Месяц зноў на кароткі час выбег з-за хмары, і святла ў акне хаты-падманкі паменела, а потым месяц знік, і тая хата па-ранейшаму была як невялічкі маяк. Маяк-падманшчык.
Ён стаў слухаць, як звініць у вышыні, недзе пад столлю камар, сціхае і зноў звініць.
Цеплыня пяшчотна ахутала яго – грэла ватоўка, колькі ўжо часу прайшло, – падумаў ён, – і тут пачуў крокі за дзвярыма, дарэчы, зачыніў ён іх ці не? І чаму не спрацавала сігналізацыя? Але позна ўжо было бегчы, і ён толькі глядзеў, як дзверы адчыніліся і – не, гэта было немагчыма, неверагодна – Лідка нерашуча ступіла праз парог і агледзела яго сваім неспакойным позіркам. Ён бачыў яе стомлены, нервовы твар.
Ён падхапіўся з ложка і памкнуўся да яе, але дзяўчына спыніла:
– Не падыходзь, не трэба. І ён здзівіўся сам сабе, што трымціць ад радасці.
– Лідка! Ну, скажы хутчэй – усё няпраўда?
Але яна адмоўна пахітала галавой і сказала зноў сваё:
– Ну, бачу, што чакаеш, не падыходзь. І ён мусіў спытаць пра зусім неістотнае:
– А як ты дзверы адчыніла? Я ж кручок накінуў.
Але дзяўчына адказала:
– Ну што ты, як малы, пытаеш, бачыш жа – дзверы не зачыненыя, але ж у мяне мала часу, я табе хачу сказаць, што яны прыйшлі, ты чуеш?
– Але ж мы так даўно не бачыліся, давай сядзем, пагаворым, я сумаваў без цябе, чуеш, я сумую без цябе, – сказаў ён.
Яна быццам адразу зачапілася за гэтую яго думку і спытала:
– А ты кахаў мяне, ну хоць трохі, бо казаў, што – не?
І ён адказаў тую праўду, якая жыла ў яго падсвядомасці.
– Так, раней сапраўды не кахаў, бо мне нельга, сама разумееш. Тады Лідка сказала супакоена:
– Дзякуй, які ты харошы, а зараз бывай. Ён хацеў схапіць яе за руку, каб спыніць, але схапіў пустату і – прачнуўся.
Чалавек па імені Антон Лашкевіч, як і раней, ляжаў у цемры, на ложку, і за шклом цягнулася ноч, свяціўся прастакутнік акна ў хаце-падманцы, а кручок на дзвярах быў накінуты на прабой, ён добра бачыў гэта са свайго кута. Ён доўга так ляжаў, не варушачыся і адчуваючы, як паступова адплывае і раствараецца пачуццё пяшчоты – моцнай і кранальнай, якой, магчыма, даўно не адчуваў ні да кога, так, ні да кога. Ён аблізаў перасохлыя вусны і сказаў у цемру:
– Ну дзякуй, Лідка, што прыйшла, папярэдзіла, бо я тут зусім адзін і – на Пераходзе…
І зусім ачуняўшы, знайшоў і схапіў чаравікі, сунуў у іх ногі, акуратна зашнураваў, бо гэта таксама важна, – прамільгнула ў яго галаве, – потым не будзе часу, а дробязь можа іншым разам вырашыць усё. Значыць, яны прыйшлі, калі Лідка папярэдзіла. Дзякуй, Лідка. Цяпер пачнецца невялічкае паляванне, і я вельмі заняты, Лідка, але ўсё роўна дзякуй за тое, што лёс нас звёў.
Ён таропка распіхаў па кішэнях патроны, усе, якія ляжалі на стале і ў пачку, пераламаў ружжо і ўпэўніўся, што яно зараджана.
Гэта была дубальтовая «тулка» – «ТОЗ-54» са звычайным драўляным прыкладам, з двума куркамі, якія, праўда, узводзіліся без шчоўкання, што ён лічыў вялікім плюсам у сваіх абставінах; гільзы былі «папкавыя» і латунныя, а куля – «спадарожнік» – круглая, з моцным рыкашэтам, і далечыня паражэння ўсяго толькі да сямідзесяці метраў. Са зброяй увогуле было складана, і гэтае «блатное» ружжо, канфіскаванае ў браканьераў, ён купіў раней за невялікія грошы.
– Ціша.
Ён прыслухаўся: звінеў камар, ці, можа, яму падалося, можа звягнула сігналізацыя? Лідка прыснілася не дарэмна: сёння яны павінны прыйсці. На іх думку, ён тут сядзіць, як мянтуз пад карчом. Толькі б прыйшлі, бо горш за ўсё чакаць. У нас і так краіна суцэльнага чакання. Але Лідка ж ніколі не снілася яму, нават пасля таго, што здарылася, – значыць, яны прыйдуць.
Чалавек прыслухаўся і зірнуў на гадзіннік. Стрэлкі спыніліся на першай гадзіне. У роце было суха і хацелася піць, але піць цяпер не выпадае. Акно ў хаце-падманцы праз вуліцу роўна струменіла святло. Ён лёг на ложак, ужо ў чаравіках, і зноў пачаў глядзець.
Усё было быццам тое ж самае, але ўжо і не тое, бо нешта змянілася, ці яму нагадалася, хіліла ў сон, ён пазяхнуў, вочы самкнуліся, думкі пачалі блытацца, але неспадзявана ўздрыгнуў і сэрца яго закалацілася – звягнула пустая бляшанка, значыць, спрацавала сігналізацыя, і тут жа ўбачыў, як да асветленага акна хаты-падманкі крадзецца цень.
Ён намацаў ружжо і бязгучна выслізнуў за дзверы, прабег у цемры па вуліцы і ўбачыў постаць незнаёмага, які, хаваючыся, зазіраў у асветленае акно; ціха скараціў адлегласць, не выпускаючы таго з поля зроку: незнаёмец стаў бокам і зноў зазірнуў у акно. У святле месяца, што выбег з-за хмары, Антон Лашкевіч убачыў у яго руцэ пісталет.
Читать дальше