…Жонка, з якой дагэтуль ён сціпла размаўляў толькі па мабільніку, прыйшла да яго ў той самы дзень. Яна была на тры гады маладзейшая за яго: усё яшчэ даволі прыгожая – тонкая ў таліі, з мілавідным тварам. Калісьці яны былі прыкметнай парай: ён – высокі, светлавалосы, дужы, і яна – смуглявая, з роўным радком белых зубоў.
Ён вывеў яе ў прыбальнічны скверык і адразу сказаў усё: што прыйшла бяда, але што гэта не смяротна, што ён цяпер будзе жыць адзін – як жыць і дзе, ён вырашыць у бліжэйшы час, што аформіць інваліднасць і пенсію на спецыяльны рахунак, але будзе атрымліваць толькі палавіну, на другую складзе на яе імя даверанасць праз юрысконсульта, бо ёй жа расціць дачку, і ўвогуле магчыма, што праз нейкі час ён неяк уладкуецца і грошы яму не спатрэбяцца, ён жа выдатна разумее, што на сціплую зарплату настаўніцы ў музычнай школе пражыць і падняць на ногі дачку даволі складана, што, як ён сыдзе, то яго рэчы, якія ён не здолее забраць з сабой, неабходна знішчыць, а кватэру неяк дэзінфіцыраваць.
Жонка слухала яго з акамянелым тварам, не закрычала, не заплакала, і за тое ён быў ёй якраз удзячны – бо плач, галасі – рады не дасі.
Ён ведаў, што дзейнічае жорстка, але ведаў і тое, што рабіць інакш не выпадала, да таго ж ён даўно звыкся з жорсткасцю і шмат бачыў яе ва ўсялякіх яе праявах.
Заплакала яна пазней, калі ён пачаў абмяркоўваць дэталі: якія дакументы яму прынесці з дому, якія аформіць самой – ёй заблажыла, давялося паклікаць доктара, мераць ціск і зрабіць супакойвальны ўкол.
…Ён сышоў з дому амаль адразу, выбраўшы час, калі жонка была на працы, а дачка ў школе, пакінуў толькі кароткую запіску. Так, меркаваў ён, будзе лепш за ўсё.
Шмат перадумаўшы, чалавек па імені Антон Лашкевіч прыняў рашэнне з’ехаць у зону адчужэння і жыць менавіта там: па-першае, у зоне можна знайсці жытло, якую-небудзь кінутую хату, па-другое, ён будзе там адзін, ну, а па-трэцяе, яму, былому сялянскаму хлопцу і вайскоўцу не прывыкаць да выжывання ў экстрэмальных умовах. Ён яшчэ ў сіле, будзе ўжываць медпрэпараты, якія яму выпісалі, і яму не складзе вялікай праблемы назапасіць на зіму дроў, схадзіць за дзесяцьпятнаццаць кіламетраў у прадуктовую краму і прынесці адтуль рукзак з прадуктамі, падстрэліць якога дзікага звера, рыхтаваць сабе такую-сякую ежу. Жылі ж раней людзі ў натуральных умовах і выжывалі, нават паспяхова працягвалі свой род. Праблема была толькі ў адным: ці здолее ён быць абсалютна адзінокім. Але ж жыў так у сярэднявеччы Святы Лазар, таксама адзначаны гэткай жа, як і ў яго, жахлівай хваробай, часам і называюць яе менавіта хваробай Святога Лазара. Жывуць жа неяк астатнія хансенознікі, а ў свеце іх нямала – як ён даведаўся ад доктара, больш за пятнаццаць мільёнаў.
Прайсці ў зону аказалася нескладана. Хату, у якой, ён лічыў, спыніцца надоўга, ён знайшоў праз некалькі дзён. Вёска, да якой яна калісьці належала, была даўно кінутая, напалову спаленая, засталіся толькі некалькі расцягнутых, разрабаваных дамкоў, зарослых пустазеллем. Дзесьці ў дзясятку з гакам кіламетраў дыхаў закратаваны ў саркафаг, але так і не ўтаймаваны рэактар. Радыяцыя? Ён вырашыў, што яму ў гэтай сітуацыі не дадзена права выбару – што ёсць, тое і будзе. Жывуць людзі і ў радыяцыі.
Туга апаноўвала яго, асабліва вечарамі, калі згасала святло, а далёкае сонца хуткаплынна скатвалася за далягляд і ўрэшце знікала за сцяной лесу. Але ж была ў гэтым тужлівым адчаі і нейкая своеасаблівая псіхалагічная асалода: вось, меркаваў ён, я дайшоў да апошняй рысы, гэта край, але ж я не скараюся і не апускаюся да ляманту, праклёнаў і пустых і бяссэнсавых нараканняў на свой лёс, які ўгатаваў яму такую пастку.
А потым ён заўважыў, што зона – жывая. На тэрыторыю, якую ён лічыў ужо сваёй, часам забягалі дзікі, але, учуўшы чалавека, адразу знікалі, дзесьці паблізу блукаў сабака – няблага было б яго прыручыць, іншым разам меркаваў ён, праляталі птушкі, выкідваў з падземнай схованкі зямлю крот, неяк ён убачыў лісіцу, а потым амаль з-пад ганка яго хаты выпаўз на сцежку вуж. Але не гэта было самым важным. Аднойчы ён пачуў далёкія галасы людзей, але хоць і застаўся чакаць – да яго так ніхто і не наведаўся, а потым неяк заўважыў, што на ўскрайку леса бліснуў сонечны зайчык, – як ён адразу вызначыў, гэта было шкло бінокля: значыць, за ім нехта сачыў.
Ён стаў больш пільны, правёў вакол хаты непрыкметную дротавую сігналізацыю, а ў ствалы ружжа ўставіў па патроне і трымаў яго заўсёды пад рукой.
Читать дальше