Як пераследнікі зніклі, ён яшчэ пачакаў для надзейнасці некалькі хвілін, бо ведаў, што чалавек – падступная істота: гэтаму навучыла яго армейскае мінулае, а потым, урэшце, вярнуўся ў хату.
Заціснуўшыся ў кут, дзяўчына сустрэла яго насцярожаным позіркам. Твар у яе быў спалоханы. Чалавек па імені Антон Лашкевіч зачыніў за сабой дзверы, накінуў кручок, сеў на зэдлік, паклаўшы ружжо побач, і паказаў на адзінае крэсла.
– Сядзь нармальна. І не хвалюйся, бо яны сышлі. Дзяўчына паслухмяна перасела за стол.
– Дзякуй, дзядзечка. Я крыху перачакаю, а потым пайду.
– Хто гэта сюды завітаў? – адразу спытаў ён. – Ты іх ведаеш, так? Імёны, мянушкі?
– Так.
– Каржакаваты, з ланцугом на шыі?..
– Гэта Смол. Ён у іх галоўны.
– «Паганяла» Смол?
– Так. Ад прозвішча – Смолін.
– А другі, які пад блатнога?
– Ён блатны і ёсць. Сядзеў двойчы. Захар. Ад прозвішча – Захараў.
– І ўсё? Іх двое?
– Не. Ёсць і трэці. Яго завуць Разак. Гэта таксама мянушка.
– Ён што, каго-небудзь зарэзаў?
– Упэўнена. Цяпер упэўнена.
– Ну, – сказаў ён, – па-першае, супакойся. Ісці табе зарана. Я цябе ўважліва слухаю, і гавары, калі ласка, праўду. Па парадку: хто ты, як тут аказалася і чаму за табой гоняцца.
…Праўда, як нярэдка здараецца, уражвала. У дзяўчыны было імя. Яе звалі Лідзія, ці, як яна сказала, спрасціўшы і па-мясцоваму, Лідка. У яе нікога няма, нервова сціскаючы рукі, распавядала дзяўчына. Ёй дваццаць год. Бацька гадоў з дзесяць таму сышоў ад іх маці да іншай жанчыны, і яна яго больш ніколі не бачыла, а маці год таму памерла. Лейкемія не пакідала ёй аніякіх шанцаў, і яна згасла за месяц. Яна, Лідка, засталася адна. Дагэтуль яна паступіла ў мастацкую вучэльню і неўзабаве павінна была стаць мастаком-дызайнерам па вопратцы, але лёс наканаваў інакш. Ёй зацікавіліся, і, як яна пазней здагадалася, нездарма: спачатку «прапанавалі абмяняць кватэру з даплатай, але яна не згадзілася, потым у яе жыцці аднекуль узнік гожы чорнавалосы хлапец гадоў дваццаці пяці (гэта і быў Разак), які пачаў выказваць ёй увагу, і аднойчы яна запрасіла яго да сябе, а потым яны сустракаліся, пэўна, яна закахалася, а неяк абодва выпілі, ёй стала блага, яна нічога не памятала, толькі потым даведалася, што падпісала нейкія паперы наконт кватэры, хацела звярнуцца ў райаддзел міліцыі, але не паспела. На вуліцы яе схапілі, запіхнулі ў пікап і прывезлі сюды ў зону, дзе прымусілі працаваць: так-так, расфасоўваць наркату, якую потым тыя трое скідвалі ў горад, наркадылерам, у іх там была дзірка на мяжы з Украінай, яны рабілі чаўночныя рэйды: за мяжу за наркатой, потым назад у зону, дзе ніхто нікога не шукаў, не шукае і наўрад ці будзе, а потым у горад. Доўга гэтым яны ў зоне займацца не збіраліся, бо, вядома, апасаліся ўздзеяння радыяцыі.
Двойчы яна хацела ўцячы, але яе лавілі, збівалі і зноў прымушалі працаваць.
Цішыня была такая шчыльная, што ён часам губляў уяўленне пра тое, дзе знаходзіцца і хто ён такі ўвогуле, – нібы частка яго пакідала цела і лунала ў ліпкай, гразкай і цёмнай прасторы. Ён дацягнуўся рукой да стала, намацаў транзістар, уключыў і пакруціў настройку, шкала засвяцілася. Хацелася піць, але мінеральнай вады, якую ён купіў, калі хадзіў па хлеб, заставалася з паўбутэлькі, і ён перамог жаданне. Тут дзве неадчэпныя патрэбы – піць ваду і спаць, ды яшчэ апаноўвала вяласць, пачынала часам бязладна біцца сэрца, кружылася галава.
Такога сведку, як ён, не пакінуць без вынікаў. І Лідку, дарэчы. Дык лепш пачакаць іх тут, нават ёсць шанц, бо ў таго, хто шукае, адна дарога, а ў таго, каго шукаюць, – дзесяць. Дык няхай хутчэй прыходзяць, бо ён стаміўся чакаць з нябожчыкам у хаце насупраць. Быццам нейкая напаўтуганапаўзлосць авалодала ім. Калі жывеш у адзіноце, у галаву ўвогуле прыходзяць дзіўныя думкі, але ж ад нуды і смутку карысць невялікая.
Чым растлумачыць яго становішча побач з трупам праз вуліцу, які ўжо другія суткі не пахаваны і пачне неўзабаве смярдзець? Не прагнуў жа ён забіваць, калі зрабіў выбар, і пакуль да яго не дабраўся той «магіла»? Але ж, пэўна, у гэтым свеце нікуды не падзенешся ад праблем, і жыццё будзе біць і біць ды высмоктваць сілы, нават у самых паспяховых і забяспечаных, пакуль у адзін момант не паставіць на ўсім кропку.
Ён успомніў, пра што яшчэ даведаўся з інтэрнэту наконт сваёй хваробы ў апошнія дні пасля выхаду з бальніцы. Узбуджальнік лепры блізкі да ўзбуджальніка туберкулёзу, але ён – сама таямніца, бо яго дагэтуль не ўдалося культываваць у лабараторных харчавальных асяродках. Бактэрыя пры спрыяльных умовах можа гадамі захоўваць жыццяздольнасць па-за арганізмам гаспадара. Захварэць можна хутка, калі існуе генетычная ўспрымальнасць, і… праз гады сямейнага сужэнства. Па апошніх дадзеных, лепру могуць распаўсюдзіць нават рыбы, пацукі, каты, буйвалы, некаторыя віды малпаў, а таксама крывасмокчучыя. Хвароба развіваецца павольна. У некаторых можа павышацца тэмпература, адзначаецца слабасць, санлівасць, на скуры з’яўляюцца плямкі гіпапігментацыі, у іншых назіраецца атрафія мышцаў рук, язвы на нагах, страты фалангаў і згасанне зроку. Хвароба, якая так нечакана прывяла і яго да асабістай катастрофы, мае некалькі клінічных формаў, найбольш небяспечная з якіх – лепраматозная, потым больш дабраякаснай лічыцца туберкулоідная, і нявызначаная, якая ў асноўным сустракаецца ў дзяцей. Твар пры ёй становіцца падобным на маску, развіваецца параліч.
Читать дальше