглі на куркі.
– Стоп, мужыкі, – сказаў Антон Лашкевіч і дадаў коратка і рашуча. – Гэта мая хата!
– Ды ты што, внатуры, апух? – засмяяўся другі з пераследнікаў – вузкаплечы, але гнуткі і жылісты, з тыповым тварам блатнога. Хто табе сказаў такое глупства? Тут, у гэтым раёне, усе хаты нашыя. Нашы-я. Хочаш праблем? Ты хто?
– Жан Както, – пераводзіў ён небяспечную гутарку на жарт. – Ішлі бы вы сваім шляхам, мужыкі. Хоць бы прадставіліся, калі ўжо завіталі.
– Гэта ты – мужык. А з гэтага дня яшчэ і з праблемамі, – сказаў каржакаваты мацак. – Думаеш, на цябе ствала не знойдзецца?
Вопытным вокам Антон Лашкевіч ужо ўбачыў у яго за поясам пад кашуляй абрысы зброі. Але ж, падумаў ён, пісталет там ці рэвальвер супраць яго двух ствалоў зараз амаль нічога не вырашае.
– Ну глядзі, лічы мы табе паверылі, – між тым разрадзіў сітуацыю блатнаваты, – часу ў нас бракуе, але на днях чакай – прыйдзем у адведкі, і ты нам падрабязна дакладзеш: хто ты такі і чаму тут прапісаўся.
Яны відавочна спяшаліся. Сапраўды, з дзеўкай ім чамусьці карцела пабачыцца неадкладна, але тут узнікала шмат пытанняў, на якія адказаць магла толькі сама ўцякачка.
Читать дальше