– Прачынайся! – крычалі яму. – Бяда! Ён не разумеў. Якая бяда? З кім?
– Зірні на нагу! Як жа ты гэта?
Ён прыўзняўся і агледзеў ногі. У ранішнім святле ён убачыў дзіўнае і жахлівае відовішча: ступня правай нагі ноччу, пэўна, трапіла ў дагараючае вогнішча і з ашмоцця красоўка выторквалася костка абгарэлага пальца.
Болю ён не адчуваў.
У шпіталі яго адразу скіравалі на аналізы і пачалі, як гэта прынята, «круціць» з усіх бакоў. Але ўжо праз тры дні да яго заходзілі выключна ў пальчатках, а потым увогуле памясцілі ў асобнае, наспех прыстасаванае памяшканне, хутчэй за ўсё ў былую падсобку, куды перанеслі вузкі салдацкі ложак.
Яму часткова ампутавалі палец, нага быццам загойвалася, ён хадзіў. Потым яго выклікаў да сябе загадчык аддзялення – мажны, з квадратным тварам і сівым ёршыкам валасоў на галаве.
– Я азнаёміўся з вашай справай, – сказаў яму лекар. – Вы – баявы афіцэр, але, на жаль – у мінулым, так-так, служыць вы больш не будзеце, а пачнеце афармляць інваліднасць. Тым больш, што вам сорак пяць год. Я нічога ад вас хаваць не збіраюся, бо вы, спадзяюся, ды не, я ўпэўнены, што вы чалавек мужны, шмат чаго ў жыцці бачылі, і ўсё такое…
– Не цягніце, я ўсё зразумею, – папрасіў Антон Лашкевіч.
– У вас – хвароба Хансена ці, прасцей кажучы, – лепра.
– Праказа? – ён быў ашаломлены.
– Так.
– Але адкуль?
– Ёсць асяродкі лепры, і не толькі ў азіяцкіх рэспубліках, у краінах паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, а і ў Еўропе. У гэтых ачагах невядома дзе, магчыма ў вадзе ці зямлі, гняздуецца мікроб. Нават у Прыбалтыцы ёсць падобныя асяродкі, і прыкладна з мільёна людзей штогод захворваюць адзін-два чалавекі.
– Я быў у Прыбалтыцы хіба толькі транзітам.
– У свеце каля пятнаццаці мільёнаў хворых, якія заразіліся мікрабактэрыямі хансеноза. У нас навокал цяпер поўна мігрантаў, якія здольныя занесці хваробу з самай аддаленай яго часткі.
– Я не кантактаваў з мігрантамі.
– Але ж, як я ведаю, вы служылі ў Афганістане.
– Прайшло столькі год…
– Менавіта што так. То-та і яно. Для лепры характэрны надзвычай працяглы, пазбаўлены дакладна акрэсленых тэрмінаў – да дваццаці год і больш – інкубацыйны перыяд, практычна бессімптомны. Але, як у вашым выпадку, у хворага з часам парушаюцца ўсе віды нервовай адчувальнасці скуры, асабліва на нагах. Ноччу, калі вы заснулі ля вогнішча – а чалавек інстынктыўна цягнецца да цяпла – ваша нага трапіла ў вуглі. Болю вы не адчулі.
– Мяне скіруюць у лепразорый? – пасля паўзы спытаў ён.
– У нас у краіне такога лепразорыя цяпер няма, наколькі мне вядома. Хаця хворыя ёсць. Некалькі чалавек.
– Значыць, я заразны? Доктар красамоўна паціснуў плячыма.
– Гэтая хвароба – суцэльная таямніца. Яе прырода нікому не зразумелая, нават навукоўцам. Працяглы інкубацыйны перыяд не дазваляе вылічыць яе пачатак. Клінічныя праявы надзвычай шматлікія, з-за чаго лепру і называюць «вялікім імітатарам».
– Дык як са мной вырашаць? – спытаў ён разгублена. – І хто будзе гэтым займацца – урачы?
– Вы, і толькі вы павінны вырашаць, – сказаў лекар. – І, спадзяюся, да суіцыду справа не дойдзе. Вашай жонцы дыягназ мы не паведамілі. Зробіце гэта самі. Дарэчы, у вас вялікая сям’я?
– Жонка і дачка. Апошняй дванаццаць год.
– Скажу вам шчыра: вы адгэтуль павінны жыць адзін. Гэта пажадана. Хоць бы з-за вашай дачкі. Вы мяне разумееце? Месца выбераце самі. Кажуць, што адзінота – адзін з самых непажаданых станаў для чалавека і не кожны выносіць яе. Вы ж зараз будзеце – абсалютна адзінокі. Такія абставіны. Вы мяне разумееце?
– Я быццам кемлівы, і мне не трэба разжоўваць. Цяпер я – абсалютна адзінокі.
– Так. Вы, як кажуць, коціце ў тэму. Кубатурыце. Але ж да ўсяго астатняга дойдзеце сваім розумам і пасля.
– Дзякуй, – Антон Лашкевіч нявесела ўсміхнуўся. – Я павешу на шыю званочак, каб загадзя абвяшчаць пра сваё набліжэнне, так?
Лекар усміхнуўся яму ў адказ, але даволі змушана.
– Добра, што вы здольныя жартаваць. Але званочка не трэба. Цяпер іншыя часы. Бываюць і выпадкі вылячэння. Усё можа быць. Калі я, студэнт-медык, быў на трэцім курсе, нас звазілі ў лепразорый. Мы правялі там некалькі гадзін. Уявіце сабе цагляныя ці драўляныя дамкі сярод дрэваў. Усё акуратна, утульна. Я прысутнічаў на прыёме хворага. Прывялі дужага трыццацігадовага мужыка, трактарыста. Ён раней некалькі раз збягаў адтуль, бо лічыў сябе здаровым чалавекам. І, паверце, на выгляд ён быў гэткім вясковым волатам, толькі вось на спіне – маленькая плямка. Доктар выцягнуў шпрыц і ўваткнуў яму ў гэтую плямку. Волат нават не ўздрыгнуў, не варухнуўся: ён не адчуваў болю. Паказалі і старую, яна хварэла даўно. Прачнулася днямі, – сказаў нам доктар, – прыўзнялася… а рука засталася ляжаць на ложку – адвалілася па самае плячо. Сказаў абыякава. Звыкся. Урэшце – гэта каб вы ведалі і пра самае горшае. Вам датуль далёка. Існуюць эфектыўныя прэпараты. Можа, і вылечыцеся. І такое здараецца, хоць скажу вам сумленна, вельмі рэдка. Калі б вы хоць выявілі ў сабе пачатак гэтай хваробы, своечасова прыслухоўваліся да свайго арганізма, абагульнілі сімптаматыку… Дарэчы, мы даследуем і вашу жонку і дачку. З жонкай можаце пагаварыць ужо сёння. Яе да вас прапусцяць.
Читать дальше