1 ...6 7 8 10 11 12 ...26 Ён не спытаў у доктара пра «сваю» форму захворвання, але лічыў, што гэта ўсё ж туберкулоідная: сіла яшчэ пры ім, зрок не сапсаваны, з’явіліся, праўда, там-сям бляшкі і бугаркі чырвонага колеру на скуры, сушыць у роце, хіліць у сон, ён не адчувае болю, але некаторыя сімптомы можа выклікаць і радыяцыя.
Ён спадзяецца, – меркаваў чалавек па імені Антон Лашкевіч, – што сапраўдная інваліднасць яшчэ далёка, да таго ж ён прымае рэкамендаваныя яму лепролагам лекі: дапсон у камбінацыі з рыфампіцынам і лампрэнам. Праўда, лекі калінебудзь заканчваюцца, як, дарэчы, грошы і запасы ежы, і яму давядзецца аднаўляць гэта ў горадзе.
Раптам транзістар абудзіўся, і ён пачуў урывак з нейкай перадачы, пра сэнс жыцця, пра тое, што ніхто дагэтуль не ведае і, цалкам верагодна, наўрад ці калі даведаецца, як яно ўзнікла на самай справе, дзеля якой мэты, чаму менавіта такое – хуткаплыннае, крохкае і недасканалае, і, што вось напрыклад згодна з уяўленнем індзейцаў племені аджыбееў, жыццё – гэта ўсяго толькі хуткі цень, што імкліва бяжыць па траве і губляецца на захадзе сонца…
Яго хвароба рэдкая для гэтых месцаў, але ён ужо не задаваў сабе пытання, чаму яна прыйшла менавіта да яго: навокал дзясяткі, сотні людзей раптам пачынаюць хварэць, многія з іх паміраюць, і трэба быць ёлупам, каб не зразумець, што ў рэшце рэшт гэта чакае кожнага. Раней ён не звяртаў увагі, калі раз-пораз сустракаючы дзе-небудзь чарговага знаёмага ці знаёмую, машынальна адзначаў для сябе, што чалавек неяк састарэў, пэўна, даўно хворы, і сам не ведае гэтага, а то і наіўна верыць, быццам будзе жыць заўсёды, але вось, нябачны бізун ужо занесены над ім, і вынік прадказальны. Што можа быць важней за тое, што кожны з нас і ўсе мы – калі-небудзь памром? То-та ж…
Так, думаў ён. І хіба важна, дзе ты правядзеш Пераход, яго самую вырашальную і адказную частку – у якім-небудзь далёкім Амстэрдаме ці вось як ён, тут, у зоне, у адзіноце, атакаваны смяротнай хваробай? Фініш аднолькавы. Хіба не так?
Урэшце, думаў ён, тыя вылюдкі – яны не толькі аб’явілі яму вайну на знішчэнне, а і нанеслі кроўную знявагу. Кожны вырашае сам. Яму можна і выйсці з гульні, ніхто нават не заўважыць, але ж чалавек, які не дасягнуў мэты і працягвае жыць – нікчэмнасць і варты жалю, ды мэты не дасягнеш, калі не будзеш жорсткім. Калі б ён не быў такім, ён бы проста не выжыў у гэтым свеце, хоць, з іншага боку, калі б ён не быў памяркоўны да людзей, ён бы не заслугоўваў жыцця. Застаецца мэта і абавязак. Бывай, Лідка, і не крыўдуй калі што – цяпер ці ён ці яны, але гэта ўжо не так важна, бо калі чалавек нават не дасягае мэты і расплачваецца за гэта смерцю – усё роўна смерць не кранае яго вартасці, яго гонару.
Любы з тых вылюдкаў, думаў ён, пасмяяўся б з мяне, бо сапраўды, чаму паміраць, калі гэта нявыгадна? Але чаму я павінен жыць, згубіўшы твар, нават калі гэта зручна? Тым больш, пра якую зручнасць можна гаварыць у яго становішчы?
Нездарма, думаў ён, пасыпаліся ўжо з усіх бакоў свету ад нешматлікіх прасунутых навукоўцаў, людзей мастацтва і культуры папярэджанні пра паступовае выраджэнне не толькі асобных этнасаў, а і ўсяго чалавецтва. Наркотыкі? Хіба ж так цяжка даць рады нешматлікім адкідам сярод людзей? Пабываць колькі разоў на Месяцы і не здолець навесці парадак у сваім доме? Гэта як зразумець? Хто адкажа?
Ведаў ён тых наркадылераў, анягож. У гарадах і пасёлках іх становіцца ўсё больш. Гэта да іх можна з лёгкасцю знайсці дарогу па вуліцах, засмечаных выкарыстанымі шпрыцамі з рэшткамі крыві. Але дарог тых чамусьці не бачаць. Не бачаць ва ўпор і мільённых асабнякоў-палацаў з усімі атрыбутамі халопскай раскошы ўнутры, басейнамі, асабнякоў, адкуль выязджаюць дарагія іншамаркі, і зусім не на працу выходзяць нахабныя, жоўтаскурыя трутні, прыхадні, што напоўніцу карыстаюцца дурасцю людзей вакол іх і так званай дэмакратыяй. Хоць іншым разам падкія на сенсацыю папарацы паказваюць на якім-небудзь тэлеканале чарговых даведзеных да адчаю баб, што збіраюцца разам і, лямантуючы, са слоікамі з бензінам у руках ідуць падпальваць гэтыя асабнякі, бо іншага выйсця ўжо няма.
– Ну вось, калі ты мне ўсе карты выклала, то паслухай і маю праўду, – сказаў чалавек па імені Антон Лашкевіч. – Але, можа ты хочаш спачатку паесці, цябе там хоць кармілі?
– Я вады вып’ю.
– Добра, потым паясі, – ён прынёс ёй вады ў бутэльцы і дадаў: – Пі з рыльца.
– Чаму? Вось жа конаўка.
– Не. Скажу табе адразу: мая праўда ў тым, што я небяспечна хворы. Можаш заразіцца.
Читать дальше